Ірак: выбар пасля выбараў

Выбухі ў цэнтры Багдада 4 і 6 красавіка прагучалі якраз тады, калі прадстаўнікі чатырох партый, што перамаглі на парламенцкіх выбарах, пачалі кансультацыі наконт будучага прэм’ера. Але да тэрактаў у Іраку прызвычаіліся. Калі да гэтага ўвогуле можна прызвычаіцца...

Перамога кааліцыі



e069ea4c9c233d36ff9c7f329bc08ff1.jpg

Выбухі ў цэнтры Багдада 4 і 6 красавіка прагучалі якраз тады, калі прадстаўнікі чатырох партый, што перамаглі на парламенцкіх выбарах, пачалі кансультацыі наконт будучага прэм’ера. Але да тэрактаў у Іраку прызвычаіліся. Калі да гэтага ўвогуле можна прызвычаіцца...
Перамога кааліцыі
Сярод насельніцтва 27-мільённай краіны дамінуюць арабы (55 працэнтаў — шыіты, але сунітаў, на якіх абапіраўся рэжым Садама Хусейна, таксама нямала — 18,5 працэнта), на поўначы вялікім анклавам пражываюць курды (21 працэнт, пераважна суніты). Кожныя выбары робяцца выпрабаваннем нацыянальна-рэлігійнага міру. Не сталі выключэннем і парламенцкія выбары 7 сакавіка гэтага года.
Цікава адзначыць, што выбары ў Іраку таксама праходзяць з датэрміновым галасаваннем. 5 сакавіка на ўчасткі прыйшоў 850-тысячны кантынгент іракскай арміі і сіл бяспекі, што мусіў ахоўваць спакой у асноўны дзень выбараў, упершыню без падтрымкі амерыканскага 150-тысячнага корпусу. І, як пагаджаюцца назіральнікі, даў рады — лічба ў 30 выбухаў і 38 ахвяр у дні галасавання меншая, чым у першыя парламенцкія выбары 2005 года. У суботу 6 сакавіка іракцы галасавалі і за мяжой — у 16 краінах. 7 сакавіка — усе астатнія. Яўка аказалася рэкорднай і ўзорнай нават для краін традыцыйнай дэмакратыі — 62 працэнты.
Пасля падліку, што цягнуўся да 26 сакавіка, пераможцам, насуперак прагнозам, стала апазіцыйная кааліцыя былога прэм’ера (2004–2005), шыіта Айяда Алаўі і «Аль-Іракія», якая пазіцыянавала сябе як ліберальна-патрыятычны свецкі блок шыіцкіх і суніцкіх партый. Яна атрымала 91 месца, упершыню ў гісторыі краіны засведчыўшы перавагу сілы, якая не дэкларуе канфесійных прыярытэтаў. Спробы прыцягнуць на свой бок сунітаў менш паспяхова рабіла і пераважна шыіцкая кааліцыя дзейснага прэм’ера Нуры аль-Малікі «Дзяржава закона» (на чале з яго ўласнай партыяй «Даава» і шэрагам такіх уплывовых асоб, як міністры нафтавай прамысловасці Хусейн аль-Шахрыстані і абароны Махамед аль-Мафрджы).
Лаяльны галоўнай знешняй сіле, ЗША, як і Алаўі, аль-Малікі, аднак, прадстаўляе традыцыяналісцкую сілу, што абапіраецца на ідэю канфесійнага і нацыянальнага падзелу ўлады і больш схільны да арыентацыі на шыіцкі тэакратычны Іран. Вынік аль-Малікі — 89 галасоў — падштурхнуў яго выказаць патрабаванні да Вышэйшай выбарчай камісіі наконт перападліку бюлетэняў уручную. Яго падтрымаў іракскі прэзідэнт-курд Джалаль Талабані, мяркуючы дамагчыся згоды між групоўкамі. Аднак кіраўнік камісіі Фарадж аль-Хайдары, апелюючы да прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці, якія не заўважылі ў выбарчым працэсе сур’ёзных парушэнняў, адказаў адмовай.
Трэцяе месца ўзяў шыіцкі блок «Нацыянальны іракскі альянс» Амара аль-Хакіма, у які ўвайшлі і колішнія прыхільнікі ваеннага супрацьстаяння заходнікам з «арміі Махдзі» Муктады аль-Садра — 70 месцаў. Чацвёртае — курдскія партыі, аб’яднаныя па нацыянальным прынцыпе ў Курдскі спіс, — 43.
Асаблівасці выбараў па-іракску
Дэвід Петрэус, галоўнакамандуючы сіламі кааліцыі ў Іраку з лютага 2007 па 2008 год, заўважыў: «Іракратыя — іракская форма дэмакратыі — абсалютна новая з’ява, але яна не пазбаўлена станоўчых рысаў». Галоўнае — палітычныя гульцы вымушаны мець дачыненні з электаратам, ствараць канкурэнтнае палітычнае поле. Тое-сёе падаецца смешным і дзівацкім — масавая раздача ежы, тавараў шырспажыву кшталту спартовага абутку ці тэлефонных картак, што практыкавалі ўсе канкурэнты, — не былі расцэнены як подкуп выбарцаў менавіта з-за ўсеагульнасці ўжывання гэтага ходу.
З другога боку, упершыню на выбарах у Іраку партыі ішлі не закрытымі спісамі з імёнамі лідэраў, а адкрытымі для кожнага выбарца персаналізаванымі табліцамі ўдзельнікаў кожнай кааліцыі. Гэтыя вялікія лісты мы бачылі на экранах у рэпартажах з Іраку. Аўтарытэт асобных кандыдатаў дазволіў шыітам часам галасаваць за сунітаў і наадварот, пераадольваючы канфесійны падзел. Да выбараў падключыліся пераважна суніцкія раёны Анбар, Масул, Кіркук, Салах-эд-Дзін. Суніты і ваенізаваная шыіцкая групоўка аль-Садра вярнуліся ў палітычны працэс, што складала сутнасць «дактрыны Петрэуса» па далучэнні прадстаўнікоў гэтых груповак да адміністрацыйнага кіравання ў рэгіёнах.
