Сусветныя цікавосткі. Забастоўка цацак, новы беларускі сцяг і забарона танчыць

Пра тое, як бастуюць цацкі, магчымыя варыянты будучага беларускага сцяга і іншыя неверагодныя казусы чытайце ў нашай падборцы свежых кур’ёзаў.

photo_2021_12_20_16_41_42.jpg


Беларусам «прыдумаюць» сцяг

У бясконцым серыяле «расійска-беларуская інтэграцыя», падаецца, пачаўся новы сезон. Гаворка пра прапанову забяспечыць аб'яднанне поўным наборам сімволікі. Гэтая навіна натхніла Сяргея Макіна, аглядальніка маскоўскай «Независимой газеты», задумацца пра рэдызайн сцяга РБ. У сваім артыкуле Макін прапануе некалькі варыянтаў. Першы: перамясціць вышыванку ад дрэўка ў верхнюю частку сцяга. Як ён лічыць, атрымаўся б арнаментальна чырвона-зялёны сцяг. Гэта, паводле Макіна, «дазволіць беларускай сімволіцы пераадолець комплекс састаўной часткі іншай дзяржавы (Беларускай ССР у складзе Савецкага Саюза)». Другі варыянт мае на ўвазе стварэнне трохпалоснага бела-чырвона-зялёнага сцяга з чыста-белай верхняй паласой, па аналогіі з бела-зялёна-чырвоным балгарскім і чырвона-бела-зялёным венгерскім. Трэці варыянт наступны. «На сцягах Францыі, Італіі, Бельгіі, Ірландыі тры паласы размяшчаюцца вертыкальна. Аналагічна могуць размясціць колеры свайго сцяга беларусы». Чацвёрты варыянт: сцяг з чырвоным крыжом на белым фоне. Крыж можа быць прамым або касым, кшталту Андрэеўскага, але які пашыраецца ад цэнтра. Гэта неабходна для таго, каб ён адрозніваўся ад сцяга Англіі (чырвоны крыж на белым фоне) і ірландскага сцяга святога Патрыка (чырвоны касы крыж на белым фоне). Вось такія варыянты ад Сяргея Макіна. Зрэшты, як адзначае сам аўтар, «вырашаць, вядома, беларусам».
Па матэрыялах расійскай прэсы

Новая тэорыя эвалюцыі?

Жыў-быў у Новай Зеландыі мала каму вядомы па-за межамі навуковага свету прафесар фізікі Гарс Купер (Garth Cooper). Але на днях ён нечакана праславіўся на ўвесь свет. Справа ў тым, што некалькі месяцаў таму прафесар быў ініцыятарам напісання адкрытага ліста ў адрас мясцовага ўрада лейбарыстаў. У лісце прагучала крытыка прапановы ўрадавай працоўнай групы аб тым, што школы павінны надаваць больш значэння міфалогіі народу Маоры (карэннае насельніцтва Новай Зеландыі). Прычым настолькі большае значэнне, што міфы павінны быць параўнальныя з навуковымі тэорыямі. Напрыклад, паводле разумення свету ў легендах Маоры, усе жывыя істоты паходзяць ад маці неба і бога неба. Цяпер гэты міф павінен быць прадстаўлены вучням на ўзроўні тэорыі Галілея, Ньютана і Дарвіна. Аўтары ліста «У абарону навукі» асцярожна заявілі, што веды карэнных народаў «маюць вырашальнае значэнне для захавання і ўвекавечання культуры і мясцовых звычаяў, але не для дакладных навук». Але ў выніку падпісантаў гэта не ўратавала ад рэалій новага свету. Міністэрства і саюз педагогаў заявілі, што ліст «выклікаў траўму ў многіх студэнтаў і выкладчыкаў».
Цікава, што сам Купер таксама этнічны маоры. Таму ёсць надзея, што абурэннем міністэрства для яго ўсё і абмяжуецца.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Танцы забаранілі

Аказваецца, у Кітаі пенсіянеры не лічацца лаяльнай уладам публікай. Асабліва катэгорыя пад назвай «танцуючыя бабулі». Размова пра кабет паважанага ўзросту, якія любяць займацца сінхроннымі танцамі на публічных пляцоўках. Гэтая практыка бярэ свой пачатак у калектыўных танцах падчас Культурнай рэвалюцыі 1960х і 1970-х гадоў. Пазней у выніку эканамічных ліберальных рэформаў 90-х многія гараджане засталіся без працы і мелі патрэбу ў недарагіх забаўках.
Сёння танцорак можна знайсці амаль у кожным квартале. Размахваючы веерамі і шалікамі, яны скачуць на вуліцах і раніцай, і познім вечарам пад мелодыю з дынамікаў сваіх прыладаў. На нейкім этапе шмат каму гэта стала не падабацца. Вялікі рэзананс выклікаў факт смерці нейкага кітайца ад фізічнай стомленасці — ён некалькі дзён не мог заснуць з-за аматараў танцаў на вуліцы.
І вось цяпер урад вырашыў з танцамі скончыць. Апублікаваны законапраект не толькі забараняе танцулькі, але і ўводзіць суровыя санкцыі для іх удзельнікаў. Штрафы для фізічных асоб складуць ад 30 да 150 долараў, а для груп — больш за 3000 долараў. Застаецца дачакацца, як самі бабулькі будуць рэагаваць на патрабаванне паліцыі «перастаць танцаваць і разысціся»? Справа ў тым, што, як піша прэса, гэта вельмі баявая публіка. Раней фіксаваліся выпадкі, калі пенсіянеркі біліся за тэрыторыю для танцаў нават з бандамі падлеткаў.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Забастоўка цацак

Так называецца кампанія, якую запусціла Міністэрства абароны навакольнага асяроддзя пры сацыялістычным урадзе Іспаніі. Яе мэта — матываваць бацькоў не дарыць дзецям цацкі, якія адпавядаюць меркаваным гендарным стэрэатыпам. «Толькі цацкі без стэрэатыпаў даюць падлеткам магчымасць поўнасцю раскрыць свой патэнцыял», — заявіў міністр Альберта Гарсан. Аднак, па словах чыноўніка, ёсць праблема — рэклама, якая спецыяльна прызначаная для хлопчыкаў ці дзяўчынак. Амаль сорак працэнтаў іспанскай рэкламы, накіраванай на дзяўчынак, прысвечана прыгажосці і знешняму выгляду. Для хлопчыкаў жа, наадварот, у асноўным рэкламуюцца цацкі для такіх прафесій, як лётчыкі, паліцыянты або салдаты.
Каб змяніць сітуацыю міністэрства і запусціла «забастоўку цацак» у выглядзе ролікаў на ТБ. Іх персанажы (як правіла, цацкі) даносяць да бацькоў ідэю пра сексісцкія забабоны, якія адмоўна адбіваюцца на ўспрыманні дзецьмі сваёй уласнай асобы. Гэтым настырны Гарсан вырашыў не абмяжоўвацца і паабяцаў хутка заняцца праблемай гендарных стэрэатыпаў пры афармленні дзіцячых пакояў.
Па матэрыялах іспанскай прэсы