Пяць краін, у якіх людзі гадамі адстойвалі сваю свабоду — і ўрэшце перамаглі
Узгадаем пра пяць выпадкаў, калі людзі добрай волі гадамі не адчайваліся — і ўрэшце дабіліся свабоды для сваёй краіны.
У чарговую гадавіну выбараў-2020 «Люстэрка» вырашыла нагадаць, што адчай людзей і іх адмова ад імкнення да справядлівасці — гэта найлепшы саюзнік для дыктатараў і тыранаў.
Шмат прыкладаў перамог прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў дэманструюць краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Тады адзін за адным тут падалі камуністычныя рэжымы, што страцілі падтрымку з боку СССР, які цярпеў агонію. Гэтыя выпадкі мы пакінулі за дужкамі. І раскажам пра тыя, калі шматгадовая барацьба грамадстваў супраць дыктатур прыводзіла да поспеху не ў сувязі з падзеннем магутных заступнікаў апошніх.
Уругвай
У сярэдзіне XX стагоддзя Уругвай быў вядомы як «лацінаамерыканская Швейцарыя» дзякуючы даўняй, як на свой рэгіён, стабільнасці, сфармаваным дэмакратычным традыцыям і высокаму ўзроўню эканамічнага развіцця. У 1973 год у краіне, якая плошчай трохі саступала Беларусі (181 тысяча квадратных кіламетраў), жыло 2,8 мільёна чалавек. Прыкладна палова з іх, 1,4 млн, засяляла сталіцу, Мантэвідэа.
Галоўнымі элементамі палітычнага ландшафту Уругвая больш за стагоддзе былі партыя Каларада (чырвоныя) і Нацыянальная партыя (белыя). Унутры абедзвюх было шмат разнастайных фракцый, што забяспечвала талерантнасць грамадства да розных меркаванняў. Аднак палітычнае жыццё краіны не было ідылічным. З канца 1950-х гадоў радыкальныя левыя палітычныя сілы Уругвая з’ядналіся вакол Руху за нацыянальнае вызваленне — Тупамарас (Movimiento de Liberacion Nacional — Tupamaros, MLN-T). Пад уплывам нядаўніх на той момант падзей на Кубе MLN-T хацела займець уладу над Уругваем з дапамогай сацыялістычнай рэвалюцыі.
У выніку левы экстрэмізм пацярпеў паразу, але ў 1973 годзе да ўлады ва Уругваі прыйшла ультраправая цывільна-вайсковая дыктатура. Новы прэзідэнт Хуан Бардаберы ў ёй фармальна захаваў сваю ўладу, але фактычна перадаў яе вайскоўцам, з дапамогай якіх раней змог разграміць левых радыкалаў з MLN-T.
Пасля гэтай перамогі вайсковыя ўлады не абмежаваліся арыштамі экстрэмістаў-тупамарас і іх прыхільнікаў. Пад удар рэпрэсій трапілі чальцы і прыхільнікі камуністычнай і сацыялістычнай партый, прафсаюзныя дзеячы, журналісты — і ўсе астатнія, каго можна было хоць у нечым западозрыць. У турмы трапіла і частка вайскоўцаў, у тым ліку 20 афіцэраў, якія ў 1971 годзе пакляліся абараняць канстытуцыю ў выпадку вайсковага перавароту.
Хунта не замарочвалася фармальнасцямі накшталт ордараў на арышт. Узброеныя сілавікі проста ўрываліся ў дамы і зводзілі чалавека, надзеўшы яму на галаву мяшок. Абавязковай працэдурай пасля арышту былі катаванні. Затрыманых мучылі, пакуль яны не давалі патрэбных паказанняў. Былі выпадкі, калі асабліва зацятых катавалі да смерці. Некаторыя зняволеныя здзяйснялі суіцыд. Пад арыштам да суда людзей маглі трымаць колькі заўгодна доўга, а адвакатаў да іх пускалі толькі пасля таго, як яны ва ўсім «прызнаваліся». Пры гэтым саміх юрыстаў, якія займаліся справамі палітвязняў, хунта таксама пераследавала. Частка з іх трапіла за кратамі, частка — эмігравала.
