Помста каханкі

Пасля таго, як у французскіх кнігарнях з’явілася кніжка былой сяброўкі Франсуа Аланда, рэйтынг папулярнасці прэзідэнта канчаткова абваліўся. Аўтарка без асаблівых комплексаў называе Франсуа «каралём пустых словаў, пазёрства і падману».



000_par7965798.jpg

Як вядома, 4 верасня на паліцах французскіх кнігарняў з’явілася кніжка «Дзякуй за гэты момант» («Merci pour ce moment»), міма якой аўдыторыя папросту не магла прайсці. Валеры Трыервейлер апублікавала мемуары пра сумеснае жыццё з Франсуа Аландам

Яшчэ да выхаду кнігі ўсе ведалі, што яна выкліча скандал. Пра гэта сведчыў хаця б той факт, што кніга пабачыла свет усяго праз сем месяцаў пасля таго, як пара разарвала адносіны. Гэта быў не проста развод, а сапраўдная драма. Здрада Франсуа каштавала Валеры нервовага зрыву і шпіталю, дзе яна і пачала накідваць першыя старонкі мемуараў. 

У прадмове Валеры піша, што ўспрымала працу над кнігай як спробу радыкальна разарваць з мінулым. Без гэтага разрыву яна проста не ўяўляла, як зможа жыць далей. Праца над кнігай стала выратаваннем. Да таго моманту, як Валеры села за кнігу, ёй даводзілася жменямі есці заспакаяльныя таблеткі. Калі верыць прэсе, 235 старонак «Дзякуй за гэты момант» былі напісаныя ўсяго за некалькі тыдняў. Выдавецтва заплаціла за гэтую споведзь 600 тысяч еўра. 

У прынцыпе, Валеры Трыервейлер магла атрымаць і больш. Хадзілі плёткі, што агенты Аланда прапаноўвалі значна больш салідную суму ў абмен за тое, што кніга не пабачыць свет. Валеры, аднак, адмовілася, і больш таго, тэхнічна арганізавала ўсё такім чынам, каб у Елісейскім палацы не ведалі ні пра дакладную дату прэзентацыі кніжкі, ні пра яе змест. Таму прэс-сакратар Аланда папросту не ведаў, як каментаваць кампрамат на свайго боса. 

Непасрэдна на старонках кнігі Валеры знаёміць чытача з той часткай сваёй біяграфіі, калі яна і Аланд былі неразлучнай парай. Асобная частка прысвечаная 18-ці месяцам, якія яны разам правялі ў Елісейскім палацы пасля перамогі Аланда на выбарах прэзідэнта. 

Аднак па сутнасці «Дзякуй за гэты момант» нельга назваць проста мемуарнай літаратурай. Хутчэй, гэта мікст мемуараў і вострай публіцыстыкі. Аўтарка не шкадуе слоў, каб ачарніць былога грамадзянскага мужа. Без асаблівых комплексаў, яна называе Франсуа «каралём пустых словаў, пазёрства і падману». Відавочна, каб прынізіць папулярнасць прэзідэнта ў левых колах, Валеры ўзгадвае маналогі Аланда пра сацыяльныя праблемы. Як гаворыцца ў кніжцы, цяперашні прэзідэнт-сацыяліст кепска ставіцца да бедных суайчыннікаў, называючы іх «дурнямі».

Каварства Аланда, паводле кніжкі, папросту не ведае межаў. Вось ён збіраецца на тайнае рандэву з акторкай Жулі Гайе ў горад Туле. Каб у Валеры не ўзнікла падазрэнняў, Аланд расказвае ёй пра нейкую сустрэчу з выбаршчыкамі. Валеры хоча паехаць з ім. Тады напярэдадні ваяжу ёй раптам становіцца кепска. Як ужо, напэўна, здагадаўся чытач, гэта наш Франсуа з дапамогай нейкіх лекаў адправіў Валеры ў ложак, каб яна не замінала яго інтымным прыгодам. 

Дарэчы, дасталася і разлучніцы. Адзін з фрагментаў кніжкі распавядае пра тэлефонную размову Валеры і Жулі. Першая спытала, ці ёсць у суразмоўцы раман з яе грамадзянскім мужам. Жулі катэгарычна адмовіла гэта і запэўніла, што гатовая падаць у суд на любога, хто публічна будзе падазраваць яе ў спатканнях з Франсуа. «Як жа можна так хлусіць?» — не разумее аўтарка кнігі. 

Кампрамат на Аланда аказаўся настолькі брутальным, што нават праціўнікі сацыялістаў выказваюць думку, што Валеры перагнула палку. Напрыклад, старшыня Нацыянальнага фронту Марын Ле Пэн мяркуе, што абсалютна ненармальна вось такім чынам зводзіць асабістыя рахункі.

Не кажучы пра тое, што ў чытача ўзнікае лагічнае пытанне: як жа такая цудоўная жанчына, як Валеры, дазволіла такому нізкаму чалавеку, як Франсуа Аланд, восем гадоў дурыць ёй галаву?

o_merci_pour_ce_moment_facebook.jpg

Самы слабы блок публікацыі звязаны з маральным партрэтам аўтаркі. Усяму свету вядома, што Валеры звяла Франсуа ад Сегален Руаяль — маці яго двух дзяцей. Яшчэ адзін непрыемны эпізод звязаны з рашэннем Сегален не балатавацца ў прэзідэнты ў 2012 годзе, каб даць дарогу Аланду. Лічыцца, што яна адмовілася ад прэзідэнцкіх амбіцый пасля таго, як Аланд пагадзіўся парваць з Валеры і вярнуцца ў сям’ю. Аднак у выніку Франсуа яе падмануў, і, быццам, значную ролю ў яго канчатковым рашэнні адыграла Валеры. Дарэчы, Сегален раскрытыкавала кніжку, заявіўшы, што гэта поўнае трызненне. 

Праўда, Франсуа Аланду ад таго, што ў кнізе хапае супярэчнасцяў і фантазій, наўрад ці лепей.

Самае кепскае для Аланда, што кніжка імкліва узначаліла топ бестселераў у Францыі. Па памерах продажу яна абскакала сусветна вядомы эратычны раман «50 адценняў шэрага», французскі пераклад якога пабачыў свет у той жа час. 

У прынцыпе, чаго яшчэ было чакаць ад французаў? Але праблема ў тым, што публікацыя «Дзякуй за гэты момант» з’явілася ў вельмі цяжкі для прэзідэнта час: на вуліцы крызіс, урад пайшоў у адстаўку, усе чакаюць пачатку непапулярных рэформаў. Валеры са сваім пасквілем, падаецца, нанесла апошні ўдар. Рэйтынг Франсуа Аланда пасля выхаду твору былой сяброўкі скаціўся да 13 працэнтаў. Гэта абсалютны антырэкорд у гісторыі V рэспублікі. Дарэчы, крыніцы, блізкія да Елісейскага палацу, паведамляюць, што яго гаспадар, прачытаўшы «Дзякуй за гэты момант», ледзь таксама не адправіўся ў шпіталь.