Турэцкая труба для Пуціна
Альтэрнатыўны газаправод для дастаўкі расійскага паліва ў краіны Паўднёвай Еўропы патрэбны і Анкары, і Маскве. Адрозненне ў тым, што Турцыя зможа без яго пражыць.
Візіт Пуціна ў Анкару ў снежні мінулага года расійскія СМІ падавалі не іначай як прарыўны. Пуцін абвясціў, што дамовіўся з Эрдаганам пра будаўніцтва «Турэцкай плыні» — наземнага газаправоду з Расіі ў краіны Паўднёвай Еўропы, большая частка якога павінна прайсці праз тэрыторыю Турцыі. Яго будаўніцтва выгадна абедзвюм краінам. Аднак апошнім часам нешта пайшло не так.
Анкара занепакоеная
Кіраўнік турэцкага МЗС Меўлют Чавушаглу напрыканцы студзеня публічна абураўся: расійскія ўлады дагэтуль ніяк не адрэагавалі на занепакоенасць Анкары парушэннем правоў крымскіх татараў на анексаваным Расіяй паўвостраве. Маўляў, Пуціну асабіста перадалі пісьмовы спіс такіх парушэнняў, у якім ёсць факты пераследаванняў, нападаў і забойстваў. «Мы бачым, што па гэтым пытанні няма прагрэсу, ціск уладаў непрызнанай «Рэспублікі Крым» на крымскіх татараў толькі большыцца», — заявіў Чавушаглу і акрэсліў такую сітуацыю як непрымальную.
Праз некалькі дзён пасля гэтай заявы з рэзкай крытыкай у бок Масквы выступіў прэзідэнт Эрдаган. Ён намякнуў, што «адна краіна» не дазваляе правесці рэформу Рады бяспекі ААН, у выніку якой яе часовыя чальцы атрымалі б больш паўнамоцтваў (рэформа Рады патрэбная Анкары, каб, прынамсі, прасунуць рашэнні па Сірыі). Эрдаган таксама заявіў, што прагрэсу ў сірыйскім пытанні замінаюць Расія і Кітай.
Такім чынам, прыязны партнёрскі тон Турцыі да Масквы рэзка змяніўся ці не на супрацьлеглы. На гэтым фоне амбасадару Турцыі ў Расіі Уміту Ярдыму давялося супакойваць расійскіх журналістаў. Ён заявіў, што тэхнічная рэалізацыя «Турэцкай плыні» пачалася. Дыпламат нагадаў, між іншым, што неабходнай фармальнай згоды Анкары на будаўніцтва яшчэ няма, а сам праект чакае вырашэння шматлікіх праблем — напрыклад, вызначэння таго, па якім маршруце будзе пракладзеная «труба».
Наўрад ці амбасадар не ведаў, што маршрут газаправоду на момант заявы ўжо быў узгоднены «Газпрамам» і турэцкай кампаніяй «Botas». Падпісаныя ж у снежні дакументы мелі статус пратаколу аб намерах; а вось міжурадавага пагаднення, пасля якога праект набыў бы рэальныя абрысы, яшчэ няма. Яго падпісанне запланавана на другі квартал 2015 года. У гэтым кантэксце раптоўна ўзнікшыя прэтэнзіі Анкары выглядаюць як настойлівая рэкамендацыя Крамлю асадзіць назад у некалькіх пытаннях.
Момант для крытыкі
Серыя крытычных выказванняў турэцкіх кіраўнікоў у бок Масквы прагучала ў той момант, калі колькасць расійскіх турыстаў на курортах турэцкага Міжземнамор’я адчувальна зменшылася, а ўплыў Расіі на Блізкім Усходзе ці не зніякавеў.
Наступ на Расію па сірыйскім пытанні раней ужо ажыццявіла Саудаўская Аравія, патрабаваўшы ад Крамля адмовіцца ад падтрымкі Башара Асада ў абмен на павышэнне коштаў на нафту. Аднак казаць аб тым, што гэта звёны аднаго ланцуга, не выпадае: у Анкары і Эр-Рыяда занадта розныя інтарэсы і ў Сірыі, і ў рэгіёне ў цэлым, дый уявіць сабе, што саудзіты і туркі гуляюць у адной камандзе, наўрад ці магчыма.
Пытанне крымскіх татараў для турэцкіх уладаў больш важнае: хоць у Турцыі іх пражывае ўсяго 100–150 тысяч, гэтая лічба супастаўляльная з колькасцю татараў у самім Крыме (каля 250 тысяч). Да праблемаў крымскіх татар у Турцыі прыкаваная ўвага ці не ўсяго карэннага грамадства — і губляць палітычныя балы кіруючай у Турцыі Партыі справядлівасці і развіцця не хочацца.
