Спартовы байкот

Ежы Бузэк у якасці аднаго са сродкаў уздзеяння на беларускі рэжым прапанаваў спартовы байкот. Наколькі эфектыўны такі сродак?

Цяжка ўзгадаць, калі спорт стаў інструментам палітыкі. Напэўна, піянерамі тут былі нацысты, якія выкарысталі Берлінскую алімпіяду 1936 года для папулярызацыі рэжыму.



86098ef82c97fa789a47a8d2e8800794.jpg

Ежы Бузэк у якасці аднаго са сродкаў уздзеяння на беларускі рэжым прапанаваў спартовы байкот. Наколькі эфектыўны такі сродак?
Цяжка ўзгадаць, калі спорт стаў інструментам палітыкі. Напэўна, піянерамі тут былі нацысты, якія выкарысталі Берлінскую алімпіяду 1936 года для папулярызацыі рэжыму.
І пайшло-паехала. Часам эмоцыі, выкліканыя падзеямі на стадыёнах, выходзілі занадта далёка. Так, у 1969 годзе, пасля таго, як зборная Гандурасу па футболу на сваім поле пачала прайграваць камандзе суседняга Сальвадору, у гандураскай сталіцы распачаліся беспарадкі. Па гораду пракацілася хваля гвалту ў дачыненні да грамадзян Сальвадору, уключаючы дыпламатаў і тых самых футбалістаў. Сальвадор у адказ пачаў вайсковыя дзеянні, і толькі аператыўнае ўмяшанне Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаваў не дазволіла канфлікту выйсці на больш высокую ступень эскалацыі.
Часам спорт у палітыцы, наадварот, выконваў функцыю міру. Паляпшэнне адносін паміж Кітаем і ЗША ў пачатку 1970-х пачалося са славутых гульняў у пінг-понг паміж камандамі абе­дзвюх краін. 6 верасня 2008 года ў Ерэване гулялі зборныя Арменіі і Турцыі — краінаў, якія дасюль маюць напружаныя адносіны з-за армянскага пагрому. На матч у сталіцу Арменіі тады прыехаў турэцкі прэзідэнт Абдула Гюль. Тая гульня стала пачаткам адлігі і ўзаемных кантактах.
Байкот таксама належыць да арсеналу спартовай дыпламатыі.
Натуральна, самымі вядомымі ў гісторыі з’яўляюцца байкот Маскоўскай алімпіяды 1980 года з боку Захаду і байкот краінамі Савецкага блоку алімпіяды ў Лос-Анджэлесе. Як вядома, краіны Захаду байкатавалі Маскву з-за інтэрвенцыі Саветаў у Афганістан. А вось Саветы ў 1984-м не знайшлі лепшай прычыны не ехаць у ЗША, як асабістая небяспека для савецкіх алімпійцаў. Газеты «Правда» і «Известия» ў тыя дні стракацелі рэпартажамі пра размах крыміналу на вуліцах каліфарнійскіх гарадоў.
Былі прэцэдэнты байкоту асобнай краіны з боку ўсёй сусветнай спартовай супольнасці або шэрагу краін. Адной з ахвяраў такога байкоту стала футбольная каманда Ізраілю. Ізраіль быў адным з заснавальнікаў Азіяцкай Канфедэрацыі Футболу, аднак пасля серыі войнаў арабскія краіны рашуча адмовіліся гуляць з ізраільскімі футбалістамі. Закончылася ўсё тым, што Ізраіль падаў заяўку на сяброўства ў UEFA.
Самы вялікі спартовы байкот у гісторыі быў арганізаваны ў 1960–1980-я гады супраць Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР).
У ПАР прынцып расавага падзелу — апартэіду — быў распаўсюджаны таксама на спорт. Існавалі белыя спартовыя федэрацыі і каляровыя. Прычым сябрам другіх было несалодка. Каб не даць ім магчымасці гуляць на міжнародных турнірах, улады папросту забіралі ў іх пашпарты. Былі выпадкі, калі спартоўцы з каляровых асацыяцый спрабавалі прабрацца на міжнародныя турніры нелегальна праз Мазамбік, якія належаў тады Партугаліі. Партугальцы спартыўных «нелегалаў» лавілі, дэпартавалі на радзіму, дзе тых чакала турма.
І менавіта з-за выпадку з адным з такіх каляровых спартсменаў і пачалася гісторыя спартовага байкоту ПАР.
У 1963 годзе на Захадзе ўсіх шакавала навіна пра тое, што Ватва — зорка паўднёва-афрыканскага гольфу — не быў пушчаны ў адзін з тэнісных клубаў, паколькі быў этнічным індусам. Здымак, на якім пакрыўджаны Ватва стаіць пад дажджом каля дзвярэй клубу, абышоў шмат газет свету. Пазней улады ПАР адпомсцілі спартоўцу за тыя публікацыі: яму забаранілі гуляць ва ўсіх турнірах.
