Прыдумай сабе сцяг

Вулічныя беспарадкі ў Белфасце, выкліканыя рашэннем прыбраць з будынка ратушы сцяг Вялікабрытаніі, рэанімавалі дыскусію пра неабходнасць новай сімволікі для Паўночнай Ірландыі, якая б здолела задаволіць пратэстантаў і каталікоў.



pressfoto_1071273_small.jpg

Цяпер сцягам Паўночнай Ірландыі з’яўляецца сцяг Вялікабрытаніі, які часта называюць «Юніян Джэк». Гэта не значыць, што ў Паўночнай Ірландыі ніколі не было сваёй сімволікі. «Юніян Джэк» стаў сімвалам рэгіёна ў 1972 годзе, калі Лондан з-за росту міжэтнічнай напружанасці распусціў урад у Белфасце і ўвёў прамое кіраванне. Адсюль узяўся і брытанскі сцяг.

1(1).png

Дагэтуль у якасці сімвалу Паўночнай Ірландыі выкарыстоўваўся сцяг, базавым знакам якога была выява адкрытай далоні — так званая «Чырвоная рука». З гэтым знакам звязана шмат цікавых кельцкіх легендаў. Паводле адной з іх, гэта рука паганскага бога Нуаду. Паводле іншага міфу, два каралі змагаліся за права кантролю над землямі Ірландыі, і ўмовай барацьбы было пераадолець водную плынь і першым дакрануцца рукой да берагу. Дзеля перамогі адзін з каралёў падчас заплыву адрэзаў сабе руку і кінуў яе на бераг.

Спачатку «Чырвоная рука» актыўна выкарыстоўвалася ірландскімі нацыяналістамі. Напрыклад, мы можам знайсці гэтую выяву ў сімволіцы нацыяналістычных прафсаюзаў пачатку ХХ стагоддзя. Аднак у час дэбатаў наконт аўтаноміі для Ірландыі «Чырвоная рука» стала сімвалам лаялістаў, або, як іх яшчэ называюць, юніяністаў — прыхільнікаў знаходжання Паўночнай Ірландыі ў складзе Вялікабрытаніі. У 1924 годзе на базе гэтага сімвалу і быў створаны афіцыйны сцяг правінцыі.

Пасля таго, як у 1972 годзе «Чырвоную руку» пазбавілі статуса афіцыйнай сімволікі, яе прыватызавалі лаялісты. У праграмах іх палітычных партый утрымліваецца патрабаванне вярнуць сцяг у якасці правінцыйнай сімволікі. Праўда, сцяг з рукой захавала нацыянальная футбольная зборная Паўночнай Ірландыі. Падчас спартовых гульняў Брытанскай садружнасці атлеты з Паўночнай Ірландыі таксама маршыруюць пад гэтым сімвалам.

2.png

Зразумела, «Чырвоная рука» радыкальна не задавальняе каталікоў. Яны выкарыстоўваюць у якасці сімвалу Паўночнай Ірландыі трыкалор Ірландскай Рэспублікі, тым самым даюць зразумець, што Ірландыя павінна быць выключна адзінай. У іх папулярны і зялёны сцяг з выявай арфы.

Гэты сцяг нарадзіўся ў час ірландскага паўстання 1789 года, а ў ХІХ стагоддзі стаў адным з галоўных сімвалаў ірландскіх нацыяналістаў. Менавіта Green Ensign (так называюць гэты сцяг) лунаў у цэнтры Белфаста падчас славутага антыбрытанскага паўстання на Вялікдзень у 1916 годзе.

Некаторыя фракцыі ірландцаў выступаюць пад сцягам, які называецца «Сцяг узыходу». Ён быў створаны на аснове сюжэтаў кельцкай міфалогіі. З той жа оперы «Сцяг сузор’я Вялікага Каўшу» — выява зорак на сінім полі. Аказваецца, сузор’е Вялікі Коўш добра назіраць у небе менавіта ў Ірландыі. Праўда, нягледзячы на такую рамантычную канцэпцыю сцяга Вялікага Каўшу, часцей за ўсё, яго пускалі ў ход радыкальныя сацыялісты.

