Праблемы нафтавага брата

У Венесуэле прайшла дэвальвацыя нацыянальнай валюты — балівара. Апазіцыя сцвярджае, што дэвальвацыя стала знакавай падзеяй у гісторыі рэжыму.

Пачнём, аднак, з іншай сумнай навіны. 4 студзеня 2010 года пайшоў з жыцця былы прэзідэнт Венесуэлы Карлас Андрэс Перэс. Яго смерць дала шматлікім аналітыкам нагоду параўнаць палітычны лёс нябожчыка і цяперашняга прэзідэнта краіны.



50dd7100bcbd98c41b1179143a2325a4.jpg

У Венесуэле прайшла дэвальвацыя нацыянальнай валюты — балівара. Апазіцыя сцвярджае, што дэвальвацыя стала знакавай падзеяй у гісторыі рэжыму.
Пачнём, аднак, з іншай сумнай навіны. 4 студзеня 2010 года пайшоў з жыцця былы прэзідэнт Венесуэлы Карлас Андрэс Перэс. Яго смерць дала шматлікім аналітыкам нагоду параўнаць палітычны лёс нябожчыка і цяперашняга прэзідэнта краіны.
Карлас Андрэс Перэс (або, як яго, называлі CAP) двойчы займаў прэзідэнцкую пасаду: у 1974–1979 і ў 1989–1993 гадах. Аднак якімі рознымі былі першая і другая кадэнцыя.
У 1970-я гады, пакуль на біржах трымаліся высокія цэны на нафту, краіна перажывала сапраўдны эканамічны бум. Венесуэла літаральна купалася ў грошах. Мясцовая эліта ўзяла ў звычку штотыдзень лятаць на шопінг у Маямі. Стартавалі сацыяльныя праграмы (Перэс быў сацыял-дэмакратам). Апафеозам залатога веку стала будаўніцтва ў Каракасе метрапалітэну.
У сваю чаргу, Карлас Перэс, які быў адным з аўтараў Арганізацыі дзяржаў — імпарцёраў нафты (АПЕК), ператварыўся ў аднаго з вядучых палітыкаў Заходняга паўшар’я. Ён дазволіў сабе гуляць у антыамерыканскія гульні: сябраваў з Кастра, дапамагаў нікарагуанскім сандыністам і падтрымліваў панамцаў у намаганні ўзяць пад кантроль зону Панамскага каналу — на той час яна была пад адміністрацыяй ЗША.
Кантрастам на фоне першай выглядала другая прэзідэнцкая кадэнцыя Перэса. Нізкія сусветныя каціроўкі на нафту прымусілі яго ўвесці план бюджэтнай эканоміі і ўзняць кошты на транспарт, у тым ліку на метро — яго любімы праект. Гэты выклікала вулічныя пратэсты (г. зв. Caracazo), у выніку якіх было забіта некалькі соцень чалавек. Пасля пачаліся змовы вайскоўцаў. У адной з іх, дарэчы, прыняў удзел малады палкоўнік Уга Чавес. У выніку імпічменту Перэс страціў пасаду прэзідэнта і нават быў арыштаваны за крадзеж з дзяржаўных фондаў. Памёр былы гарант канстытуцыі ў эміграцыі ў Фларыдзе.
Па словах каментатараў, цяперашні Чавес усё больш пачынае нагадваць позняга Перэса. Найбольшым, аднак, ударам па папулярнасці ўраду Чавеса стала дэвальвацыя нацыянальнай валюты 30 снежня. У выніку рэформы, пра якую народ, зразумела, не ведаў, курс балівара да долару з 2,15 вырас да 2,6 ці 4,3 (у залежнасці ад віду транзакцый). Курс 2,6 усталяваны для жыццёва важных галін, такіх, як ахова здароўя, харчовая прамысловасць, навука і тэхніка, прамысловае і сельскагаспадарчае машынабудаванне, а таксама для закупаў дзяржаўнага сектара і грашовых пераводаў для студэнтаў і пенсіянераў, што знаходзяцца за мяжой. Быў усталяваны таксама новы абменны курс, названы «нафтавы долар», — 4,3 балівара за долар, што ў два разы вышэй, чым ранейшы афіцыйны курс. Гэты курс будзе ўжывацца ў аўтамабільнай прамысловасці, гандлі, тэлекамунікацыях, хімічнай, тэкстыльнай і металургічнай прамысловасці, інфарматыцы, вытворчасці пластмас, электрабытавой тэхнікі, а таксама ў некаторых іншых галінах.
