Піначэт закончыўся. Ці чакаць у Андах «шведскага сацыялізму»?
Перамога Габрыэля Борыча на выбарах у Чылі азначае заканчэнне ў гісторыі краіны 50-гадовай эпохі, звязанай з Аўгуста Піначэтам і спадчынай яго дыктатуры.
Аўгуста Піначэт, прыйшоўшы пасля путчу да ўлады, запусціў у Чылі маштабную прыватызацыю. У прыватныя рукі перайшлі таксама і аўтобусныя кампаніі. Гэтая акалічнасць магла, як піша прэса, моцна паўплываць на вынікі выбараў прэзідэнта, якія прайшлі 18 снежня.
У дзень прэзідэнцкіх выбараў у Чылі была рэзка зніжана частата аўтобусных рэйсаў у бедных кварталах. Справа ў тым, што ўладальнікі аўтобусных кампаній падтрымлівалі правага кандыдата Хасэ Антоніа Каста і відавочна і хацелі знізіць яўку тых выбаршчыкаў, хто патэнцыйна мог прагаласаваць за яго канкурэнта. У выніку «сабатажу» на прыпынках сабраліся натоўпы людзей. Аднак план не спрацаваў. Многія ўладальнікі машын арганізавалі імправізаваную кампанію па бясплатным падвозе грамадзян да іх участкаў галасавання.
У тым ліку дзякуючы іх ініцыятыве новым прэзідэнтам стаў 35-гадовы левы студэнцкі лідар Габрыэль Борыч, які атрымаў прыкладна 55 працэнтаў галасоў. Касту выказалі падтрымку каля 44 працэнтаў.
Зрэшты вынік Каста безумоўна фенаменальны. Другім да фінішу кампаніі прыйшоў палітык адкрыта радыкальных поглядаў. Ён — 55-гадовы юрыст, сын афіцэра нямецкага вермахта, з'яўляецца заснавальнікам правай папулісцкай Рэспубліканскай партыі. На працягу многіх гадоў Каст выступаў супраць «гендарнай ідэалогіі», супраць феміністак, гомасексуалаў, левых і мігрантаў. Ён апраўдваў дыктатуру Піначэта і прымяншаў парушэнні правоў чалавека, здзейсненыя падчас яе.
Ідучы на гэтыя выбары ён пайшоў яшчэ далей, абяцаючы проста беспрэцэдэнтныя рэчы. Напрыклад, адмяніць закон, які дазваляе аборт жанчыне ў выпадку згвалтавання ці смерці плоду. Жадаў выключыць незамужніх жанчын з праграм сацыяльнага забеспячэння, дазволіць зняволенне людзей у турэмныя лагеры без судовай працэдуры.
Але цікава, што выбаршчык на гэты раз перастаў бачыць у Касце нейкі аналаг Жырыноўскага. Нечакана для ўсіх Каст змог заваяваць правы цэнтр. Пакуль збольшага гэта можна растлумачыць сітуатыўным крызісам правацэнтрыстаў. Нагадаем, што ў верасні іх лідару, які з'яўляўся кіраўніком дзяржавы, быў абвешчаны імпічмент за ўдзел у афшорных афёрах.
З іншага боку, страх перад магчымым ультраправым прэзідэнтам прымусіў левыя групы, грамадскія рухі і масавыя арганізацыі аб'яднацца ў падтрымку кандыдатуры Габрыэля Борыча. Як не дзіўна гучыць, але яму дапамагла смерць 93-гадовай удавы Піначэта Люсіі Хірыарт за тры дні да выбараў. Яе смерць для многіх сімвалізавала набліжэнне канца эпохі, звязанай з дыктатурай. Засталося толькі паставіць канчатковую кропку — прыйсці і прагаласаваць за Борыча.
Дарэчы, яго праграма вельмі смелая. Борыч хоча рэфармаваць прыватызаваную пенсійную сістэму, увесці агульнае дзяржаўнае медыцынскае страхаванне, умацаваць сістэму дзяржаўнай адукацыі і больш інвеставаць у мастацтва і культуру. Таксама Борыч хоча абкладаць кампаніі больш высокімі падаткамі. Адным словам, новаабраны прэзідэнт хоча пабудаваць у Андах «шведскі сацыялізм».
Ці зможа новы чылійскі гарант рэалізаваць задуманае?
Адзін з вядучых постсавецкіх лацінаамерыканістаў Алег Ясінскі (дарэчы, ён доўгі час жыў у Чылі), нягледзячы на відавочныя сімпатыі да Борыча, асцярожна ацэньвае перспектывы яго кадэнцыі. «Не думаю, што перамога Борыча здольная вырваць Чылі з капіталістычнай парадыгмы развіцця. Але яна ўтрымае краіну ў дэмакратычных канстытуцыйных рамках і спыніць напужаны сацыяльнымі выступамі і гатовы да рэваншу аўтарытарызм», — напісаў Ясінскі ў сваім Фэйсбуку.