Падпольны СССР
Нягледзячы на тое, што Савецкі Саюз фармальна сканаў 20 гадоў таму, дагэтуль існуюць арганізацыі, якія прэтэндуюць на тое, каб лічыцца пераходным савецкім урадам.
Нягледзячы на тое, што Савецкі Саюз фармальна сканаў 20 гадоў таму, дагэтуль існуюць арганізацыі, якія прэтэндуюць на тое, каб лічыцца пераходным савецкім урадам.
Галоўным падмуркам для існавання такога кшталту «ўрадаў» з’яўляецца прававы нюанс, звязаны з сакавіцкім рэферэндумам 1991 года. Тады грамадзянам СССР па ініцыятыве
Гарбачова прапанавалася адказаць на пытанне: «Ці лічыце Вы неабходным захаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой
будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці?»
У рэферэндуме, які адбыўся 17 сакавіка 1991 года, з 185,6 мільёна (80%) грамадзян СССР з правам голасу прынялі ўдзел 148,5 мільёна (79,5%); з іх 113,5 мільёна (76,43%) сказалі
«так». Ідэю не падтрымалі прыбалты і грузіны. Рэферэндум байкатавалі малдаване. У любым выпадку, большасць была відавочна за СССР, што некаторым чынам супярэчыла прынятым пасля
правалу путчу рашэнням рэспубліканскіх парламентаў пра выхад іх рэспублік са складу «адзінага і магутнага».
Палітолагі налічваюць 3–4 арганізацыі, якія прысвойваюць сабе функцыі часовага ўраду СССР. Найбольш сістэмна тут працуе Рух грамадзян СССР, створаны ў 1995 годзе на базе Усесаюзнай
камуністычнай партыі бальшавікоў Ніны Андрэевай.
Вось галоўныя тэзы ўстаноўчай Дэкларацыі Руху грамадзян СССР: «Вярхоўным носьбітам улады і дзяржаўнага суверэнітэту ў СССР з’яўляўся (і працягвае заставацца) савецкі народ як
супольнасць грамадзян СССР. З моманту самаліквідацыі апошняга па часе саюзнага кіраўніцтва, — якая з’явілася вынікам яго ўласных здрадлівых учынкаў, — улада і суверэнітэт у
СССР належаць непасрэдна савецкаму народу. Інстытутамі, якія ўяўляюць у дадзены момант Савецкі народ, з’яўляюцца З’езд грамадзян СССР і ўтвораныя ім органы, роўна як органы Савецкай
улады, што аднаўляюцца на месцах і ў цэнтры ў адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР. Акты, якія выдаюцца З’ездам грамадзян СССР і яго выканаўчымі органамі, абавязковыя для канструктыўнага
разгляду ўсёй сусветнай супольнасцю, усімі суб’ектамі міжнароднага права, што прызнавалі СССР і мелі з ім звычайныя міждзяржаўныя зносіны. Сказанае адносіцца таксама да рэжымаў кіравання,
якія ўзніклі на тэрыторыі СССР».
Дэкларацыя заканчваецца заклікам: «Савецкія людзі, аб’ядноўвайцеся! Пры Руху існуе Вярхоўны Савет СССР, які рэгулярна збіраецца і нават прымае законы».
Аднак найбольш прыкметная групоўка, якая лічыць сябе савецкім урадам, — Пастаянны прэзідыум З’езда народных дэпутатаў СССР (ППСНД СССР) — палітычная грамадская арганізацыя,
якая прэтэндуе быць вышэйшым органам улады адноўленага ў будучым СССР.
Арганізацыя была створана 17 сакавіка 1992 года на так званым «VI З’ездзе народных дэпутатаў СССР», на якім прысутнічала меней за 200 з 2250 народных дэпутатаў СССР, як
«орган улады» Савецкага Саюза, які не прызнае Белавежскія дамовы.
Старшынёй Пастаяннага прэзідыума была абрана вядомая напачатку 1990-х Сажы Умалатава. Магчыма, некаторыя дасюль памятаюць Умалатаву — чачэнку, электразваршчыцу па прафесіі, дэпутата
Вярхоўнага Савета СССР двух апошніх скліканняў. Яна запомнілася сваім выступам 17 снежня 1990 года на 4-м з’ездзе народных дэпутатаў СССР, калі падвергла рэзкай крытыцы палітыку прэзідэнта
СССР і генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова і звярнулася да яго з заклікам сысці ў адстаўку. У 1991 годзе Умалатава выступіла супраць абрання Барыса Ельцына прэзідэнтам РФ. У 1993-м яна
была сярод абаронцаў Вярхоўнага Савета. Сярод іншых прыкметных лідараў ППСНД СССР Алксніс і Макашоў.