Падпісанне паміж каталікамі і пратэстантамі Пагаднення Добрай Пятніцы ў 1998 годзе натхніла шмат каго на стварэнне новай рэгіянальнай сімволікі. Тым больш, што адзін з пунктаў пагаднення патрабаваў «стварэння ў будучым сімвалаў, якія б выклікалі павагу ў кожнага з былых удзельнікаў канфлікту». Хутка быў прапанаваны шэраг праектаў.

У архівах знайшлі сімволіку, якая прэзентавала рэгіён яшчэ да апошняга канфесіянальнага канфлікту і якая быццам бы не мае ідэйнай нагрузкі.

3.png

Напрыклад, Сцяг Святога Патрыка (мал. 3). Сцяг уяўляе сабой чырвоны крыж на белым фоне, які, у сваю чаргу, ёсць знакам патрона Ірландыі — Святога Патрыка. Аднак тут узніклі супярэчнасці. Справа ў тым, што сувязь дадзенага сцяга са старажытнай Ірландыяй і Святым Патрыкам не даказаная. Крыж выкарыстоўваецца ў ордэне Святога Патрыка, заснаваным у 1783 годзе каралём Георгам III, а пасля ўніі Вялікабрытаніі і Ірландыі сімвалізуе Ірландыю на сцягу Вялікабрытаніі. З гэтай прычыны сцяг Святога Патрыка не прызнаюць шматлікія ірландскія нацыяналісты, бо бачаць у ім падробку брытанскіх каланізатараў.

Напрыканцы 1990-х гадоў да стварэння сцяга для Паўночнай Ірландыі падключылася і славутае радыё ВВС. Яго журналісты вырашылі ўзяць «Чырвоную руку» і проста паставіць яе ў цэнтр чырвонага крыжа на жоўтым полі.

Аднак дызайн не спадабаўся жыхарам Паўночнай Ірландыі. Таксама правалілася распрацоўка Інстытуту сцягоў (ёсць такая ўстанова ў Вялікабрытаніі): макет на аснове знака «Чырвоная рука» быў адмоўна сустрэты каталікамі як занадта лаялісцкі.

4_doc.png

У выніку некаторыя дызайнеры плюнулі на старадаўнюю геральдыку і проста прапанавалі сцяг з выявай мапы Паўночнай Ірландыі. Дарэчы, па такой формуле створаныя сцягі Косава і Кіпра. Ідэю горача падтрымала ліберальная партыя «Альянс», іншыя ж палітычныя сілы Паўночнай Ірландыі, на зло канкурэнтам, раскрытыкавалі прапанову. Край зноў застаўся без сцяга.

Апошнія падзеі рэанімавалі старую дыскусію. На Facebook створаны цэлы акаўнт, удзельнікі якога намагаюцца прыдумаць для Паўночнай Ірландыі новы штандар. Хапае і арыгінальных варыянтаў. Напрыклад, некаторыя прапануюць проста ў адной частцы сцяга Паўночнай Ірландыі адлюстраваць брытанскі сцяг, а ў другой — ірландскі. І вашым, і нашым.

Праўда, у конкурсах такога кшталту ёсць адна асаблівасць. Не факт, што радыкальныя нацыяналісты з абодвух лагераў пагодзяцца на кампраміс. Справа не ў тым, што яны такія ўжо фанаты знака «Чырвоная рука» або трыкалору. Вось як газета «The Guardian» апісвае палітычную культуру маладых пратэстантаў — удзельнікаў цяперашніх пратэстаў у Паўночнай Ірландыі: «Яны — рабочы клас і маргіналы, выключаныя з палітыкі вядучых юніянісцкіх партый. Не звяртаюць увагу на сацыяльную дэградацыю, адказнасць за якую лаялісцкая моладзь часта перакладае на каталікоў. Аднак патрабаванні пратэстоўцаў абсалютна не рэальныя. Напрыклад, аднаўленне прамога кіравання з Лондану або адмена мірнага Пагаднення Добрай Пятніцы».

З улікам такога прымітыўнага ўзроўню палітычнай культуры пратэстоўцаў-радыкалаў, нельга спадзявацца на нейкі сур’ёзны і канструктыўны дыялог, у тым ліку і наконт новай сімволікі. Пытанне са сцягам Паўночнай Ірландыі зноў застаецца адкрытым.