Брытанскі камітэт супраць апартэіду адразу звярнуўся з лістом у Міжнародны алімпійскі камітэт (IOC), патрабуючы выключыць ПАР з міжнародных спаборніцтваў. Наступнымі сталі пісаць пратэсты нацыянальныя алімпійскія камітэты. Найбольш актыўна дзейнічала Індыя. Менавіта з яе падачы ў 1963 годзе зборную ПАР вырашылі не пус­каць на алімпійскія гульні ў Токіа, прызначаныя на наступны год.
Санкцыя была разавая. У прынцыпе, каманда ПАР магла быць дапушчаная на Алімпіяду 1970 года ў Мексіку, калі б Прэторыя адмовілася ад формулы захавання расавай стэрыльнасці пры фармаванні сваёй алімпійскай дэлегацыі.
Спартовыя функцыянеры ПАР у адказ на санкцыі IOC прапанавалі самыя фантастычныя варыянты. Напрыклад, яны былі гатовыя пасылаць на адну алімпіяду белую каманду, а на наступную — каляровую. Па вялікаму рахунку, у апараце IOC таксама не хацелі канфлікту і гатовыя былі дапусціць нейкія кампрамісныя варыянты. Аднак тут сваё слова сказалі дэлегацыі з афрыканскіх краін. Яны дабіліся выключэння ПАР са складу IOC.
У выніку дарога ПАР на алімпіяды была зачыненая. Больш таго, пачынаючы з 1980 года на ўзроўні ААН пачаўся маніторынг усіх вонкавых спартовых кантактаў ПАР. Быў складзены ганебны спіс спартсменаў, якія пагаджаюцца ўдзельнічаць у спартовых мерапрыемствах у Паўднёвай Афрыцы. Гэта значыла практычна татальную спартовую ізаляцыю краіны. Так было ў 1985-м, калі ПАР арганізоўвала этап гонкі “Формула–1, шмат еўрапейскіх каманд пад ціскам сваіх урадаў адмовіліся ў іх удзельнічаць.
Праўда, у расістаў былі яшчэ магчымасці дзейнічаць у рамках міжнародных спартовых арганізацый, якія не ўваходзілі ў IOC. Тут барацьба цягнулася трошкі больш, аднак заканчвалася яна заўсёды стандартным фіналам.
У 1974 годзе паўднёвыя афрыканцы сказалі «бывай» вялікаму тэнісу. Зборная Індыі адмовілася ехаць гуляць у ПАР на фінал Кубка Дэвіса. У выніку Кубак атрымалі паўднёвыя афрыканцы, аднак, напэўна, радасці ад гэтага было няшмат. У тым жа годзе іх выключылі з турніру.
Самая напружаная сітуацыя склалася з рэгбі. У 1968-м кіраўніцтва Міжнароднай Федэрацыі Рэгбі (IRВ) адмовілася выстаўляць расістаў за дзверы. Тады грамадскія актывісты пайшлі іншым шляхам. Была створаная арганізацыя «Halt All Racist Tours» («Забарона ўсіх расісцкіх тураў»). Яна арганізоўвала пратэсты супраць тураў зборнай ПАР. Самыя цікавыя падзеі адбываліся ў Новай Зеландыі, дзе даўно склалася традыцыя падобных тураў. У 1981 годзе такі візіт рэгбістаў быў сарваны масавымі вулічнымі пратэстамі. У 1985-м Вярхоўны суд краіны ўвогуле забараніў прыезд каманды. У 1987 годзе «Halt All Racist Tours» дабіліся свайго: IRВ выключыў Паўднёвую Афрыку са спісу ўдзельнікаў Кубка свету.
Падзенне рэжыму апартэіду ў 1991 годзе прывяло да вяртання ПАР на міжнародную спартовую сцэну, да дэмакратызацыі і буму спорту ўнутры самой краіны.
Ці быў спартовы байкот эфектыўным? Так. Шмат гісторыкаў прызнае, што факт адсутнасці каманды ПАР на міжнародных спаборніцтвах выклікаў сярод белых паўднёвых афрыканцаў пачуццё прыналежнасці да ізгояў. Байкот падштурхнуў эліту змяніць сваё стаўленне да палітычнай сітуацыі ўнутры краіны.
Аднак для спартовага байкоту трэба прынцыповасць і паслядоўнасць. У выпадку з байкотам ПАР важнае значэнне мела пазіцыя афрыканскіх дзяржаў. Часта іх урады нават кампенсавалі эканамічныя праблемы ўнутры краін гучнымі акцыямі супраць расістаў, у тым ліку на глебе спорту. Аднак, так ці інакш, гэта мела эфект.
Так, перад Алімпіядай 1976 года ў Манрэалі склалася сітуацыя, калі адзінай краінай, якая працягвала падтрымліваць спартовыя кантакты з ПАР, заставалася ўсё тая ж Новая Зеландыя. Афрыканцы патрабавалі ад IOC не пускаць зборную Новай Зеландыі на Алімпіяду. Чыноўнікі IOC адмовіліся. Тады дзевяць афрыканскіх дэлегацый папросту сабралі чамаданы і пакінулі Канаду. Алімпійскі камітэт моцна перапалохаўся і пачаў ціснуць на Новую Зеландыю наконт кантактаў з ПАР.
Пакуль цяжка ўявіць, што зборная Германіі або Польшчы пакіне які-небудзь важны турнір з-за прысутнасці на ім каманды з Беларусі.