Калі здарыцца аварыя на ЗАЭС, радыяцыйны пыл можа даляцець да Беларусі

Навукоўцы змадэлявалі распаўсюджванне радыяцыі ў выпадку, калі аварыя на Запарожскай АЭС усё ж здарыцца

Мадэляванне верагоднага радыяцыйнага забруджвання ў выпадку аварыі на ЗАЭС, скрыншот відэа

Мадэляванне верагоднага радыяцыйнага забруджвання ў выпадку аварыі на ЗАЭС, скрыншот відэа

Пры такіх умовах надвор'я, якія былі 15-18 жніўня, у выпадку аварыі на Запарожскай атамнай электрастанцыі радыеактыўнае забруджванне перш за ўсё закранула б Украіну, але зачапіла б і суседнія дзяржавы: яно пагражала б не толькі Кіеву, але і захопленым тэрыторыям Данбаса, усходняй частцы Беларусі, Польшчы, і нават краінам Балтыі, паведамляе «Украінская праўда».

Навукоўцы ўкраінскага гідраметэаралагічнага інстытута Украіны і НАН Украіны змадэлявалі перанос радыеактыўных прымешкаў пры гіпатэтычнай аварыі на Запарожскай АЭС (ЗАЭС) пры метэаралагічных умовах, якія назіраюцца 15-18 жніўня 2022 года.

Радыеактыўныя выкіды зададзеныя ў выглядзе двух кропкавых крыніц на вышынях 200 і 500 метраў над зямной паверхняй з сумарнай стацыянарнай магутнасцю 1 Бк/с (па 0,5 Бк/с для кожнай з крыніц). Для радыеактыўных аэразоляў былі выкарыстаныя характарыстыкі іх размеркавання па памерах: сярэдні дыяметр 1 мкм, стандарт адхілення 2 мкм.

Навукоўцы адзначаюць, што з-за немагчымасці вызначэння дакладных характарыстык крыніцы выкідаў пры гіпатэтычнай аварыі на ЗАЭС, вынікі колькаснага мадэлявання варта інтэрпрэтаваць толькі якасна і адносна.

"Згодна з вынікамі разлікаў, на працягу 15-18 жніўня 2022 года самыя высокія значэнні канцэнтрацый радыеактыўных аэразоляў могуць назірацца ў межах тэрыторыі Украіны, асабліва ў блізкай зоне ад крыніцы выкіду, радыусам 50–100 кіламетраў. Прычым практычна ва ўсіх напрамках па адносінах да ЗАЭС.

Значныя канцэнтрацыі радыенуклідаў могуць дасягнуць Кіева.

Часткова радыеактыўныя прымешкі могуць таксама быць вынесеныя на тэрыторыі суседніх дзяржаў (усходняя частка Беларусі, Польшча, краіны Балтыі).

У канцы змадэляванага перыяду асноўным напрамкам пераносу радыенуклідаў з'яўляецца ўсходні, у выніку чаго значныя канцэнтрацыі радыеактыўных аэразоляў могуць назірацца над акупаванымі часткамі Данецкай і Луганскай абласцей".