Узяць і ўсё падзяліць
Парламент Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР) падтрымаў законапраект аб бясплатнай нацыяналізацыі земляў белых. Белыя ў адказ задумаліся пра стварэнне сваёй аўтаноміі — так званай Volkstaat.
У прынцыпе, ідэя асобнай адміністратыўнай адзінкі для белых у ПАР не новая. Самае смешнае, што яе прыдумалі яшчэ ў часы апартэіду, калі белыя панавалі ва ўсіх сферах жыцця. Нашчадкам афрыканераў — каланістаў з Галандыі, не вельмі падабалася жыць побач з нашчадкамі каланістаў з Англіі. Так нарадзілася ідэя правінцыі Boerstaat, дзе будуць жыць толькі афрыканеры.
Напрыканцы 1980-х гадоў, калі крах апартэіду быў ужо відавочным, ідэю падобнай аўтаноміі, якая павінна была назвацца Volkstaat for Afrikaners, прапанавала адна з партый. Тая партыя з часам знікла з палітычнага пейзажу, аднак ідэя засталася. У 2010-м вядучае выданне афрыканераў правяло адпаведнае апытанне сярод сваіх прыхільнікаў. Паводле яго вынікаў, каля 70 працэнтаў рэспандэнтаў мелі намер пераехаць у Volkstaat, як толькі аўтаномія будзе абвешчаная. У 2015 годзе колькасць ахвочых выправіцца ў Volkstaat дасягнула 93 працэнтаў.
Канстытуцыя шматэтнічнай Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ўтрымлівае вельмі цікавы пункт. Паводле артыкулу 235, прадстаўнікі пэўнай этнічнай групы маюць права аўтаноміі на тэрыторыях, на якіх яны пражываюць. Праўда, якім чынам можна стварыць новую аўтаномію, Канстытуцыя не распавядае.
Тое, што Volkstaat пры такой папулярнасці дагэтуль не паўстала, напэўна, можна патлумачыць спецыфікай праблемаў белай камуны. Белыя паўднёвыя афрыканцы, як правіла, больш за ўсё пакутуюць ад крыміналу. Схавацца ад яго можна ў белых кварталах, якія цалкам ізаляваныя ад маргінальных раёнаў. І для таго, каб быў такі камфорт, ніякага Volkstaat не трэба. Акрамя таго, даўно (праўда, на правах прыватнай уласнасці), існуюць калоніі толькі для белых. Самая вядомая з іх — Аранія, дзе пражываюць каля 1500 чалавек.
Імпульсам для цяперашняга рэнесансу праекту Volkstaat стаў прыняты парламентам законапраект. Важны нюанс — ідэю канфіскацыі земляў белых без кампенсацый прапанаваў Джуліус Малема, лідар леварадыкальнай партыі «Змагары за эканамічную свабоду», якая мае ўсяго жменьку дэпутатаў. Аднак за прапанову прагаласавала група дэпутатаў ад вядучай у краіне партыі «Афрыканскі нацыянальны кангрэс» (ANС).
Раней ANC упарта сабатаваў падобныя праекты. Перад вачыма яго лідараў, напэўна, стаяў адмоўны досвед суседняй Зімбабвэ, дзе былы прэзідэнт Робер Мугабэ ў 2000-м правёў такую рэформу. Землі белых фермераў прымусова канфіскавалі і перадалі мясцовым карэнным жыхарам. Гэта прывяло да калапсу сельскагаспадарчай вытворчасці, што яшчэ больш паглыбіла эканамічны крызіс, выклікала байкот краіны з боку міжнародных арганізацый і фінансавых інстытутаў. Напэўна, нездарма адзін з першых законаў, які быў прыняты пасля звяржэння Мугабэ ў мінулым годзе, даў дазвол для белых фермераў браць зямлю ў арэнду на 99 гадоў.
Тое, што ANC пайшоў па шляху Мугабэ, тлумачыцца палітычным момантам. Зараз праз жудасную карупцыю ў кіраўніцтве партыя знаходзіцца ў крызісе. У мінулым месяцы пайшоў у адстаўку яе папярэдні старшыня і цяпер ужо экс-прэзідэнт Якаб Зума. Каб не даць рэйтынгу ANC канчаткова ляснуцца, яго пераемнік на пасадзе старшыні і прэзідэнта Сірыл Рамафоса ў інаўгурацыйнай прамове падтрымаў папулярную сярод чарнаскурых суайчыннікаў ідэю нацыяналізацыі зямель белых. Ініцыятыву ў народзе сапраўды віталі. Нагадаем, што пасля краху апартэіду белыя грамадзяне захавалі свае зямельныя надзелы, якія складаюць большасць зямельнага фонду краіны (85 працэнтаў).
Новы закон ставіць белыя калоніі накшталт Араніі пад пагрозу знішчэння. Цяпер усе землі каланістаў могуць быць канфіскаваныя. Натуральна, тут жа і прыгадалі пра Volkstaat. Адна з партый адразу ж стала рыхтаваць паперы, каб пачаць прававы працэс стварэння аўтаноміі. Ужо нават абраная тэрыторыя, дзе можа знаходзіцца новая адміністратыўная адзінка — гэта частка на захадзе краіны з выхадам да Атлантычнага акіяну. На думку аўтараў Volkstaat, альтэрнатывы аўтаноміі для белых няма. Як толькі пачнуцца канфіскацыі, у краіне выбухне грамадзянская вайна, якая ўжо трывае ў прыхаваных формах. У мінулым годзе падчас зямельных канфліктаў былі забітыя 76 чалавек.
Ці ператворацца дэбаты пра Volkstaat у нешта больш рэальнае, стане вядома ўвосень. 30 жніўня зямельны камітэт парламента павінен зацвердзіць канчатковыя фармулёўкі правак у Канстытуцыю наконт канфіскацыі. Пасля юрысты змогуць распрацаваць прававы механізм канфіскацый, што прымусіць белую грамаду неяк рэагаваць.
Праўда, некаторыя вераць, што ўсё абыдзецца. Калі скандальны закон пачнуць рэалізоўваць, краіна не пазбегне санкцый з боку МВФ або Сусветнага банку. Знешнія крэдыты — важная крыніца падтрымкі бюджэтнай стабільнасці ПАР, ад якой у тым ліку залежыць дабрабыт і апаратчыкаў ANC.