Аднак ніводная з груповак не атрымала рашучай перамогі на выбарах, іх лідэры варагуюць паміж сабой, і гарантыі стабільнасці не існуе. Ці зможа адзін з бакоў мірна сысці ў апазіцыю? Пакуль і аль-Малікі, і Алаўі дэкларуюць гатоўнасць будаваць кааліцыйны ўрад у супрацоўніцтве з Нацыянальным іракскім альянсам і Курдскім спісам і падтрымліваць надалей мірныя стасункі з краінамі рэгіёна. Але прафесар Каірскага універсітэта і кіраўнік аддзела лонданскага Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў па Блізкім Усходзе Маамун Фандзі выказваецца скептычна: «Дэмакратыя — плод, які не расце ў пустыні, арабская дэмакратыя і сама магчымасць яе існавання — нахабная няпраўда і самападман».
Што будзе
Іракскае заканадаўства прадугледжвае фармаванне новага ўраду кааліцыяй-пераможцай за 30 дзён. У выпадку беспаспяховасці намаганняў ініцыятыва перадаецца наступнай сіле. Праблема ў тым, што поспех можа быць дасягнуты толькі пры ўмове наяўнасці на баку кіруючага блоку не менш 163 месцаў у парламенце. І Алаўі, і аль-Малікі давядзецца дамаўляцца з іншымі — кансенсус паміж лідэрамі малаверагодны.
Амерыканцы, якія заплацілі за сваё знаходжанне ў Іраку жыццём ужо 4400 салдат і адным трыльёнам долараў, магчыма, аддалі б перавагу кааліцыі на чале са свецкім блокам Алаўі «Аль-Іракія». Гэта задавальняе і суніцкія сілы, якія ўпершыню з часоў Садама могуць вярнуцца да ўдзелу ў кіраванні краінай. Але ў палітыцы Алаўі ёсць відавочная хіба — яго свецкі падыход базуецца на арабскім нацыяналізме, што ставіць пад сумнеў спакойныя адносіны з трэцяй сілай — курдамі. Вяртанне сунітаў наўрад ці задаволіць шыіцкіх радыкалаў, пра што сведчыць рост гвалту ў Іраку апошнімі днямі.
Праблемы будуць узнікаюць у любым выпадку. Пераход ініцыятывы па фармаванні кабінета да аль-Малікі коштам большай прыхільнасці да яго з боку Курдскага спісу і Нацыянальнага іракскага альянсу (у апошнім багата былых паплечнікаў аль-Малікі) цалкам верагодны. Абодва блокі падтрымлівалі ініцыятыву аль-Малікі па пераліку галасоў. Такі паварот выкліча масавую незадаволенасць сунітаў, якім па «плане Петрэуса» амерыканцы абяцалі спрыянне ў замен за адмову ад тэрарыстычнай дзейнасці і падтрымку ў барацьбе з «Аль-Каідай».
Агульныя задачы
Хто б ні стаў на чале новага іракскага ўраду, патрэбна будзе вырашаць няпростыя задачы. Па-першае, пазбаўленне ад спадчыны войнаў з Іранам (1980–1988) і Кувейтам (1990–1991), якое дапаможа зняць з Ірака абмежаванні па самастойным гандлі нафтай, накладзеныя ААН. Для Ірака, другой з краін ОПЕК па запасах нафты, гэта пытанне надзвычай важнае. Па-другое, вяртанне баяздольнасці арміі да поўнага вываду амерыканскіх войск. Па-трэцяе, рэалізацыя бягучага бюджэту ў 74,5 мільярда долараў, з прыярытэтамі па ліквідацыі беспрацоўя і адбудове энергасістэмы краіны. І, нарэшце, аднаўленне даверу міжнародных партнёраў у распрацоўцы нафтавых багаццяў, каб павысіць штодзённы экспарт нафтапрадуктаў з 2,5 да 12 мільёнаў барэляў.
Балючая кропка — правядзенне восенню гэтага года перапісу насельніцтва і вызначэнне рэферэндумам лёсу багацейшай на нафту правінцыі Кіркук. Яе магчымы адыход да Курдыстана пагражае расколам краіны. І Алаўі, і аль-Малікі кажуць пра далейшую дэмакратызацыю Ірака і ператварэнне яго ў мадэль дэмакратычнага грамадства на Блізкім Усходзе. Але не забудзем пра адно з палажэнняў папулярнай тэорыі «сутыкненне цывілізацый» Самуэля Хантынгтана — для краін мусульманскага свету мадэрнізацыя зусім не абавязкова цягне вестэрнізацыю.

Алі Абед Алі, Алесь Лях


---------------------------------------------------------------------------------


Даведка:
Айяд Алаўі нарадзіўся ў Багдадзе ў 1944 годзе, атрымаў медыцынскую адукацыю ў Багдадскім універсітэце, эміграваў. У 1989 годзе стварыў апазіцыйную групу, вярнуўся ў Ірак у ліпені 2003 года. Прэм’ер у Часовым урадзе, пры якім абраны Устаноўчы сход, што распрацаваў новую Канстытуцыю. Галоўны ініцыятар вяртання іракцаў-бежанцаў на радзіму.