Эксперты ўжо падлічылі, што нацыянальная валюта гэтай лацінаамерыканскай краіны абясцэнілася на 17% і 50% адпаведна ў залежнасці ад відаў згаданых транзакцый.
Яшчэ ў маі мінулага года ўрад забараніў насельніцтву набываць долары ў валютчыкаў. Каб набыць «зялёныя», грамадзянін павінен быў ісці ў дзяржаўны банк, дзе валюта прадавалася па афіцыйным курсе. Прычым сума пакупкі была абмежаванай, а каб яе здзейсніць, трэба было мець спецыяльную даведку з адпаведнай дзяржаўнай установы.
Натуральна, гэта выклікала рост чорнага валютнага рынку. Наўрад ці дэвальвацыя кардынальна выправіць сітуацыю. Аўтарытэтнае агенцтва «Bloomberg» са спасылкай на групу «Goldman Sachs Group Inc» піша, што снежаньскай дэвальвацыі занадта мала, каб скараціць бюджэтны дэфіцыт. На думку эканамістаў, балівар застаецца занадта пераацэненым: напярэдадні «мянялы» прадавалі долар за 5 балівараў. Спецыялісты чакаюць, што бліжэйшым часам краіна папросіць новыя пазыкі ў шэрагу амерыканскіх банкаў.
Зразумела, адразу ж быў зафіксаваны рост коштаў на тавары і дэфіцыт валюты. Чавес ужо прыгразіў спекулянтам суровым пакараннем. Увогуле, за мінулы год тэмпы інфляцыі ў краіне былі вельмі адчувальнымі. Кошты на асноўныя прадукты харчавання выраслі амаль на 30 працэнтаў. Нават Цэнтральны банк прызнае, што Венесуэла — самая вялікая ахвяра крызісу сярод вялікіх нацый Лацінскай Амерыкі.
На думку апазіцыі, апошнія падзеі з’яўляюцца знакавымі ў гісторыі рэжыму, які аказаўся не здольны пабудаваць эфектыўную эканамічную мадэль. Стан эканомікі адразу адбіўся на палітычных настроях. Толькі за адзін апошні месяц 2010 года ў краіне мелі месца некалькі гучных акцый сацыяльнага пратэсту. У дадатак на вуліцы выйшлі студэнты і выкладчыкі.
Пакуль ніякіх рэцэптаў для выратавання сітуацыі ва ўраду няма. 95 працэнтаў экспарту краіны складае нафта. Ёсць вялікія складанасці з прыцягненнем замежных інвестыцый. Пасля цэлай кампаніі па нацыяналізацыі прыватных прадпрыемстваў і ўвядзення згаданага вышэй цвёрдага кантролю за абменам валюты ў замежнага бізнэсу няма магчымасці рэпатрыяцыі прыбыткаў. У выніку замежныя кампаніі не праяўляць жадання інвеставаць. Сітуацыю выратоўваюць толькі дамовы з Расіяй і Кітаем, аднак Пекін і Масква гатовыя ўкладаць грошы не ў індустрыю, а ў здабычу карысных выкапняў.
Сам лідар Баліварскай рэвалюцыі, між тым, мае намер і далей будаваць сацыялізм. Эканамічныя катаклізмы ён спісвае на наступствы прыроднай катастрофы — серыю трапічных навальніц, ахвярамі якой стаў аграрны сектар шэрагу правінцый і 130 тысяч чалавек, што сёння пазбаўленыя даху над галавой. Менавіта для барацьбы з наступствамі той прыроднай стыхіі Чавес запрасіў ад парламенту на 18 месяцаў дадатковыя паўнамоцтвы. Ён атрымаў іх два тыдні таму.
Апазіцыя сцвярджае, што дадатковыя паўнамоцтвы патрэбныя Чавесу для падрыхтоўкі прызначаных на наступны год прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер ужо, пасля дэфолту, складана прагназаваць іх вынік. Агульную ўвагу выклікалі нядаўнія словы аднаго з прыдворных генералаў пра тое, што «армія можа не прызнаць выбары, па выніках якіх Чавес прайграе». Міжнародная арганізацыя Саюз Амерыканскіх Дзяржаў адразу выступіла з крытыкай гэтай заявы. У сваю чаргу, Чавес даў таму вайскоўцу новы больш высокі чын.