Аднак да перамены тону, якім Анкара размаўляе з Масквой, маглі спрычыніцца і іншыя фактары.
Па-першае, Турцыя ёсць чальцом NATO — структуры, якую расійскія ўлады абвясцілі варожай. Наўрад ці генералам Альянсу прыйшлося даспадобы імкненне Анкары дапамагчы краіне, якая ўсё настойлівей выгінае свае ядзерныя цягліцы.
Па-другое, з патэнцыйным расійскім кантрактам у якасці козыру Турцыя магла выйграць покерную партыю з Берлінам. Наўрад ці ў прыкупе — сяброўства ў Еўрасаюзе, якога Анкара прагне ўжо другое дзесяцігоддзе. Але новы, больш шчыльны фармат узаемадзеяння — гэта тое, на што еўрапейскія ўлады маглі б пайсці ў новых палітычна-эканамічных рэаліях.
Нарэшце, гучныя заявы з турэцкага боку супалі з вынікамі выбараў у Грэцыі, дзе перамаглі радыкалы з партыі «Сірыза». Паводле праекта газаправоду, буйнейшы газавы хаб павінен размясціцца на мяжы Турцыі і Грэцыі. «Сірыза» ж вядомая сваёй прарасійскай, але жорстка антытурэцкай пазіцыяй.
Ахілесава пятка
Хто б насамрэч ні справакаваў перашкоды ў стасунках Анкары і Масквы, турэцкі газаправод — выдатная глеба для маніпулявання Пуціным, бо незалежны ад ЕС маршрут паставак блакітнага паліва патрэбны яму як жыццё.
Актыўная рэалізацыя праектаў Паўночнай і Паўднёвай «плыняў» пачалася з прыходам да ўлады Пуціна ў 2000 годзе, але фактычна да будаўніцтва першай ніткі «Паўночнай плыні» прыступілі ў 2010 годзе. Ідэя трубаправодаў па нічыйным марскім дне палягала ў тым, каб пазбавіць краіны-транзіцёры расійскага газу — Украіну і Беларусь — рычагоў ціску на Крэмль. «Паўночную плынь» пабудаваць паспелі; але неўзабаве падзеі ў Крыме і Данбасе прымусілі еўрапейскія краіны перагледзець сваё стаўленне да закупак расійскага газу, скараціўшы іх, наколькі гэта магчыма.
Заходняя Еўропа ад расійскіх вуглевадародаў амаль не залежыць; значна горш пачуваюцца краіны былога сацлагеру. Галоўная абарончая зброя апошніх — тэрміналы звадкаванага прыроднага газу, якія дазваляюць прымаць буйныя караблі з нарвежскім і танным катарскім газам. Першай такі тэрмінал пабудавала Літва; у 2015 годзе мае адкрыцца буйны газапрымальнік у польскім Свінауйсце, які з выхадам на праектную магутнасць забяспечыць прыём 7,5 мільярда кубаметраў газа штогод — пры агульнапольскіх патрэбах у 9 мільярдаў кубаметраў. Аднак паўднёвыя краіны Еўропы — як чальцы Еўрасаюза, так і не — не могуць пахваліцца такой інфраструктурай, таму па меншай меры на бліжэйшае дзесяцігоддзе Расія мае ў Грэцыі, Балгарыі, Сербіі і іншых краінах рэгіёну цвёрды рынак збыту для свайго паліва.
Вядома, што газ Масква можа пастаўляць і па дзеючай інфраструктуры — прынамсі, па ўкраінскай энергасістэме, якая функцыянуе нягледзячы на вайну. Аднак транзітны кантракт паміж Расіяй і Украінай заканчваецца ў 2019 годзе. Паспяховы турэцкі праект, прынамсі, дазволіў бы Крамлю поўнасцю адмовіцца ад украінскага газавага транзіту.
Але галоўны чыннік для Пуціна — унутрыпалітычны. Расійскі газ прадаваць кудысьці трэба. Працяглы спад кітайскай эканомікі змяншае тамтэйшы рынак, які і без таго насычаны танным туркменскім і іранскім палівам. Да таго ж, будаўніцтва новай ніткі газаправоду ў Кітай, якая мела б супастаўляльную з «плынямі» прапускную здольнасць, вымагала б пракладкі соцень і тысяч кіламетраў «трубы» па вечнай мерзлаце — а гэта зусім іншыя выдаткі, якія пры жорстка акрэсленых Пекінам закупных коштах могуць ніколі не акупіцца. Турэцкі ж прарыў свайму электарату Пуцін ужо легкадумна паабяцаў — і паразу на гэтым напрамку расійскі абывацель яму наўрад ці даруе.