Трагедыя галоўнай феміністкі
У нямецкіх прыхільнікаў дамастрою вялікае свята. Ікону фемінісцкага руху ФРГ злавілі на ўкрывальніцтве ад падаткаў. Яшчэ месяц таму, калі Аліса Швайцэр святкавала 72-і дзень народзінаў, нямецкая прэса пісала на яе адрас выключна панегірыкі. Тым больш, што на дзень нараджэння святочную паштоўку Алісе даслаў сам Папа Рымскі.
Аліса Швайцэр
Але не прайшло і месяца, як Аліса ператварылася ў злоснага неплацельшчыка. 2 лютага ўплывовы часопіс «Der Spiegel» выклаў супраць Швайцэр знішчальны кампрамат. Аказалася, што з 1980-х гадоў Аліса Швайцэр мае рахунак у швейцарскім банку, пра аперацыі з якім ніколі не інфармавала падатковую ФРГ. У выніку махінацый бюджэт ФРГ не далічыўся каля 200 тысяч еўра.
200 тысяч еўра — сума для Германіі невялікая. Аднак тут сітуацыя асаблівая. Аліса Швайцэр — гэта чалавек, якога доўгі час шмат хто лічыў амаль што ўвасабленнем маралі.
Упершыню нямецкая грамадскасць пачула пра Алісу Швайцэр у 1971 годзе. Тады яна, 29-гадовая немка, якая вучылася ў Парыжы, далучылася да кампаніі супраць забароны абортаў. Канцэпцыя кампаніі была вельмі незвычайнай. Яе ініцыятары заклікалі жанчын, якія былі вымушаныя зрабіць нелегальныя аборты, паведаміць пра гэта публічна. З улікам таго, што кампанію падтрымалі такія зоркі, як актрыса Ромі Шнайдэр, акцыя мела агульнаеўрапейскі рэзананс.
Па ходу кампаніі ў Алісы Швайцэр узнікла ідэя экспарту фемінісцкай рэвалюцыі з Францыі на гістарычную радзіму. Яна перабралася ў Германію і мабілізавала мясцовых праціўнікаў забароны абортаў. Лічыцца, што менавіта Аліса прыдумала славуты лозунг руху за права на аборт: «Маё цела належыць мне».
Пазней яна пачала шукаць комплексны адказ на праблему прыгнёту жанчын у грамадстве. У 1975 годзе Швайцэр апублікавала нешта накшталт Маніфесту за правы жанчын, што зрабіла яе імя вядомым усёй ФРГ. Жаночы рух адназначна прызнаў яе сваім лідарам, тым больш, што характар у Алісы быў вельмі баявы. На наступны год феміністкі дабіліся першага буйнога поспеху: пад іх ціскам быў прыняты закон аб забароне палавой дыскрымінацыі пры працаўладкаванні. Тады ж Швайцэр абвясціла пра стварэнне першага ў ФРГ фемінісцкага часопісу «ЕММА», рэдакцыяй якога кіруе дасюль.
Нягледзячы на тое, што рэдакцыйная праца — справа руцінная, імя Алісы больш ніколі не пакідала старонкі прэсы. Пазнавальнасць ёй забяспечваюць галоўным чынам скандалы. Напрыклад, у 1978 годзе Швайцэр абвясціла вайну парнаграфіі, ахвярай якой стаў славуты часопіс «Stern», што апублікаваў здымкі цяпер ужо культавага фатографа Гельмута Ньютана. Нядаўна яна абвясціла, што ісламская хустка — гэта «вопратка ісламскіх крыжакоў». Напэўна, апошняя гучная выхадка Швайцэр мела месца ў 2009-м, калі яна выступіла ў абарону адной амерыканкі, якая адрэзала мужу пеніс за спробу згвалтавання.