Нягледзячы на тое, што да пачатку нашага стагоддзя Пастаянны прэзідыум практычна згарнуў працу, ён прапісаўся ў аналах гісторыі. Усё дзякуючы ўзнагароднай дзейнасці.
У канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў недзяржаўныя арганізацыі РФ атрымалі права засноўваць уласныя ўзнагароды, узнагароджваць імі каго заўгодна. Свае ўзнагародныя сістэмы стварылі казацкія
аб’яднанні, цэрквы, палітычныя партыі, культурныя саюзы і г.д. Гэтыя ўзнагароды ў пераважнай большасці не ўступалі ў супярэчнасць з дзяржаўнай узнагароднай сістэмай РФ. Яны, як грамадскія ці
ведамасныя падсістэмы, толькі канкрэтызавалі і дапаўнялі яе.
Пад старшынствам Умалатавай ППСНД СССР кінуў выклік рэжыму Ельцына, аднавіўшы ўзнагароджанні знакамі з сімволікай дзяржавы, якая спыніла сваё існаванне. З іншага боку, афіцыйныя ўлады РФ, замест
таго, каб спыніць альтэрнатыўную ўзнагародную дзейнасць, «не заўважалі» аж да 2002 года. У выніку на фоне безуладдзя правакавалася імітацыя двоеўладдзя.
З 1994-га да канца 1999 года Умалатава ўзнагароджвала ордэнамі і медалямі СССР, якія захаваліся на манетных дварах (мяркуючы па ўсім, яны былі выкуплены ППСНД СССР), а таксама прысвойвала грамадзянам
РФ ганаровыя званні СССР, напрыклад, «Народны артыст СССР». Калі ордэны, медалі і знакі савецкай чаканкі скончыліся, пачалі чаканіць іх копіі з некаштоўных металаў. Так адбылося,
напрыклад, з ордэнам Леніна.
На гэтым актыўнасць Умалатавай і яе кампаніі не прыпынілася. Былі заснаваныя 14 экзатычных юбілейных медалёў. Вось некаторыя іх назвы: «80 гадоў ВЧК-КДБ», «120 гадоў І.В.
Сталіну». У дадатак прэзідыум ахвотна раздаваў вайсковыя званні.
Трэба прызнаць той факт, што шматлікія ветэраны вайны і працы з радасцю прымалі ўзнагароды ППСНД СССР і пры гэтым часам адмаўляліся ад дзяржаўных узнагарод РФ. І наадварот, некаторыя ветэраны сталі
звяртацца ў Мінюст і Генпракуратуру за растлумачэннямі, мяркуючы, што дзейнасць ППСНД СССР дыскрэдытуе савецкую ўзнагародную сістэму і вядзе да абясцэньвання ўзнагарод, выдадзеных у часы СССР. У
выніку ў красавіку 2002 года Мінюст РФ накіраваў прадстаўленне ў Генпракуратуру з просьбай прыняць меры. Мінюст РФ паведаміў, што Пастаянны прэзідыум З’езду народных дэпутатаў СССР
з’яўляецца «незарэгістраванай грамадскай арганізацыяй». Умалатава была папярэджана пра недапушчальнасць далейшай узнагароднай дзейнасці ППСНД СССР.
Пры ўсім сваім настальгічным утапізме, у 1990-я дзейнасць ППСНД СССР не была пазбаўлена грамадскага значэння. Аднак са зменай палітычнай кан’юнктуры шматлікія сябры Пастаяннага прэзідыума
сталі пуціністамі. Так, Умалатава ў 2001 годзе падтрымала палітыку прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, стварыўшы Агульнарасійскі грамадскі Рух у падтрымку палітыкі прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.
Цяперашні юбілей развалу СССР, безумоўна, стане імпульсам актывізацыі груповак, але надоўга куражу махаць сцягамі СССР у іх наўрад ці хопіць.