Стала вядома імя ўкраінскага героя, расстралянага акупантамі за словы «Слава Украіне!»

Імя загінулага ў палоне вайскоўца назвалі пабрацімы. Паводле папярэдняй інфармацыі, за вокліч «Слава Украіне!» расійцы забілі ваяра 30-й асобнай механізаванай брыгады Цімафея Шадуру.

Скрын з адкрытых крыніц

Скрын з адкрытых крыніц

«Учора ў сацыяльных сетках і сродках масавай інфармацыі быў апублікаваны відэазапіс расстрэлу вайскоўца Узброеных Сіл Украіны, якога расійскія акупанты пакаралі смерцю пасля ягоных слоў "Слава Украіне!" Паводле папярэдніх звестак, загінулым з'яўляецца вайсковец 30-й асобнай механізаванай брыгады Цімафей Мікалаевіч Шадура», — гаворыцца ў паведамленні брыгады ў сацсетках.

Як стала вядома, Цімафей Шадура лічыцца зніклым без вестак з 3 лютага 2023 года пасля баявых дзеянняў у раёне горада Бахмут. Цяпер яго цела знаходзіцца на акупаваных тэрыторыях.

У брыгадзе адзначаюць, што канчатковае пацвярджэнне асобы будзе ўстаноўлена пасля вяртання цела і правядзення адпаведных экспертыз.

На смерць палоннага вайскоўца адрэагаваў і Генштаб УСУ.

«Расстрэл бяззбройнага палоннага — цынічнае і дзёрзкае грэбаванне нормамі міжнароднага гуманітарнага права і звычаяў вайны. Так робяць нікчэмныя забойцы, але не ваяры. Расійскія акупанты ў чарговы раз паказалі, што галоўнай іх мэтай ва Украіне з'яўляецца толькі зверскае вынішчэнне ўкраінцаў. Ніводная смерць нашага воіна не застанецца без адплаты. Але мы зробім гэта законным і справядлівым спосабам — на полі бою, у судзе або ў міжнародным трыбунале. З халоднай галавой, з захаваннем правіл вайны і з гонарам мы абавязкова адпомсцім за кожнага! Вечная памяць і Слава Герою!» — гаворыцца ў паведамленні Генштаба.

Таксама стала вядома, што Цімафей Шадура, 1982 года нараджэння, быў мабілізаваны ў снежні 2022 года.

Паводле звестак, якія падаў сам вайсковец, калі прыйшоў у брыгаду, ён меў баявы досвед і раней праходзіў тэрміновую службу ў 92-й брыгадзе.

Шадура нарадзіўся і пражываў у вёсцы Малая Дзеравічка Жытомірскай вобласці. Там жывуць яго маці і двое братоў.

Сам Шадура ў прадстаўленых ім дадзеных для 30 брыгады паказаў, што ён не жанаты.

6 сакавіка ў сеціве з'явілася жудаснае відэа расстрэлу ўкраінскага вайскоўца, які трапіў у палон да расійскіх акупантаў. У апошнія імгненні свайго жыцця ўкраінскі палонны сказаў «Слава Украіне!», мяркуючы па відэа.

Служба бяспекі Украіны адкрыла крымінальную вытворчасць па відэа, на якім расійскія захопнікі расстрэльваюць бяззбройнага ўкраінскага салдата.

Украінскі амбудсмен Дзмітрый Лубінец назваў «чарговым вайсковым злачынствам Расіі» расстрэл украінскага вайскоўца.

Міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба заклікаў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда расследаваць абставіны расстрэлу ўкраінскага ваеннапалоннага, пра што стала вядома ў панядзелак.

Паводле «Украінскай праўды».