Зняволеных было так шмат, што праз недахоп турмаў іх трымалі ў вайсковых казармах. На піку колькасць палітвязняў у невялікім Уругваі сягнула 5 тысяч чалавек. З разліку на душу насельніцтва гэта стала сумным сусветным рэкордам. Усяго ж за няпоўныя 12 гадоў дыктатуры (з чэрвеня 1973 года да лютага 1985-га) праз турмы прайшло каля 60 тысяч іншадумцаў — больш за 2% насельніцтва краіны. Рэкордных значэнняў сягнула і эміграцыя: за час кіравання хунты з Уругвая з палітычных і эканамічных прычынз уцякло прыкладна 10% насельніцтва, то-бок каля 300 тысяч чалавек.
Суддзі прызначалі палітвязням тэрміны на 5−30 гадоў, а ў асобных выпадках — да 45. Калі асуджаны наважваўся падаць апеляцыю, суд звычайна павялічваў тэрмін зняволення. Чалавека, які аспрэчыў прысуд, маглі вярнуць у казармы для затрыманых, дзе яго чакалі новыя катаванні.
Нягледзячы на рэпрэсіі і тэрор з боку дзяржавы, вайскова-цывільная дыктатура Уругвая так і не змагла цалкам здушыць супраціў з боку грамадзян. Каб засцерагчы сябе, улады ў адкрытую ўзялі лідараў тупамарас у закладнікі і папярэдзілі, што пакараюць іх смерцю ў выпадку любога выступлення. Дзевяцярых закладнікаў, у тым ліку заснавальніка руху Рауля Сэндзіка, трымалі ў сакрэтнай турме ў маленькіх адзіночных камерах без вокнаў. Іх кепска кармілі, пазбаўлялі сну, збівалі і катавалі. Зрэдку выводзілі на шпацыр — з завязанымі вачыма і звязанымі рукамі. Гэтыя дзевяць чалавек заставаліся закладнікамі рэжыму ўвесь час дыктатуры.
З 1973 да 1985 год ва Уругваі хунта ці яе прыхільнікі з маўклівай згоды ўладаў забілі 122 чалавекі. Лёс яшчэ 197 праціўнікаў рэжыму дагэтуль не вядомы — іх лічаць «дэсапарэсідас» («зніклымі»). Спрабуючы здушыць любы намёк на супраціў, улады актыўна пераследавалі іншадумцаў-уругвайцаў і за мяжой. За 12 гадоў у суседніх з Уругваем краінах спецслужбы выкралі каля 180 эмігрантаў. Амаль усе яны былі забітыя ці «зніклі».
І ўсё ж хунта не змагла татальна кантраляваць грамадства, нават паставіўшы сумныя рэкорды па колькасці палітвязняў і эмігрантаў. Для захавання ілюзорнай стабільнасці ёй давялося радыкальна павялічыць колькасць сілавікоў: з 40 тысяч да 100 тысяч чалавек у перыяд з 1970 да 1980 года.
За час кіравання хунты вайскоўцы змянілі трох цывільных прэзідэнтаў, апошні з якіх, Апарысіа Мендэс, вырашыў надаць дыктатуры больш легітымнасці з дапамогай рэферэндуму.
У 1980 годзе запалоханым грамадзянам Уругвая прапанавалі для галасавання папраўкі ў канстытуцыю, якія мусілі ўзаконіць наяўную сістэму. У адпаведнасці з папраўкамі, Уругваем мусіў кіраваць прэзідэнт з шырокімі паўнамоцтвамі і Рада нацыянальнай бяспекі, укамплектаваная пераважна сілавікамі (у раздзеле пра перадгісторыю ўругвайскай хунты мы згадвалі, што гэты орган улады быў неканстытуцыйным). Кантраляваныя дзяржавай СМІ актыўна «падказвалі» людзям пагадзіцца на гэтыя папраўкі, якія юрыдычна яшчэ больш абмяжоўвалі іх свабоду. Мендэс і хунта былі настолькі ўпэўненыя ў сваёй перамозе, што дапусцілі сумленны падлік галасоў. І 57,2% уругвайцаў, якія прыйшлі на рэферэндум, прагаласавалі супраць.
