Разведка: Заўтра Расія рыхтуе правакацыю на АЭС. Персанал з «Расатама» пакінуў станцыю

Рускія захопнікі нечакана зрабілі выхадны на Запарожскай атамнай станцыі. Прадстаўнікі «Расатама» ўжо ў тэрміновым парадку пакінулі станцыю.

yadernyj_vzryv_1.jpg

Расія рыхтуе на заўтра, 19 жніўня, правакацыю на Запарожскай АЭС. Пра гэта заявілі ў Галоўным упраўленні разведкі Украіны.

«Акупанты абвясцілі нечаканы "выхадны" на Запарожскай атамнай станцыі. 19 жніўня на ЗАЭС будзе знаходзіцца толькі аператыўны персанал. Усім астатнім супрацоўнікам уваход будзе закрыты. Таксама вядома, што прадстаўнікі "Расатама", якія ў апошні час пастаянна знаходзіліся на станцыі, тэрмінова пакінулі тэрыторыю аб'екта», — паведамілі ў ГУР.

Таксама адзначаецца, што адначасова ў Мінабароны РФ заявілі пра нібыта падрыхтоўку «тэракту» з боку УСУ. У паведамленні рускага боку гаворыцца, што падчас візіту ва Украіну генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрэша рыхтуецца рэзанансная правакацыя, каб нібы абвінаваціць РФ у тэхнагеннай катастрофе. У падрыхтоўцы тэракту расійскае войска чакана абвінавачвае ўкраінскія ўлады.


Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны паведаміла:

«З наяўнай інфармацыі становіцца зразумела, што акупанты пасля маштабных абстрэлаў Запарожскай атамнай станцыі могуць "павысіць стаўкі" і здзейсніць рэальны тэракт на найбуйнейшым у Еўропе ядзерным аб'екце. Да таго ж прымеркаваць гэта злачынства да знаходжання ва Украіне генеральнага сакратара ААН».