Сыны дыктатараў

Няздольнасць сірыйскага прэзідэнта Башара аль-Асада прыпыніць гвалт і пачаць дыялог з апазіцыяй некаторыя палітолагі звязваюць з тым, што ён адносіцца да асобнай сацыяльна-псіхалагічнай катэгорыі людзей — так званых «сыноў дыктатараў».



ae581798565c3b1c587905bff731b86a.jpg

Няздольнасць сірыйскага прэзідэнта Башара аль-Асада прыпыніць гвалт і пачаць дыялог з апазіцыяй некаторыя палітолагі звязваюць з тым, што ён адносіцца да асобнай сацыяльна-псіхалагічнай катэгорыі людзей — так званых «сыноў дыктатараў».
Феномену псіхікі сыноў дыктатараў прысвяціла артыкул нямецкая газета «Cicero». Выданне лічыць, што галоўная праблема сірыйскага кіраўніцтва звязаная з псіхічнымі характарыстыкамі прэзідэнта Башара аль-Асада, якія, у сваю чаргу, характэрныя для ўсіх сыноў дыктатараў. У гэтых людзей, калі верыць газеце, адсутнічае разуменне рэальнасці, што, у сваю чаргу, звязана з парушэннем псіхікі ў дзяцінстве. Аўтар артыкулу Марыя Амрхэйн называе гэты феномен «kognitive Verzerrung», што можна перакласці як кагнітыўнае скажэнне, або скажэнне спазнання. На яе думку, дэвіяцыя выклікаецца тым, што ў чалавека пераблыталіся катэгорыі праўды і хлусні.
«Дзеці дыктатараў выраслі ў залатой клетцы, правялі сваё жыццё сярод фальшывых сяброў, у поўнай ілюзій рэальнасці. Ніхто не мог сказаць ім, што яны прымаюць няправільныя рашэнні», — піша газета.
На думку аўтара, існуе натуральны працэс эмансіпацыі свядомасці дзіцяці. «Гэта вельмі доўгая асабістая праверка на практыцы атрыманай ад бацькоў інфармацыі, установак аб каштоўнасцях, праверка іх маштабаў. Аднак дзеці дыктатараў пазбаўленыя гэтага».
Гэта праблема, калі верыць Марыі, ускладняецца напружанай палітычнай сітуацыяй, характэрнай для ўсіх дыктатарскіх рэжымаў. З-за праблем бяспекі дзеці дыктатараў абмежаваныя ў кантактах. Яны не могуць проста без аховы пайсці гуляць на вуліцу, камунікаваць з аднагодкамі.
Не спрыяе нармальнаму выхаванню і супярэчнасць паводзінаў бацькоў у праекцыі на дзіцячую свядомасць. Наўрад ці такі бацька можа растлумачыць наіўнаму сыну або дачцэ, чаму ён арыштаваў нейкага палітыка або абвясціў вайну суседняй краіне. У лепшым выпадку, ён проста схавае інфармацыю, у горшым — прыдумае апраўданне для сваіх учынкаў, што ў выніку легітымізуе ў разуменні дзіцяці дэструктыўную для яго псіхікі ўстаноўку — гвалт дазволены.
Адсюль, быццам, і крыніцы абсалютна дзіўных з пункту гледжання побытавай логікі паводзін дзяцей дыктатараў у больш дарослым узросце. У доказ свайго тэзісу аўтар прыводзіць гісторыю пра аднаго з сыноў Муамара Кадафі, які, будучы ў Швейцарыі, разам з жонкай абліваў кіпнем выхавацельку сваіх дзяцей. Тое, што швейцарскія ўлады ўзбудзілі па гэтым факце справу, стала прычынай для сапраўднай неафіцыйнай вайны паміж Трыпалі і Жэневай. Муамар, як вядома, нават патрабаваў ліквідацыі Швейцарыі як дзяржавы і вынес адпаведную ідэю на разгляд ААН.
«Cicero» згадвае таксама пра Кім Чон Ына, цяперашняга кіраўніка Паўночнай Карэі. У дзяцінстве ён вучыўся ў пансіянаце ў Швейцарыі і быў, па словах аднакласнікаў, дастаткова ўважлівым і разумным вучнем. Аднак час ад часу ён рабіў дзіўныя ўчынкі. Напрыклад, неяк зладзіў вялікую патрэбу на прыслугу за тое, што падрыхтаванае імі спагеці было не вельмі смачнае.
Тэорыя пра дэвіяцыі дзяцей дыктатараў, якую прапанавала газета, дастаткова спрэчная. Хаця Башар і вырас у дыктатарскай сям’і (яго бацька захапіў уладу, калі яму было 5 гадоў), ён не лічыўся кандыдатам у пераемнікі. На гэтую ролю рыхтавалі яго старэйшага брата, які загінуў у 1994 годзе ў авіякатастрофе. Сам Башар меў дастаткова вялікую ступень персанальнай свабоды і не дарма абраў не прафесію вайскоўца, а доктара. Яго жонка — брытанская грамадзянка сірыйскага паходжання, што нават доўгі час рабіла яму імідж еўрапейскага палітыка.