Вынікі рэферэндуму паставілі пад сумнеў легітымнасць дыктатуры. У 1981 годзе шакаваная хунта прызначыла новага прэзідэнта — гэтым разам вайскоўца, генерала Грэгорыа Альварэса, які быў адным з актыўных удзельнікаў перавароту 1973 года. Але менавіта за яго часамі пачалася паступовая лібералізацыя краіны. Як мінімум часткова гэта было звязана з эканамічнымі няўдачамі ўругвайскіх уладаў. У 1982 годзе ВУП краіны абваліўся больш чым на 9%, а ўругвайскі песа дэвальваваўся адносна даляра на 149%.
У 1984 годзе ва Уругваі адбыліся ўсеагульныя выбары, да якіх улады дапусцілі не толькі традыцыйныя партыі чырвоных і белых, але і легалізаваны левы «Шырокі фронт», невялікую каталіцкую партыю «Грамадзянскі саюз» і тры маленькія партыі левага спектру. 1 сакавіка прадстаўніка партыі Каларада, якая выйграла дэмакратычныя выбары, Хуліа Сангінэці, прывялі да прысягі як прэзідэнта Уругвая. Яшчэ да яго інаўгурацыі з турмаў пачалі выпускаць першых палітвязняў — а пасля прывядзення Сангінэці да прысягі вызвалілі ўсіх астатніх.
Пакідаючы ўладу, вайскова-цывільная хунта Уругвая дамаглася прыняцця «Закона пра заканчэнне тэрмінаў», які вызваляў яе ўдзельнікаў ад адказнасці за большасць злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых у перыяд дыктатуры. Таму ў першыя дзесяцігоддзі пасля аднаўлення дэмакратыі ў краіне судзіць яе сябраў спрабавалі толькі за мяжой. Напрыклад, у Італіі, дзе ўдалося асудзіць на пажыццёвае зняволенне міністра замежных справаў Уругвая ў 1972−1976 гадах Хуана Бланка.
Але ў 2005 годзе абраны прэзідэнтам Уругвая лідар «Шырокага фронту» Табарэ Васкес вырашыў, што асобныя злачынствы, у тым ліку ўчыненыя за межамі Уругвая, не падпадаюць пад дзеянне «Закона пра заканчэнне тэрмінаў». А пазней гэты дакумент, які абараняў злачынцаў перыяду дыктатуры, наогул адмянілі. У 2006 годзе па абвінавачанні ў датычнасці да 12 забойстваў арыштавалі экс-прэзідэнта Хуана Бардаберы, які ў 1973 годзе прывёў да ўлады хунту ў якасці падзякі за расправу над сваімі палітычнымі праціўнікамі. Яшчэ праз два гады яго пазбавілі прэзідэнцкай пенсіі, а ў 2010-м асудзілі на 30 гадоў турмы за кіраўніцтва дзяржаўным пераваротам. Праўда, адседзеў ён нядоўга, памершы ў 2011 годзе.
У 2009 годзе на 25 гадоў турмы асудзілі апошняга прэзідэнта хунты, генерала Грэгорыа Альварэса. Яго прызналі вінаватым па 35 эпізодах забойстваў і парушэнняў правоў чалавека. Ён прабыў у турме дзевяць апошніх гадоў жыцця і памёр у снежні 2016 года. У 2009−2023 гадах ва Уругваі рэгулярна судзілі былых вайскоўцаў, паліцэйскіх і іншых удзельнікаў «эскадронаў смерці», якія мелі дачыненне да выкраданняў і катаванняў людзей. Як правіла, яны атрымлівалі тэрміны ад 12 да 30 гадоў турмы.
Пасля аднаўлення уругвайскай дэмакратыі выжылыя ў засценках хунты чальцы MLN-T выйшлі на волю. Атрымаўшы магчымасць удзельнічаць у дэмакратычных выбарах, яны адмовіліся ад экстрэмісцкіх метадаў барацьбы — і некаторыя з іх зрабілі бліскучую палітычную кар’еру. Так, Хасэ Мухіка, удзельнік налёту тупамарас на мястэчка Панда, які атрымаў падчас арышту шэсць раненняў, двойчы ўцёк з турмы і быў адным з тых самых дзевяці зняволеных, якіх хунта 12 гадоў трымала ў закладніках, у 2010−2015 гадах быў прэзідэнтам Уругвая. Ён атрымаў сусветную вядомасць як «самы сціплы прэзідэнт», што аддаваў на дабрачыннасць большую частку заробку і жыў не ў раскошнай рэзідэнцыі, а ў сціплым вясковым дамку з калодзежам замест цэнтральнага водазабяспечання.
