Сусветныя цікавосткі: Чалавек-павука забаранілі ў КНР, выратаваць казахскую цюбецейку, дзеці і «Вайна і мір»

Чаму Чалавек-павука забаранілі ў КНР, як выратаваць казахскую аксамітавую цюбецейку, чаму расійскіх дзяцей навучыць «Вайна і мір» — пра гэта і іншае ў нашым дайджэсце кур'ёзаў свету.

mycollages__14__1.jpg

Кітай супраць Галівуда

Паводле амерыканскай прэсы, Галівуд вырашыў перагледзець адносіны з кітайскімі камуністамі. На працягу многіх гадоў буйныя кінастудыі цэнзуравалі любыя выявы або тэмы, забароненыя ўрадам Кітая, каб мець выхад на вялізную кітайскую аўдыторыю. Але цярпенне лопнула з-за апошніх крокаў Пекіна. КНР адмовілася набываць апошні баявік з Томам Крузам з-за нібыта занадта пазітыўнага адлюстравання ў ім узброеных сіл ЗША. Прычым на этапе здымак стваральнікі фільма выконвалі ўсе капрызы Паднябеснай. Так была выдалена частка, у якой Том Круз знаходзіцца на Тайвані. Раней Кітай заблакаваў пракат фільма пра Чалавека-павука — з-за таго, што ў фінальных сцэнах дэманструецца Статуя Свабоды. «Настаў час перастаць схіляцца перад "імперыяй зла", якая прыгнятае сваіх грамадзян і ўйгурскіх мусульман», — піша амерыканская прэса.
Між тым незалежныя эксперты кажуць, што падобнага канфлікту варта было чакаць. Не так даўно Сі Цзіньпін абвясціў крыжовы паход супраць наяўнасці ў фільмах мужчынскіх персанажаў, якія падобныя на кабетаў. Такія персанажы, маўляў, адмоўна ўплываюць на патрыятызм маладых кітайцаў. Паколькі падобныя героі зараз папулярныя ў Галівудзе, яго прадукцыю ў адзін цудоўны дзень кітайскія цэнзары ўсё роўна пачалі б забараняць.  
Па матэрыялах амерыканскай прэсы

Каму патрэбны «Вайна і мір»?

Незвычайную рэакцыю ў расійскім грамадстве выклікала рашэнне Мінадукацыі Украіны выключыць раман «Вайна і мір» з курса школьнай праграмы. На мясцовых форумах можна сустрэць пазітыўныя каментары наконт гэтага рашэння. Іх аўтары лічаць, што абавязковае вывучэнне ў школах кнігі Льва Талстога «адна з самых ідыёцкіх спадчын савецкай адукацыйнай сістэмы». Чаму? Таму што «Вайна і мір» напісаны складанай мовай, сюжэт вельмі размыты (дарэчы, наконт рыхласці сюжэту Льва Талстога папракалі і пры жыцці), маса адхіленняў у разважанні і філасофію. Нядзіўна, што насамрэч вельмі мала людзей у школьным узросце могуць ацаніць гэтую кнігу. Адным словам, трэба падтрымаць ініцыятыву ўкраінцаў і перастаць мучыць дзяцей, якія нават тэарэтычна не могуць ацаніць сэнс некаторых калізій і разваг у кнізе. «Тыя, хто хоча зразумець чаму «Вайну і мір» лічаць адным з найвялікшых раманаў гісторыі сусветнай літаратуры, прачытаюць яго самастойна», — пішуць у сетках.
Цікава, што ва Украіне ў рамана Талстога ёсць свае абаронцы. Яны лічаць, што выкрэсліванне са школьнай праграмы твора Талстога зменшыць сярод украінцаў цікавасць да вайне 1812 года і, адпаведна, да подзвігаў землякоў. Напрыклад, атрад легендарных партызан Дзяніса Давыдава, якіх баяўся сам Напалеон, фармаваўся на базе Ахтырскага гусарскага палка.
Па матэрыялах украінскай прэсы

Польшча і Украіна аб'яднаюцца?

У польскай грамадскай дыскусіі з'яўляюцца чарговыя заявы палітыкаў, экспертаў і публіцыстаў з заклікамі стварыць агульную польска-ўкраінскую дзяржаву. На гэты раз да стварэння польска-ўкраінскай федэратыўнай дзяржавы заклікаў партал wPolityce, які звязаны з коламі кіруючай партыі «Права і справядлівасць». «Мы павінны падумаць пра ідэалагічную дэкларацыю, якая абвесціць аб стварэнні польска-ўкраінскай федэратыўнай дзяржавы. Яна можа ўзнікнуць праз гадоў 10, але польскія і ўкраінскія палітыкі павінны садзейнічаць гэтай ідэі ўжо сёння», — піша аўтар публікацыі пад назвай «Да пытання польска-ўкраінскай федэратыўнай дзяржавы».
Прыдумалі ў wPolityce як інтэрпрэтаваць спрэчныя старонкі гісторыі, напрыклад, крывавае супрацьстаянне ўкраінцаў і палякаў падчас Другой сусветнай. Прапануецца культываваць міф аб нападзе на горад Хрубешаў, учынены сумесна польскім антыкамуністычным падполлем і атрадамі УПА ў маі 1946 года.
На думку прыхільнікаў інтэграцыі, гэта гістарычны прыклад польска-ўкраінскай дружбы, якая павінна аформіцца ​​ў адзіны дзяржаўны праект. Зрэшты, ідэя федэрацыі пакуль не карыстаецца падтрымкай значнай часткі насельніцтва і выклікае сумневы нават у многіх палітыкаў, набліжаных да палітычнага кіраўніцтва Польшчы. Тым не менш згаданы тэкст называюць выпрабавальным шарам, які павінен празандаваць рэакцыю экспертнай супольнасці.
Па матэрыялах польскай прэсы

Ратаваць не мову, а адзенне!

Некаторы час таму сярод казахскіх нацыяналістаў з'явілася мода на стварэнне моўных патрулёў. Іх актывісты наведвалі рознага кшталту ўстановы і патрабавалі, каб іх супрацоўнікі размаўлялі па-казахску — як патрабуе закон. І вось цяпер гэтая тэма атрымала працяг. У асяроддзі патрыётаў з'явілася думка, што на гэтым этапе трэба ствараць не моўныя патрулі, а патрулі супраць антыказахскіх узораў нацыянальнага адзення (!). Да апошніх яны адносяць стандарт этнічнага казахскага строя, які навязваюць казахам улады. У прыватнасці, на дзяржаўным ТБ сцвярджаецца, што казашкі насілі вялізныя касматыя шапкі з лісы і пясца. Насамрэч, як лічаць нацыяналісты, такіх атрыбутаў ніколі не было ў культуры мабільнага, працавітага стэпавага качавога народа. Галоўным атрыбутам касцюма была аксамітная цюбецейка. «Знікненне са сцэны і жыцця папулярнай стагоддзямі казахскай цюбецейкі гэта не больш не менш як крымінал, самы сапраўдны крадзеж духоўна-матэрыяльнай спадчыны нацыі. Вось дзе патрэбны добраахвотныя народныя дружыны, патрулі па забароне здзеку з казахскай традыцыі, вось куды трэба накіраваць энергію нашых патрыётаў, джыгітаў і дзяўчат, блогераў!» — падсумоўваюць абаронцы нацыянальнага касцюма.
Па матэрыялах казахстанскай прэсы