Недзе з сярэдзіны 1980-х гадоў Алісу Швайцэр запрашаюць на розныя шоў або яна сама выступае як вядучая праграм на тэлебачанні. Практычна штогод яна выдае новую кнігу (усяго іх ужо 25). Швайцэр таксама можна пабачыць на розныя свецкіх і палітычных раўтах. Напрыклад, парламент адной з нямецкіх зямель дэлегаваў яе на выбары прэзідэнта ФРГ. А нямецкае выданне «Bild» увогуле падпісала з ёй кантракт на ўдзел у рэкламнай акцыі.
Нягледзячы на неадназначныя ўчынкі Швайцэр, немцы прызнаюць яе заслугі. Паводле апытання 2006 года, 83 працэнты грамадзян ФРГ лічылі, што Аліса Швайцэр шмат зрабіла для абароны правоў жанчын.
А вось ці захаваецца такая папулярнасць у будучым, цяжка прагназаваць. Цяперашні скандал прымусіў па іншаму паглядзець на гісторыю поспеху вядомай феміністкі, і ўвогуле на стан цяперашняга фемінісцкага руху. СМІ нечакана для сябе прызнаюць, што Аліса Швайцэр узурпавала статус галоўнай феміністкі Германіі: выданне «Cicero» нават называе яе Эрыхам Хонэкерам (былы лідар ГДР) фемінізму. «Аліса Швайцэр мела манаполію на медыяльнае прадстаўніцтва фемінізму ў Германіі», — кажа адзін з яе аглядальнікаў. Іншыя СМІ прапануюць тэрмінова затрымаць фраў Швайцэр, пакуль яна не збегла ў Швейцарыю ад пакарання.
Нечакана сталі вядомыя факты барацьбы Швайцэр з апазіцыяй унутры фемінісцкага руху. Усплылі тэксты яе прамоў, у якіх апаненты называюцца «вар’ятамі» і г.д. Апазіцыя крытыкавала Швайцэр за тое, што яна даўно з’яўляецца часткай існуючай сістэмы. Іншымі словамі, яе запрашалі на розныя ток-шоў, цудоўна ведаючы, чаго ад яе можна чакаць.
Пакуль сама Швайцэр працягвае ўпарта трымаць абарону. Яна ўжо прызналася ў тым, што мае рахунак у Швейцарыі, аднак спісала гэта на «прыватную тайну» і на трывожную атмасферу 1980-х. Быццам, пасля прыходу да ўлады партыі кансерватараў з Гельмутам Колем на чале, актывістка перапужалася за сваё жыццё і вырашыла падацца ў эміграцыю.
Для чаго ёй і прыйшлося тайна стаць кліентам швейцарскага банка. Яна таксама лічыць, што публікацыя ў «Der Spiegel» замоўленая крыміналам, які перапужаўся анансаванай Швайцэр на днях кампаніі за забарону прастытуцыі ў ФРГ.
Ва ўсёй гэтай гісторыі цікава тое, што пішуць пра ролю СМІ. Шмат хто лічыць, што якраз журналісты нясуць адказнасць за тое, што Аліса перакрочыла мяжу этыкі. Менавіта журналісты стварылі дзіўную сістэму публічнай экспертызы. Іншымі словамі, сярод рэдактараў існуе кансэнсус наконт таго, што вядучым аўтарытэтам у гэтай сферы ёсць нейкая канкрэтная асоба Х. Усе СМІ запрашаюць менавіта тую асобу ў якасці каментатара. Такая практыка нараджае дзіўную мадэль — калі тая ж Швайцэр лічылася аўтарытэтам выключна таму, што ёй цікавяцца СМІ. Такая зорнасць, быццам, і выклікала ў феміністкі неадэкватнае разуменне таго, што адбываецца за межамі студый.
Нарэшце, пачаліся спрэчкі, хто зойме вакантнае месца Алісы Швайцэр. Так ці інакш, яе сыход адчыняе новую эру ў фемінісцкім руху Германіі. Праўда, узнікае дадатковае пытанне — ці будуць новыя лідары лепш?