Рэстаўрацыя дэмакратыі ва Уругваі і хаця б частковы трыумф справядлівасці ў дачыненні да сілавікоў сталі магчымымі толькі таму, што большасць уругвайцаў не страціла надзеі нават пасля доўгіх 12 гадоў беззаконня і дыктатуры. Дачакаўшыся зручнага моманту, яны не пабаяліся заявіць пра сваё меркаванне праз рэферэндум, пазбавілі вайсковую хунту нават прывіднай легітымнасці і вярнулі ў сваю краіну свабоду.
Партугалія
Аўтарытарная дыктатура Антоніу ды Салазара ў Партугаліі была адносна мяккай у параўнанні з іншымі — таталітарнымі — дыктатарскімі рэжымамі сярэдзіны XX стагоддзя. У адрозненне ад гітлераўскай Германіі ці сталінскага СССР, дзе многія людзі ледзь не штодня рызыкавалі жыццём, у Партугаліі 1933−1974 гадоў нават свабодалюбіваму чалавеку можна было жыць без пастаяннага пачуцця навіслай над табой небяспекі.
Тым не менш нават у гэтай адносна мяккай дыктатуры за 40 гадоў ахвярамі палітычных рэпрэсій сталі, паводле розных ацэнак, ад 1 да 20 тысяч чалавек. Паводле незалежных гісторыкаў, за гэты ж час у турмах памерла каля 60 палітвязняў. У краіне існаваў свой ГУБАЗіК — палітычная паліцыя ПІДЭ. Была ў Партугаліі часоў Салазара і цэнзура, якая старалася не дапускаць у газеты думкі, што супярэчылі «адзіна правільным».
Рэжым пазіцыянаваў дыктатара як выратавальніка краіны, што збярог Партугалію ад анархіі міжваеннага перыяду і не даў уцягнуць яе ў Другую сусветную. Ён паказваўся ўвасабленнем той самай стабільнасці, якую спрабуюць зрабіць сваім брэндам і цяперашнія беларускія ўлады. Але з часам Салазар усё мацней ускладняў працу ўласным прапагандыстам. Асабліва цяжка стала выстаўляць яго захавальнікам міру пасля таго, як Партугалія ўцягнулася ў цяжкія войны супраць паўстанцаў адразу ў трох сваіх калоніях: Анголе, Мазамбіку і Гвінеі. На піку ў іх удзельнічала каля 200 тысяч партугальцаў — а за ўвесь час кіравання Салазара ў Афрыцы служыў больш чым мільён чалавек (прыкладна кожны чацвёрты дарослы мужчына краіны).
Дыктатура Салазара не хапала зорак з неба і ў эканоміцы. Да канца эпохі «Новай дзяржавы» (так называюць час кіравання Салазара і яго паслядоўнікаў) Партугалія заставалася беднай, слабаразвітай, як на еўрапейскія меркі, краінай. У многіх яе раёнах яшчэ не было электрычнасці, дзіцячая смяротнасць заставалася адной з самых высокіх у Еўропе, у краіне нават не існавала агульнанацыянальнай сістэмы аховы здароўя. Але агульнае пасляваеннае аднаўленне Еўропы ўрэшце пачало адбівацца і на ёй.
Тым не менш пасляваенны еўрапейскі эканамічны бум дабраўся і да Партугаліі, што дапамагло сфармавацца партугальскаму сярэдняму класу. Пачынаючы з 1960-х гадоў каля 800 тысяч грамадзян краіны выязджалі вучыцца і працаваць у іншыя еўрапейскія краіны — у Францыю, Германію, Швейцарыю, Люксембург. Хтосьці з іх заставаўся ў эміграцыі, але тыя, хто вяртаўся ў Партугалію, выглядалі іншымі людзьмі. Пераняўшы еўрапейскі лад жыцця і еўрапейскія каштоўнасці, яны ў поўнай меры адчулі сябе еўрапейцамі.
