Расія не пярэчыць падаўжэнню збожжавай здзелкі. Але з умовамі
«Расійскі бок, адзначаючы пакетны характар прапанаваных генсакратаром ААН Антоніу Гутэрышам стамбульскіх дамоўленасцяў, не пярэчыць чарговаму падаўжэнню чарнаморскай ініцыятывы пасля заканчэння другога тэрміну 18 сакавіка, але толькі на 60 дзён», — заявіў пасля кансультацый РФ-ААН у Жэневе намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Вяршынін.

Скарачэнне тэрміну здзелкі са 120 дзён, як раней, да 60 залежыць, па словах, Вяршыніна, ад таго, як «не на словах, а на справе» будзе яна рэалізоўвацца.
Вяршынін адзначыў, што Расія будзе настойваць на аднаўленні працы аміякаправода з Тальяці ў Адэсу і на «нармалізацыі» расійскага сельскагаспадарчага экспарту — у яго вялікія праблемы праз санкцыі ў дыяпазоне ад лагістыкі да правядзення плацяжоў праз заходнія банкі.
Нагадаем, што збожжавая здзелка была заключана ў мінулым годзе паміж Расіяй, Украінай, Турцыяй і ААН. Яна прадугледжвае адкрыццё калідора па Чорным моры для экспарту ўкраінскай сельгаспрадукцыі. Расія ж у рамках угоды патрабуе змякчэння санкцый.
Тэрмін дзеяння збожжавай ініцыятывы мінае 18 сакавіка. Падаўжэнне ўгоды падтрымлівала ААН.
