Расія крадзе ва Украіны прыродныя рэсурсы на дзясяткі трыльёнаў долараў — Washington Post
Расія крадзе не толькі ўкраінскае збожжа і метал, але таксама захапіла тэрыторыі, багатыя карыснымі выкапнямі, якія раней былі асновай украінскай эканомікі.
![Фота dumskaya.net Фота dumskaya.net](/img/v1/images/picturepicture_164556113479697996383579_36350.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота dumskaya.net
Журналісты The Washington Post (WP) адзначылі, што львіная доля вугальных радовішчаў, якія цягам дзесяцігоддзяў забяспечвалі найважнейшую сталеліцейную прамысловасць Украіны, сканцэнтраваная на ўсходзе краіны, на тэрыторыях, акупаваных Масквой, піша ўкраінская рэдакцыя РБК.
«Расія атрымала кантроль над некаторай часткай зямель, якія лічацца ў Еўропе найбагацейшымі на карысныя выкапні. Ва Украіне знаходзяцца адны з найбуйнейшых у свеце запасаў тытанавай і жалезнай руды, радовішчы нявыкарыстанага літыю і велізарныя запасы вугалю. У сукупнасці яны каштуюць дзясяткі трыльёнаў долараў», — гаворыцца ў артыкуле.
Цяпер жа Расія хоча запусціць эканоміку на захопленых украінскіх тэрыторыях — для гэтага яна паспрабуе наладзіць здабычу руды і нават аднавіць працу металургічнага заводу ў Марыупалі. Зрэшты, эксперты, апытаныя The Washington Post, упэўненыя, што ў РФ гэта не атрымаецца.
![Харчаванне выкарыстоўваецца Расіяй як зброя Харчаванне як зброя. Расія ўзяла ў закладнікі мільёны людзей у свеце — Блінкен](/img/v1/images/pole_nebo_zerno.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Расія будзе імкнуцца ажывіць эканоміку на захопленых тэрыторыях — і можа паспрабаваць аднавіць здабычу карысных выкапняў і вытворчасць сталі, як гэта, відаць, было зроблена на адным з двух буйных металургічных заводаў у захопленым Марыупалі. Аднак Крэмль сутыкнецца са значнымі лагістычнымі праблемамі, у тым ліку з адсутнасцю доступу да папярэдніх пакупнікоў. Да таго ж, малаверагодна, што Расія зможа прыцягнуць неабходныя для здабычы карысных выкапняў інвестыцыі», — падкрэслівае The Washington Post.
Варта адзначыць, што група амерыканскіх чыноўнікаў і аналітыкаў ISPR, якая займаецца дакументаваннем рабаванняў Расіі на тэрыторыі Украіны, апублікавала справаздачу, дзе сабраныя доказы як мінімум 50 выпадкаў рабавання Расіяй украінскага металу і збожжа.
Паводле інфармацыі гэтай групы, такое марадзёрства парушае адразу тры артыкулы Жэнеўскай канвенцыі. Аднак магчымасць прыцягнуць агрэсара да адказнасці захоўваецца: цяпер група прапрацоўвае юрыдычныя механізмы, якія дазволяць Украіне атрымаць у якасці рэпарацый замарожаныя актывы Расіі ў ЗША.
Нагадаем, Расія ўжо скрала і вывезла ў Растоў мінімум тры караблі металу, вырабленага на камбінатах «Азоўсталь» і «ММКІ» групы «Метінвест», а яшчэ сем караблёў, гружаныя металам, гатовыя да адплыцця.
У сваю чаргу, украінскі бок заклікае міжнародных партнёраў не купляць метал сумнеўнага паходжання, які прадае Расія, і адразу паведамляць пра факты такога продажу.
![Вываз збожжа з захопленых украінскіх тэрыторый падрывае харчовую бяспеку ў свеце. Расійскія вайскоўцы вывозяць збожжа з захопленых украінскіх тэрыторый](/img/v1/images/zbozza_1.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, як пісаў НЧ месяц таму, намеснік міністра развіцця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Украіны Тарас Высоцкі распавёў, што расійскія вайскоўцы вывозяць збожжа для пасеву і выпечкі хлеба з Запарожскай, Херсонскай, Данецкай і Луганскай абласцей: «На момант фактычнай акупацыі на гэтых тэрыторыях было каля паўтара мільёна тон збожжа», — нагадаў ён.