Акрамя таго, рэжым Салазара і сам спрыяў пэўнаму сацыяльнаму прагрэсу. Імкнучыся атрымаць падтрымку ад грамадзян, ён, напрыклад, прыкметна зменшыў звыклую для традыцыйнай патрыярхальнай Партугаліі гендарную няроўнасць. У перыяд «Новай дзяржавы» партугальскія жанчыны атрымалі магчымасць адкрываць банкаўскія рахункі на сваё імя, падарожнічаць без дазволу мужоў. Для дзяўчат сталі даступныя школьная адукацыя і ўніверсітэты.
Партугальскі гісторык Жузэ Мігель Сардыка называе гэтую сітуацыю «драмай для кожнага дыктатара»: прагнучы стаць папулярным, ён вымушаны развіваць краіну і ствараць сярэдні клас. Але, спрыяючы стварэнню сярэдняга класа, дыктатар тым самым стварае тых, хто ўрэшце запатрабуе ад яго большага.
Назапасіўшыся, гэтыя нязначныя на першы погляд змены прывялі да таго, што ў 1960-х гадах партугальцы ўсвядомілі сябе як новае грамадства. І пачалі змагацца з рэжымам. Маладое пакаленне і народжаны сярэдні клас патрабавалі лібералізацыі і заканчэння каланіяльнай вайны. І паступова на іх бок перайшлі нават традыцыйныя апоры рэжыму Салазара — напрыклад, каталіцкая царква і ўніверсітэты.
У 1968 годзе Антоніу ды Салазар цяжка захварэў і запаў у кому. Аднак надзеі грамадства на хуткія перамены не апраўдаліся — уладу ўтрымалі яго прыхільнікі. Дыктатар нават паспеў на час выйсці з комы, і, каб пацешыць самалюбства кіраўніка, які захварэў на дэменцыю, для яго стваралі ілюзію, быццам краінай па-ранейшаму кіруе ён. Салазар падпісваў дакументы, раздаваў даручэнні падначаленым, для яго нават друкавалі спецыяльную газету ў адзіным экзэмпляры — толькі з добрымі (з пункту гледжання дыктатара) навінамі. І нават пасля смерці аўтакрата ў 1970 годзе доўгачаканыя перамены так і не надышлі.
Рэжым аказаўся ўстойлівым настолькі, каб перажыць смерць свайго заснавальніка. Улада засталася ў руках Марсэлу Каэтану — адданага паплечніка Салазара, які ў розны час быў міністрам замежных справаў, міністрам калоній і міністрам сувязі ў яго ўрадзе. Ён задумаў абнаўленне рэжыму «Новай дзяржавы», дадаўшы ў яго дробныя ліберальныя элементы. Кіраўнік дапусціў да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах 1969 года апазіцыю — праўда, не дазволіўшы ёй арганізавацца ў партыі. Праз гэта яму давялося весці сапраўдную электаральную кампанію. Таксама Каэтану наўпрост звяртаўся да нацыі з экранаў тэлевізараў — ноу-хау, неверагоднае для Салазара.
Прыхільнікі шматгадовага дыктатара ўтрымлівалі ўладу шэсць гадоў пасля яго фактычнага адыходу з пасады. Увесь гэты час Партугалія працягвала весці каланіяльныя войны, якія ў грамадстве да таго часу трывала асацыяваліся з кіроўным рэжымам. Стаміўшыся ад бясконцых канфліктаў, 25 красавіка 1974 малодшыя афіцэры партугальскай арміі арганізавалі адзін з самых незвычайных узброеных пераваротаў. Паўсталыя вайскоўцы карысталіся падтрымкай значнай часткі грамадства і, зрынуўшы Каэтану, не захапілі ўлады ў выглядзе вайсковай хунты, а перадалі яе народу. Партугальская «рэвалюцыя гваздзікоў» атрымалася амаль бяскроўнай — сярод прыхільнікаў рэжыму аказалася зусім няшмат тых, хто гатовы быў стаць на яго абарону. Толькі супрацоўнікі ПІДЭ адкрылі агонь па дэманстрантах, якія спрабавалі прарвацца ў будынак палітычнай паліцыі — і забілі чатырох чалавек.
Адным з першых указаў новая ўлада вызваліла ўсіх палітвязняў і расфармавала ПІДЭ. А Марсэлу Каэтану месяц пратрымалі пад арыштам на Мадэйры, пасля чаго выслалі ў Бразілію. Да канца сваіх дзён ён жыў у Рыа-дэ-Жанейра.
