Шэсць Армагедонаў ад Бундэсвера
Экспертную супольнасць накаўтаваў прагноз Мінбароны Германіі, што дапускае развал Еўрасаюза, з’яўленне еўрапейскага Пуціна і нават удзел некаторых краін Еўропы ў еўразійскай інтэграцыі.
«Стратэгічная перспектыва 2040» — так называецца гэты скандальны рапарт. Увогуле, тэкст падрыхтавалі яшчэ ў лютым, аднак толькі зараз нямецкія журналісты з часопіса «Der Spiegel» здолелі зазірнуць у сакрэтны 110-старонкавы дакумент, каб падзяліцца з чытачамі ўбачаным.
Распрацавалі «Стратэгічную перспектыву» па замове кіраўніцтва дэпартаменту. Урсула фон дэр Ляен — кіраўніца Мінабароны Германіі, — вырашыла даведацца, якія грамадскія тэндэнцыі і міжнародныя канфлікты могуць паўплываць на палітыку бяспекі краіны ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Аднак тое, якім чынам будзе дзейнічаць Бундэсвер, мала каго цікавіць. У фокусе ўвагі апынуліся сцэнары на будучыню.
Усяго сцэнараў, якія разлічаныя на бліжэйшыя 25 гадоў, шэсць. І кожны з іх адзін горшы за другі. У лепшым выпадку, трэба чакаць, што ЕС замарозіць праект еўрапейскай інтэграцыі і пашырэння на Усход праз праблемы адаптацыі нядаўна прынятых сяброў. Пры такім варыянце падзей Брусэль чакае выклік у выглядзе з’яўлення на Усходзе агрэсіўнага блоку Расіі і Кітая, які спрабуе (і, дарэчы, паспяхова) перацягнуць на свой бок некаторыя краіны ЕС. Праўда, да адкрытай канфрантацыі з Пекінам і Масквой справа ўсё ж не дойдзе.
Што тычыцца самага брутальнага сцэнару, то нас чакае разбурэнне ЕС і шматлікія ўнутраныя канфлікты на яго тэрыторыі. Дадатковым антуражам апакаліпсісу выступіць эканамічны крах ЗША — уверцюра да катастрофы сусветнай эканомікі і заканчэння глабалізацыі. Цікава, што да найгоршага сцэнару, на думку прэсы, аўтары даследавання чамусьці не дайшлі. Па меркаванні журналістаў таго ж «Der Spiegel», такі варыянт павінен быў уключаць магчымасць спынення дзейнасці NАТО і Бундэсвера.
Сярод іншых сцэнараў, напэўна, будзе цікавы прагноз, паводле якога Еўропа для вырашэння праблемаў пачне імпартаваць расійскую дзяржаўна-капіталістычную мадэль. У выпадку з’яўлення еўрапейскага Пуціна аўтары рапарту не выключаюць канец еўрапейскай дэмакратыі.
Хаця стваральнікі дакумента асобна падкрэсліваюць, што прапанавалі не стоадсоткавыя прагнозы, а толькі мадэлявалі развіццё падзей, футуралогія ад Бундэсвера шакавала публіку. Так ці інакш, вайсковы дэпартамент Германіі — гэта сур’ёзная кантора. Праўда, хапае і тых, хто не верыць у прафесіяналізм нямецкіх аналітыкаў. Адзін з крытыкаў «Перспектывы» напісаў, што аўтары тэксу яўна начыталіся коміксаў, адкуль і ўзялі сюжэты для дакумента.
А вось у амерыканскім выданні «Politico» мяркуюць, што немцы занадта аптымістычна ацанілі шанцы Расіі захавацца ў бліжэйшы час, і тым больш — пагражаць Захаду. На думку аўтара тэзісу, сучасная расійская мадэль — дастаткова слабая. Не бачыць ён і перспектыў для малых краін Усходняй Еўропы, якія эканамічна вельмі слабыя. На месцы перыферыйных краін ЕС прагназуюць паўстанне шэрай зоны, нейкі пояс бяспекі, які працягнецца ад Балканаў да Іспаніі і будзе абараняць багатую Поўнач ад мігрантаў з Поўдня і ісламістаў Блізкага Усходу.
Крытыкуюць аўтараў дакумента і за тое, што яны цалкам праігнаравалі ўплыў палітычнага працэсу ў ЗША на сітуацыю ў Старым свеце. Напрыклад, канфлікт паміж Трампам і яго апанентамі на пэўным этапе, як пішуць некаторыя, можа выклікаць юрыдычны казус, які паступова паралізуе нармальную сістэму адміністрацыі і заканадаўчых органаў. Такая версія падзей адразу скароціць прысутнасць і вагу ЗША ў Еўропе, даючы магчымасць Маскве ўзмацніць свой ціск на Брусэль і дамагчыся нейкіх бонусаў.
Польская праўрадавая прэса пабачыла ў фрагменце пра магчымы пераход некаторых краін Усходняй Еўропы пад дах Масквы наўпроставае жаданне немцаў аддаць Польшчу пад дыктат Масквы — як вынік нейкай здзелкі. Праўда, тут спадзяюцца, што аўтары дакладу не ўлічылі важны фактар: больш за мільён мігрантаў з Усходу, якія Германія прыняла падчас крызісу ўцекачоў. Праблема мігрантаў, маўляў, аслабіць радзіму Меркель і не дазволіць Германіі гандляваць больш слабымі партнёрамі па ЕС.
Брытанская публіка, наадварот, вітала дакумент, паколькі большасць апісаных сцэнараў прагназуюць хуткі крызіс Еўрасаюза. Маўляў, выхад Вялікабрытаніі са складу ўдзельнікаў еўраінтэграцыі быў слушным крокам.
Нельга не заўважыць, што дакумент стаў вядомы грамадскасці на фоне імклівай актывізацыі знешняй палітыкі Парыжу. Прагнозы «Der Spiegel» былі апублікаваныя ў той час, калі Эмануэль Макрон агучыў свой план рэфармавання ЕС, які павінен ператварыцца ў больш цэнтралізаваную структуру. Напрыклад, французскі гарант прапануе ўвесці агульнаеўрапейскі пашпарт, стварыць адзіны вайсковы бюджэт і, адпаведна, — агульную еўрапейскую армію. Энтузіязм Макрона адразу надаў яму імідж новага лідара Еўропы, які ідзе на змену Ангеле Меркель, што наўрад ці падабаецца апошняй. Магчыма, за кошт публікацыі «Перспектывы», якую наўмысна злілі журналістам, Берлін астудзіў амбіцыі Макрона.
Большасць аналітыкаў сапраўды бачыць у «Стратэгічнай перспектыве» пэўны элемент прапагандысцкай вайны Берліну. Інакш наўрад ці да дакументу з грыфам «сакрэтна» дапусцілі б журналістаў. Тым не менш, застаецца шмат пытанняў, на грунце якіх крыніц і паводле якой метадалогіі аналітыкі Бундэсвера зрабілі свае апакаліптычныя прагнозы.