Песня, якая змяніла Італію
Пайшоў з жыцця вядомы італьянскі спявак Тота Кутуньё, аўтар славутай песні «L’italiano» (з італ. — «Італьянец»), якая, як лічаць некаторыя гісторыкі і культуролагі, змяніла Італію.
Песня «L’italiano» была напісаная Тота Кутуньё спецыяльна для новага альбома яго сябра Адрыяна Чэлентана, аднак апошні катэгарычна адмовіўся ад яе выканання, пра што пасля мільён разоў пашкадаваў.
Кутуньё (на той момант вядомы хутчэй не як спявак, а як кампазітар) задумаў песню пасля свайго канцэрта ў канадскім Таронта. Атмасфера горада натхніла яго на стварэнне песні, прысвечанай італьянскім эмігрантам.
Тэкст песні былі напісаны яго блізкім суаўтарам таго часу Крыштыяну Мінелана (Cristiano Minellono), які ў сваю чаргу атрымаў творчы імпульс, дзякуючы назве праграмы Buongiorno Italia на французскім канале Canale 5 (фраза Buongiorno Italia, што ў перакладзе значыць «Добры дзень, Італія», некалькі разоў паўтараецца ў тэксце песні). Першапачаткова створаная Кутуньё і Мінелана песня называлася «Con quegli occhi di italiano» («З гэтымі італьянскімі вачыма»).
Так ці інакш, пасля таго, як Чэлентана адмовіўся выконваць песню «L’italiano», рабіць гэта давялося аднаму з аўтараў, а менавіта Тота Кутуньё. У 1983 годзе кампазіцыя была запісана на студыі і ў тым жа годзе прадстаўлена на 33-м Фестывалі італьянскай песні ў Сан-Рэма. Афіцыйна па выніках галасавання журы песня заняла 5-е месца, аднак паводле «народнага» галасавання «Totip» песня «L’italiano» упэўнена выйграла конкурс.
І гэта стала толькі пралогам трыўмфальнага шэсця «L’italiano» па ўсім свеце. Хаця на той момант паўсюль у Еўропе ўжо дамінавала англамоўная музыка, песня выйшла ў лідары ў музычных чартах Францыі, Швейцарыі і Партугаліі. Кавер-версія пад назвай «Я фін» у тым жа годзе стала хітом у Фінляндыі.
Пазней адаптаваныя варыянты песні L’italiano спявалі ў Нідэрландах, Ізраілі, Венгрыі, Індыі, В'етнаме Бразіліі, Францыі і г.д. У савецкай тэлевізійнай праграме для аматараў італьянскай мовы яе асновы вывучалі менавіта на аснове разбору тэксту песні. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што «L’italiano» на цяперашні момант увогуле самая вядомая італьянская песня ў свеце.
З цягам часу аказалася, што дадзеная кампазіцыя, таксама з'яўляецца адным з самых значных сацыяльна-культурных феноменаў італьянскай эстрады. Справа ў тым, што адзіная італьянская нацыя — з'ява дастаткова новая. Стагоддзямі цяперашнія італьянцы жылі ў абсалютна розных дзяржавах і ўвогуле любілі паваяваць адзін з адным. Умоўнага карэннага сіцылійца з такім жа ўмоўным турынцам звязвае вельмі мала агульнага. Розная гісторыя, розная культура, розная мова і яшчэ цэлы спіс усяго рознага.
Але адначасова з існаваннем рэгіянальных забабонаў ішоў і працягваецца працэс фармавання італьянскай ідэнтычнасці, якую падзяляе ўся нацыя ад Мілана да Палерма. Агульныя для ўсіх італьянцаў моманты відавочна ўключаюць футбольны турнір Seria A, нацыянальныя газеты Corriera della Sera і La Gazzetta dello Sport (надрукаваная чамусьці на ружовай паперы), тэлебачанне Rai 1, той самы музычны фестываль у Сан Рэма і народжаная на ім італьянская эстрада. Менавіта ўсе гэтыя дэталі ў сваёй песні згадвае Кутуньё.
У сваёй песні Тота Кутуньё літаральна апісвае паводзіны стандартнага італьянца. Гэты італьянец п'е каву, есць спагеці, любіць нейкую Марыю (вобраз каханай жанчыны і Панны Марыі), мае аўтамабіль папулярнай маркі Fiat 600, які вечна знаходзіцца ў рамонце, захапляецца футболам…
Апісаўшы ўсе аспекты італьянскага быцця, Кутуньё падводзіць усё да агульнага назоўніка: sono un italiano, un italiano vero (іт: я італьянец, сапраўдны італьянец). Такім чынам, маўляў, быў сфарміраваны канон таго, што з нараджэння павінна быць знаёмае і зразумелае кожнаму італьянцу.
Велізарная папулярнасць песні мела таксама палітычныя наступствы. Вобраз італьянца, які паказваў грамадству Кутуньё, у прынцыпе не падобны на прадстаўніка працоўнага класа, актывіста кампартыі або прафсаюза. Хутчэй герой песні — дэпалітызаваны дробны буржуа.
Такім чынам, за кошт папулярнасці L’italiano дробнабуржуазныя каштоўнасці сталі ўспрымацца італьянцамі як нешта натуральнае. Гэта, безумоўна, грала на карысць правых партый. Не выпадкова газета Corriere Della Sera ў свой час назвала твор Кутуньё «маніфестам хрысціянскай дэмакратыі».
Зрэшты, калі мы паглядзім на палітычныя працэсы 80-х гадоў у Італіі, то маем канстатаваць, што гэта быў час далёка не трыумфу хрысціянскіх дэмакратаў. Хутчэй дэкада імклівай дыскрэдытацыі карумпаванай палітычнай эліты, частку якой складалі менавіта хрысціянскія дэмакраты.
Таму, магчыма, Тота Кутуньё не прыдумаў вобраз дэпалітазаванага сярэдняга італьянца, а хутчэй улавіў трэнд на тое, што яго суайчыннікі іранічна і нават часам з адчужэннем глядзяць на кіруючы палітычны клас. Магчыма, з часам песня дапамагла стварыць у грамадстве запыт для аперацыі «Чыстыя рукі» (іт. Mani pulite) — беспрэцэдэнтны комплекс паліцэйскіх мерапрыемстваў і судовых працэсаў у Італіі 1992-1993 гадоў, накіраваны супраць уплыву мафіі і, у тым ліку, незаконнага фінансавання перадвыбарных кампаній і подкупу.
У любым выпадку 22 жніўня 2023 года ўсе ключавыя італьянскія палітыкі ўсіх ідэалагічных азімутаў у сваіх спецыяльных заявах ушанавалі памяць вялікага кампазітара і выканаўцы.