Адзначым, што «рэвалюцыя гваздзікоў» атрымалася толькі з другой спробы. Больш чым за месяц да яе, у сакавіку 1974 года, атрад з 200 салдат і афіцэраў таксама выправіўся да Лісабона, каб зрынуць Каэтану. Але адданыя рэжыму сілавікі спынілі аўтамабільную калону на подступах да сталіцы — і арыштавалі ўдзельнікаў няўдалага перавароту. Гэты поспех уладаў адыграў з імі злы жарт. Успрыняўшы яго як сведчанне сваёй устойлівасці, Каэтану і яго прыхільнікі зусім выпусцілі з-пад увагі падрыхтоўку новага, паспяховага, перавароту.
Паўднёвая Карэя
Большасць людзей паспела прывыкнуць да таго, што на Карэйскім паўвостраве існуюць дзве дзяржавы-антыподы: таталітарная КНДР на поўначы і Дэмакратычная Рэспубліка Карэя на поўдні. Але такімі дзве часткі краіны сталі далёка не адразу. Значную частку сваёй гісторыі Паўднёвая Карэя была пад уладай дастаткова жорсткіх аўтарытарных рэжымаў і канчаткова стала на дэмакратычныя рэйкі толькі ў 1987 годзе. Прычым адбылося гэта дзякуючы намаганням мясцовага грамадства, якое дзесяцігоддзямі не апускала рук і змагалася за свае правы і свабоды.
З 1945 да 1960 года Паўднёвая Карэя знаходзілася пад уладай аўтарытарнага прэзідэнта Лі Сын Мана. Канец яго кіраванню паклала Красавіцкая рэвалюцыя 1960 года, рухальнай сілай якой былі студэнты. Многія карэйцы лічаць гэтае паўстанне першым крокам на доўгім шляху да дэмакратыі.
Але ўжо ў 1961 годзе да ўлады ў выніку вайсковага перавароту прыйшоў генерал Пак Чон Хі. Надышла эпоха жорсткага, усё мацнейшага аўтарытарызму, які суправаджаўся хуткім эканамічным ростам. У 1972 годзе лідар хунты ініцыяваў «Рэформы адраджэння» для бестэрміновага падаўжэння сваёй улады, што прывяло да масавых пратэстаў незадаволеных дыктатурай грамадзян. Акрамя студэнтаў важную ролю ў гэтых пратэстах адыгралі паўднёвакарэйскія хрысціяне. Так, у 1974 годзе пяць карэйскіх біскупаў вывелі 5000 каталікоў на буйную дэманстрацыю супраць рэжыму ваеннага становішча, уведзенага прэзідэнтам Пакам.
Рэжым Пак Чон Хі выстаяў, але ў 1979 годзе дыктатара застрэліў кіраўнік паўднёвакарэйскай выведкі генерал Кім Джэ Гю. Пра матывы высокапастаўленага выведніка, якога пасля гэтага павесілі, дагэтуль спрачаюцца. Але многія карэйцы лічаць яго героем, які свядома паставіў крыж на 18-гадовай дыктатуры Пак Чон Хі.
Некалькі тыдняў пасля смерці дыктатара Паўднёвая Карэя, здавалася, рыхтавалася вярнуцца да дэмакратычнага кіравання. Але неўзабаве ўладу захапіла чарговая група вайскоўцаў пад кіраўніцтвам генерала Чон Ду Хвана. Праз краіну пракацілася хваля пратэстаў супраць гэтай узурпацыі, але ў траўні 1980 года новы дыктатар прадэманстраваў рашучасць што да ўтрымання ўлады любой цаной. У буйным горадзе Кванджу на паўднёвым захадзе краіны салдаты нацыянальнай гвардыі і дэсантнікі жорстка здушылі масавыя пратэсты супраць увядзення ваеннага становішча. Паводле розных ацэнак, вайскоўцы забілі ад 200 да 2000 чалавек. Каб хоць неяк апраўдаць гэтую разню грамадзян сваёй краіны, рэжым Чон Ду Хвана абвясціў паўстанцаў памагатымі камуністаў, магчыма, падтрыманых Паўночнай Карэяй.
