Карбалевіч: Прэзідэнцкія выбары 2020 года змянілі траекторыю беларускай гісторыі

Фальсіфікацыя прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе стала пераломным момантам, які змяніў траекторыю беларускай гісторыі, сказаў польскаму агенцтву PAP палітолаг Валерый Карбалевіч.

img_3506_2_logo_2_logo.jpg_1.png

«Гэта быў пераломны момант, кропка, з якой пачаўся новы этап гісторыі краіны, магчыма, нават самая важная падзея ў гісторыі сучаснай Беларусі», — кажа Карбалевіч пра выбары 9 жніўня 2020 года і масавыя пратэсты, якія былі выкліканыя іх фальсіфікацыяй.

У 2020 годзе беларусы масава выйшлі на вуліцы — спачатку каб прадэманстраваць падтрымку апазіцыйных кандыдатаў, а затым пратэставаць супраць іх арышту і фальсіфікацыі выбараў. Улады абвясцілі пераможцам Аляксандра Лукашэнку, які ўжо кіраваў краінай 26 гадоў. Затым рэжым пачаў паслядоўна знішчаць апазіцыю, незалежныя СМІ і структуры грамадзянскай супольнасці.

«Для Лукашэнкі 2020 год — гэта траўма, якая працягвае вяртацца ў яго заявах і якая вызначыла яго дзеянні, у тым ліку масавыя рэпрэсіі, і вызначыла абраны кірунак палітыкі», — дадае аналітык.

Паводле яго ацэнак, у 2020 годзе Лукашэнка прыйшоў да высновы, што тое, што адбылося, — «вынік не зусім правільнай палітыкі, і што для захавання ўлады неабходная сур'ёзная трансфармацыя не толькі палітычнага рэжыму, але і ўсяго грамадства».

«Гэтая трансфармацыя працягваецца, і яе вектар — пераход ад аўтарытарызму да таталітарызму. Гэта датычыцца ўсіх сфер — у тым ліку палітычнага і эканамічнага жыцця. Яе элементам з'яўляецца жорсткі кантроль над усім грамадствам. Гаворка ўжо не ідзе пра барацьбу з апазіцыяй — цяпер, як і ў СССР, любы, хто думае інакш, — вораг і злачынец», — кажа Карбалевіч.

У знешняй палітыцы гэта змяненне азначае радыкальны і ідэалагічны паварот у бок Расіі, уключаючы падтрымку вайны на Украіне, у тым ліку дапушчэнне нападу з тэрыторыі Беларусі. «Беларусь цалкам уступіла ў глабальны палітычны канфлікт з Захадам. Цяпер можна сказаць, што гэты беларуска-расійскі саюз — гэта, па-першае, асабісты саюз Лукашэнкі і Пуціна, па-другое, інтэграцыя эканомік, сацыяльных сістэм, ідэалагічная інтэграцыя ў канструкт «рускага свету», — адзначае палітолаг.

У кантэксце вайны Расіі супраць Украіны гэта азначае, што на заходняй, паўночнай і паўднёвай межах Беларусі ствараецца «жалезная заслона». «Гэта ў прамым сэнсе жалезная заслона: на межах з Беларуссю ўзводзяцца бар'еры, будуюцца загароды і мінныя палі», — дадае Карбалевіч.


Глядзіце таксама

Яшчэ адным важным элементам з'яўляецца маштабная палітычная эміграцыя. Некалькі сотняў тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну. «У нас цяпер ёсць такі феномен беларускай дыяспары, якога раней не было. Гэтая дыяспара стала суб'ектам міжнароднай палітыкі, што шмат у чым прызнаецца заходнім светам», — падкрэслівае палітолаг. Гэта адна з праяваў глыбокага расколу, які адбыўся ў Беларусі і які «ўлада спрабуе выпхнуць за межы краіны».

У той жа час аналітык адзначае, што, нягледзячы на каласальны ціск дзяржаўнай машыны, «перарабіць беларускае грамадства не ўдалося, таму што яно адрозніваецца ад расійскага». Паводле слоў Карбалевіча, беларусы, нават тыя, хто сімпатызуе Расіі і яе наратыву, выступаюць супраць удзелу беларускага войска ў вайне. «На мой погляд, гэта быў ключавы фактар, які вызначыў, што (нягледзячы на падтрымку вайны, наданне тэрыторыі, інфраструктуры і г.д) Лукашэнка не задзейнічаў войска ў вайне ва Украіне», — кажа Карбалевіч. Ён адзначае, што сістэма ў Беларусі сёння характарызуецца сацыяльнай мабілізацыяй на аснове страху і моцнай персаналізацыі, залежнасцю ад «жыцця і кіравання аднаго чалавека».

Паводле звестак праваабаронцаў, з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года ў Беларусі затрымана да 50 тысяч чалавек. У цяперашні час каля 1400 чалавек лічацца палітычнымі вязнямі. Ні адзін з іх не быў уключаны ў нядаўні абмен зняволенымі паміж Расіяй і Захадам.

«На жаль, з аднаго боку, Беларусь цяпер не з'яўляецца прыярытэтнай кропкай сусветнай палітыкі. З пункту гледжаньня заходніх палітыкаў, у Беларусі няма асаблівай суб'ектыўнасьці. Карацей кажучы, яны лічаць, што лепш адразу размаўляць з Пуціным», — заключае Карбалевіч.