Пасля смерці брата Башар, які на той момант заканчваў стажыроўку як медык у Вялікабрытаніі, вярнуўся ў Сірыю. Толькі тады з яго пачалі рабіць будучага прэзідэнта — спачатку накіравалі ў ваенную акадэмію, а за тры месяца да смерці бацькі прызначылі прэм’ерам.
Бацька Башара Хафез Асад памёр 10 чэрвеня 2000 года ад праблем з сэрцам. На наступны дзень пасля смерці сірыйскага лідара віцэ-прэзідэнт, які выконваў абавязкі прэзідэнта, прысвоіў Башару Асаду званне генерал-лейтэнанта і прызначыў яго вярхоўным галоўнакамандуючым. Адначасова сірыйскі парламент змяніў канстытуцыю, зменшыўшы мінімальны ўзрост кандыдата ў прэзідэнты з 40 да 34 гадоў адмыслова для абрання на гэту пасаду Башара Асада.
Аднак нават тое, што Башар не рыхтаваўся спецыяльна да пасады кіраўніка дзяржавы, здаецца, усё роўна не пазбавіла яго ад псіхічных праблемаў. Шмат псіхолагаў свету звярнулі ўвагу на абсалютна дзіўнае інтэрв’ю сірыйскага лідара агенцтву «АВС news» 7 снежня мінулага года. Башар Асад тады сказаў: «Мы не забіваем наш народ. Ніводны ўрад у свеце не забівае свой народ, калі толькі яго не ўзначальвае вар’ят», — сказаў ён, дадаўшы ў іншы момант: — «Не было каманды забіваць ці выяўляць жорсткасць».
Прэзідэнт Сірыі таксама дадаў: «Я — усяго толькі прэзідэнт. Я не з’яўляюся ўладальнікам гэтай краіны, і не я — гаспадар гэтых войскаў». Кажучы пра падраздзяленні, якія падаўляюць сілай паўстанні ў сірыйскіх гарадах, сірыйскі галоўнакамандуючы яшчэ раз паўтарыў: «Яны не мае».
Супярэчлівасць гэтых слоў відавочная. Нават афіцыйныя СМІ саюзных да Дамаску дзяржаў кшталту Расіі не аспрэчвалі змрочную статыстыку — з пачатку пратэстаў у Сірыі арміяй і паліцыяй было забіта каля 5 тысяч чалавек.
Доктар Джэральд Пост, дырэктар дэпартаменту палітычнай псіхалогіі ў універсітэце Джорджа Вашынгтона, каментуючы гэтую фразу Аль-Асада, заявіў, што яна па сутнасці рымэйк фразы Кадафі. Калі яшчэ толькі пачалося паўстанне ў Бенгазі, той казаў, што ён, як просты чалавек, «ні за што не адказвае ў гэтай краіне».
Джэральд Пост піша ў «Foreign Policy»: «Магчыма, лепшае параўнанне для Башара — гэта афіцыйны пераемнік Кадафі яго сын Сейф, з якім звязвалі надзею на магчымую мадэрнізацыю краіны. Сейф пасля заканчэння Лонданскай школы эканомікі быў сваім чалавекам на Захадзе. Ён нават дабіўся адмены рэжыму ізаляцыі Лівіі. Аднак, калі ў краіне пачаліся пратэсты, ён стаў на бок бацькі і так моцна яго абараняў, што заслужыў павестку ў Міжнародны крымінальны суд. Услед за сваім бацькам ён пакляўся змагацца да апошняга патрона. Уся праблема ў тым, што Башар, як і Сейф, нягледзячы на еўрапейскі выгляд, не атрымаў у дзяцінстве ад бацькоў уроку пра тое, што гвалт — не адзіная форма рэакцыі на пратэст».
З іншага боку, псіхічная хвароба сына дыктатара (калі гэта праўда) можа быць ключом для выхаду Сірыі з крызісу. «Cicero» робіць парадаксальную выснову: эрзацамі аўтарытэтнага бацькі для Башара, на думку газеты, могуць выступіць моцныя саюзнікі. Гаворка пра Расію і Кітай, якія на днях заблакавалі ў Асамблеі Бяспекі ААН праект рэзалюцыі пра ўвядзенне ў Сірыю блакітных шлемаў. Праблема, аднак, у тым, што пакуль патэнцыйныя «бацькі», здаецца, таксама не гатовыя да таго, каб растлумачыць Башару дзіцячую ісціну: забіваць людзей — гэта дрэнна.