Жорсткае здушэнне ўладамі пратэстаў у Кванджу толькі згуртавала паўднёвакарэйскіх прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў — і зменшыла і без таго недастатковую легітымнасць рэжыму. Бесперапынныя пратэсты і незадаволенасць сярэдняга класа змусілі Чон Ду Хвана ў 1987 годзе пакінуць прэзідэнцкую пасаду. Сваім пераемнікам на выбарах ён абвясціў адстаўнога генерала Ро Дэ У. Для таго рэкамендацыя ад непапулярнага дыктатара стала мядзведжай паслугай. Але ўрэшце ён здолеў дыстанцыявацца ад дыктатуры, абвясціў прыярытэтам прыняцце новай дэмакратычнай канстытуцыі і здолеў абысці двух апазіцыйных кандыдатаў, якія не змаглі пераадолець рознагалоссяў паміж сабой і раз’ядналі пратэсны электарат.
Прыйшоўшы да ўлады, Ро Дэ У выканаў свае абяцанні наконт паступовай палітычнай лібералізацыі і дэмакратызацыі. У Паўднёвай Карэі з’явілася абноўленая канстытуцыя, былі адноўленыя мясцовае самакіраванне і аўтаномія ўніверсітэтаў, а выбары прэзідэнтаў калегіяй выбаршчыкаў замянілі на непасрэдныя выбары грамадзянамі.
У 1993 годзе паўднёвыя карэйцы выбралі на пасаду кіраўніка сваёй краіны Кім Ён Сама — першага прэзідэнта, які не меў падтрымкі з боку вайскоўцаў. У 1990-х гадах Паўднёвая Карэя аднаўляла і развівала дэмакратычныя інстытуты і ператварылася да цяперашняга часу ў адну з трох самых дэмакратычных краін Азіі (у 2023 годзе яна саступала тут па індэксе дэмакратыі толькі Тайваню і Японіі).
Чылі і Грэцыя
Прыклады Уругвая, Партугаліі і Паўднёвай Карэі вельмі паказальныя, але далёка не адзіныя. Мы ўжо расказвалі пра тое, што барацьба супраць дыктатарскіх рэжымаў аказваецца асуджанай на няўдачу ў тым выпадку, калі грамадзяне такіх краін адчайваюцца і перастаюць верыць у магчымасць дэмакратычных пераменаў. У некаторых выпадках перамога дасягаецца хутка. Але нават падчас імклівай «рэвалюцыі гваздзікоў» у Партугаліі за амаль імгненным адхіленнем ад улады дыктатараў стаяла шматгадовая барацьба грамадзян супраць вайны і за свае правы. Яна і прывяла да з’яўлення праслойкі рашучых маладых афіцэраў, гатовых да актыўных дзеянняў супраць дыктатуры.
Часта грамадства гадамі актыўна выступае супраць дыктатуры. Барацьба чылійскай апазіцыі супраць рэжыму Аўгуста Піначэта ў Чылі доўжылася 17 гадоў. Унутры краіны дыктатару спачатку нават удалося здушыць усялякі супраціў, пабудаваўшы сетку канцлагераў для палітвязняў — праз іх прайшлі дзясяткі тысяч чалавек, а тысячы загінулі.
Але чылійскі супраціў актывізаваў працу за мяжой, здолеў знайсці там саюзнікаў — і вярнуўся ў краіну, змусіўшы Піначэта адмовіцца ад улады. Падрабязней пра гэта мы расказвалі ў асобным тэксце.
Іншы прыклад — Грэцыя. У 1967 годзе ў выніку вайсковага перавароту ўладу там захапіў рэжым «чорных палкоўнікаў». Толькі ў першы тыдзень пасля гэтага хунта арыштавала больш за 8000 чалавек. Новыя ўлады адну за адной адмянялі палітычныя свабоды грэкаў, ліквідавалі палітычныя партыі, а цывільныя суды замянілі вайсковымі. За настроямі грамадзян сачыла таемная паліцыя, прэсу кантралявала цэнзура, а любыя праявы іншадумства спыняліся. У турмах шматлікія палітвязні зазнавалі катаванні.
