Сусветныя цікавосткі. Крэветкі як сімвал рэвалюцыі, духі супраць марадзёраў
Святлана Алексіевіч у якасці кандыдаткі на аўтарства сагі пра Гары Потэра, містыка казахстанскага майдану, крэветкі як героі супраціву і іншыя цікавосткі — у нашай падборцы свежых кур’ёзаў.
Святлана Алексіевіч — аўтарка Гары Потэра?
Роўна дваццаць гадоў таму ўсе дзеці зямнога шара сталі фанатамі магіі. На экраны выйшла першая серыя славутай сагі пра прыгоды Гары Потэра. З нагоды гадавіны кампанія HBO парадавала прыхільнікаў франшызы дакументальным фільмам «Гары Потэр праз 20 гадоў: Вяртанне ў Хогвартс». Яго героямі з'яўляюцца выканаўцы роляў Гары, Герміоны і Рона — Дэніэл Рэдкліф, Руперт Грынт і Эма Уотсан, якія сустрэліся пасля доўгай разлукі і ўспамінаюць, як усё пачыналася. Аднак многія заўважылі, што галоўны віноўнік урачыстасці пісьменніца Джоан Роўлінг, якая ўласна і прыдумала Гары Потэра, практычна не з'яўляецца на экране. Прычына вядомая: Роўлінг выказалася супраць трансгендараў, што наклікала на яе гнеў прагрэсіўнай грамадскасці. Канстатуючы гэты факт, Аляксандр Зензінаў, аглядальнік расійскай газеты «Взгляд», спрагназаваў незвычайны сцэнар. Паводле яго, хуткім часам аўтарства Гары Потэра паспрабуюць прыпісаць якому-небудзь іншаму літаратару, які адпавядае крытэрам талерантнасці. Назваў аўтар і імя — гэта пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая, на яго думку, лічыцца сваёй у варунках аматараў палітычнай карэктнасці.
Па матэрыялах расійскай прэсы
Крэветкі — сімвал рэвалюцыі
У Бразіліі крэветкі нечакана сталі сімваламі палітычнага пратэсту. Прычына? Вельмі простая. Жаір Болсанару, 66-гадовы прэзідэнт правапапулісцкіх поглядаў, на днях быў шпіталізаваны. Ён растлумачыў сваю хваробу праблемамі з кішэчнікам з-за «непражаваных крэветак». Гэтае паведамленне акрыліла левую апазіцыю. У тым ліку таму, што многія не вераць у версію пра крэветак. Шматлікія бразільцы абвінавачваюць гаранта ў адмаўленні Covid-19, які ён называе «грыпам». Пандэмія забрала ў Бразіліі жыцця амаль 620 000 чалавек, што з'яўляецца другой па велічыні колькасцю загінулых у свеце пасля Злучаных Штатаў.
Так ці інакш, у апошнія дні выявы крэветак усіх відаў апанавалі сацыяльныя сеткі Бразіліі. Крэветка ўзведзена ў ранг нацыянальнага героя супраціву. А адзін з папулярных мясцовых журналістаў нават прапанаваў пасля змены ўлады зрабіць 5 студзеня (у гэты дзень Жаіра Болсанару заявіў, што ён захварэў з-за крэветак) дзяржаўным святам. На яго думку, будучае свята можа называцца «Нацыянальны антыфашысцкі дзень крэветак».
Па матэрыялах французскай прэсы
Духі супраць марадзёраў
Падчас нядаўніх пагромаў у Алматы ў мясцовым гістарычным музеі адбылася амаль містычная гісторыя. Супрацоўнікі музея з пачатку пратэстаў начавалі на працоўным месцы, бо баяліся, што марадзёры разрабуюць каштоўныя археалагічныя артэфакты. Для даведкі: будынак музея знаходзіцца ўсяго за 10 хвілін хады ад гарадскога акімата, які захапілі і падпалілі падчас штурму. Удзельнікі беспарадкаў сапраўды ўварваліся ў музей з намерам забраць мячы і дзіды старажытных воінаў. Гэта быў натоўп прыкладна з 200 чалавек. Нейкім дзіўным спосабам супрацоўнікам удалося пераканаць пагромшчыкаў не чапаць нічога. У выніку тыя сышлі, не крануўшы ніводны экспанат. Адна з супрацоўніц музея Бібігуль Дандыгараева лічыць, што ёй дапамаглі духі продкаў і воінаў, якія жывуць у музеі. Яны, паводле яе, нейкім чынам паўплывалі на натоўп. У інтэрнэце хапае іранічных каментароў на апавяданне Бібігуль. Пішуць, што тры дні без інтэрнэту, які быў адключаны ў Казахстане, маглі моцна паўплываць на мазгі. Аднак факт ёсць факт — узброеныя і экзальтаваныя людзі сапраўды не кранулі экспазіцыю.
Паводле казахстанскай прэсы
Поні мяне, палова царства за поні!
Калі гутарка ідзе пра рыцараў, мы адразу ўяўляем нейкіх волатаў на вялікіх канях. Аказалася, што коні там былі яшчэ тыя. Паводле апошніх даследаванняў англійскіх гісторыкаў, сярэднявечныя баявыя коні не былі масіўнымі і магутнымі скакунамі. Пакапаўшыся ў магілах ад 300 да 1650 года ў 171 археалагічным месцы па ўсёй Англіі, гісторыкі выявілі, што сярэднявечныя баявыя коні былі на дзіва маленькія — не больш за сучасных поні. У прынцыпе, гэта лагічна. Коней разводзілі для розных мэтаў, у тым ліку для турніраў і далёкіх рэйдавых кампаній. І нізкарослыя коні з гэтымі задачамі спраўляліся лепш. Праўда, застаецца загадкай — чаму рыцарскіх коней на карцінах тых часоў малявалі вельмі высокімі? Верагодна, гэта можна растлумачыць тым, што конь быў сімвалам статусу арыстакрата ў сярэднявечным грамадстве. Таму яго памеры імкнуліся павялічыць.
Так ці інакш, цікава як адрэагуе Галівуд на адкрыццё гісторыкаў? Калі кінапрадукцыя пра Сярэднявечча будзе адпавядаць гістарычнай рэальнасці, рыцары на экране маюць катацца на поні. Такія сцэны, натуральна, будуць выглядаць дастаткова камічна.
Паводле брытанскай прэсы