Грэцкае грамадства не змірылася з дыктатурай. Спачатку спробу контрперавароту зрабілі эліты пад кіраўніцтвам законнага кіраўніка краіны, караля Канстанціна II. Манарх паспрабаваў сабраць адданыя войскі на поўначы краіны і, абапіраючыся на іх, праз радыё звярнуўся да нацыі, заклікаючы не падпарадкоўвацца хунце. Аднак яго прыхільнікі зрабілі стаўку на бяскроўныя акцыі пратэсту і вяртанне ўлады мірным шляхам. «Чорныя палкоўнікі» перахапілі ініцыятыву і вымусілі Канстанціна пакінуць краіну. Лідар хунты Георгіяс Пападопулас сканцэнтраваў у сваіх руках велізарную ўладу, стаўшы адначасова прэм’ер-міністрам, міністрам абароны, міністрам замежных справаў і каралеўскім рэгентам.
Нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўладаў і паразу першай спробы скінуць вайсковы рэжым, грэкі працягвалі супраціўляцца дыктатуры. Каталізатарам антыдыктатарскіх пратэстаў сталі студэнты. Раз за разам яны выступалі супраць давання Міністэрству абароны права адвольна пазбаўляць непажаданых прадстаўнікоў моладзі адтэрміноўкі ад войска, супраць спробаў Пападопуласа ўзаконіць узурпацыю ўлады з дапамогай рэферэндуму, супраць затрымання ўдзельнікаў мітынгаў.
У лістападзе 1973 года студэнты пачалі сапраўднае паўстанне і занялі будынак Афінскага політэхнічнага ўніверсітэта. Прадстаўнікі факультэтаў стварылі Каардынацыйную раду і запатрабавалі суда над кіраўнікамі дыктатуры, аднаўлення дэмакратыі і выхаду Грэцыі з NATO. Афінян падтрымалі студэнты ў Салоніках і Патрах, да сталіцы выправіліся сяляне-пратэстоўцы. Душыць студэнцкі бунт «чорныя палкоўнікі» кінулі войска з танкамі. Здушыць пратэст вайскоўцы здолелі цаной вялікіх ахвяр — паводле розных ацэнак, былі забітыя ад 24 да 83 чалавек.
Аднак перамога рэжыму аказалася піравай. Ужо праз некалькі дзён, скарыстаўшыся палітычнай нестабільнасцю, Пападопуласа зрынуў іншы вацсковец, Дзімітрыс Ёанідзіс. Новы дыктатар паспрабаваў яшчэ мацней закруціць гайкі, узмацніў цэнзуру і рэпрэсіі супраць незадаволеных студэнтаў. Каб знізіць градус напружанасці ў грамадстве, ён паспрабаваў перамясціць яго ўвагу на замежную палітыку. Ёанідзіс уцягнуў Грэцыю ў падтрымку вайсковага перавароту на Кіпры, які ў выніку справакаваў турэцкае ўварванне на востраў. Краіна аказалася на мяжы вайны з Турцыяй, «чорныя палкоўнікі» абвясцілі мабілізацыю — але яе не падтрымалі ні насельніцтва, ні войска.
Пад уплывам пратэстаў і замежнапалітычных правалаў у ліпені 1974 года прызначаны раней хунтай «чорных палкоўнікаў» прэзідэнт Федон Гізікіз дамовіўся з часткай вайскоўцаў пра зняцце Ёанідзіса. У краіну запрасілі папулярнага былога прэм’ер-міністра Канстанцінаса Караманліса, які сабраў урад нацыянальнага адзінства. У снежні 1974 года ў Грэцыі прайшлі дэмакратычныя выбары. На рэферэндуме грэкі адмовіліся ад аднаўлення манархіі, таму краіна ператварылася ў парламенцкую рэспубліку.
На судовым працэсе над «чорнымі палкоўнікамі» Пападопулас паводзіўся задзірліва. Журналістаў ён запэўніў, што не прабудзе ў турме доўга. Але суд асудзіў яго, Ёанідзіса і двух іншых лідараў дыктатуры на смяротнае пакарання за дзяржаўную здраду і мяцеж. Пазней смяротныя прысуды замянілі на пажыццёвае зняволенне.
На аднаўленне дэмакратыі ў Грэцыі пасля вайсковага перавароту пайшло сем гадоў. Поспех стаў магчымым дзякуючы таму, што грэкі не адчаяліся пасля першых няўдач. І, дачакаўшыся «чорнага лебедзя» ў выглядзе правальнай кіпрскай авантуры, аднавілі законнасць у сваёй краіне.