У чаканні «кітайскага Чарнобылю»

Адна з самых папулярных тэмаў заходняй аналітыкі — ці з’яўляецца ўспышка каронавірусу ў КНР аналагам Чарнобыльскай катастрофы, якая запусціла працэс развалу СССР?

Кадр з серыяла "Чарнобыль" 

Кадр з серыяла "Чарнобыль" 

Увосень 2017-га Сі Цзіньпін пад доўгія і гучныя апладысменты ўзняўся на трыбуну Вялікіх народных збораў, каб зрабіць важную заяву. Паводле яго слоў, цяперашняя кітайская мадэль дасягнула велізарных поспехаў. Настолькі велізарных, што можа быць імпартаваная за мяжу, каб стаць варыянтам для краінаў, якія жадаюць паскорыць сваё развіццё, адначасова захоўваючы незалежнасць.
Прайшло два гады, і дэма-версія, якую так рэкламаваў таварыш Сі, падаецца не такой ужо і прывабнай. Усё праз эпідэмію каронавірусу, які шмат для каго засведчыў неэфектыўнасць кітайскай аўтарытарнай мадэлі. Пабудаваная на прынцыпах страху і бюракратызму, яна не стымулявала чыноўнікаў правінцыі Ухань (эпіцэнтру хваробы) паведамляць вышэйшаму кіраўніцтву дрэнныя навіны, у тым ліку пра нейкі вірус. Медыцынскія работнікі і журналісты, якія спрабавалі папярэдзіць грамадскасць, былі падвергнутыя цэнзуры і нават арыштам. Якія доказы правалу мадэлі яшчэ патрэбныя? Нездарма нават некаторыя сябры кіраўніцтва кітайскай Кампартыі, каментуючы цяперашнюю сітуацыю, называюць вірус «сур’ёзным выпрабаваннем для кітайскай сістэмы і здольнасці да яе існавання».
Пракол кітайскіх камуністаў з вірусам шмат каму нагадаў падзеі ўвесну 1986-га ў СССР. Тады савецкія чыноўнікі таксама намагаліся перастрахавацца і схаваць ад насельніцтва інфармацыю пра Чарнобыль. Гэтая палітыка, як вядома, адгукнулася крызісам даверу да ўлады, стварыла грамадскую атмасферу для масавых пратэстных рухаў, якія ў выніку і даканалі Саюз.
«Ці не назіраем мы ў Кітаі рымейк Чарнобылю?» — задаюцца пытаннем шматлікія публіцысты на Захадзе, прагназуючы адначасова хуткі калапс КНР. «Крызіс ужо прадэманстраваў, што цэнтралізацыя палітычнай улады зрабіла кітайскую уладу кволай. Пытанне цяпер у тым, колькі часу трэба, перш чым уся сістэма пачне трэскацца», — піша, напрыклад, амерыканскі часопіс Life.
Забаўна, аднак такую думку падзяляюць шмат заходніх левых, якія вінавацяць Сі Цзіньпіна ў рэстаўрацыі капіталізму ў Кітаі. «Сама капіталістычная сістэма падрыхтавала крызіс у Кітаі, стварыўшы цяжкія сацыяльныя рэаліі. Эканамічны крызіс падарваў легітымнасць бюракратыі, паколькі яна больш не зможа сцвярджаць, што  забяспечвае працоўныя месцы, заробак і павышае ўзровень жыцця. Хутка ёй будзе выстаўлены рахунак за няздольнасць абараніць звычайных людзей ад успышкі каронавіруса», — піша часопіс In defence of Marxism.
Прагнозы прэсы пра хуткую рэвалюцыю былі вельмі папулярныя напачатку лютага. Яшчэ да таго, як смяротны вірус вырваўся за межы Уханя. Да таго, як давялося прыпыняць працу заводаў, як у шматлікіх кітайскіх гарадах быў уведзены моцны паліцэйскі рэжым, а ў інтэрнэце з’явіліся новыя цэнзурныя фільтры. Адсутнасць пратэстнай рэакцыі на гэтыя драконаўскія захады натхніла крытыкаў тэорыі «кітайскага Чарнобылю».
Амерыканскі часопіс Atlantic нагадвае, што каронавірус — гэта не першы катаклізм прыроднага або тэхнагеннага характару апошняга часу ў КНР. Дастаткова ўзгадаць землятрус 2008 года ў правінцыі Сычуань, які забіў пад 70 тысяч чалавек. У тым жа годзе 300 тысяч дзяцей захварэлі праз атручанае малако, куды трапіў небяспечны хімікат. У 2011 годзе сутыкненне хуткасных цягнікоў засведчыла інфраструктурныя праблемы ў краіне, і гэтак далей. Па логіцы, кожная з гэтых катастроф павінна была стаць падставай для «кітайскага Чарнобылю» і, адпаведна, уверцюрай да рэвалюцыі. Але ў кожным выпадку нічога падобнага не назіралася.Прыводзяцца і аргументы на карысць таго, чаму «кітайскага Чарнобылю» не адбылося тады, і няма (прынамсі пакуль) зараз. Па-першае, цэнтральным чыноўнікам заўжды лёгка перакласці адказнасць на мясцовых калегаў. Дарэчы, усё кіраўніцтва правінцыі,дзе выбухнуў вірус, ужо звольнілі. Па-другое, за кошт вірусу можна апраўдаць усе цяжкасці.
Яшчэ больш крытычная да энтузіазму наконт хуткага краху КНР газета South China Morning Post, што выдаецца ў Ганконгу. Вось фрагмент рэзюмэ яе журналіста, брытанца Джэка Хікмана: «Насуперак міфам на старонках заходніх СМІ, медыцынскія работнікі высока ацанілі рэакцыю кітайскага ўраду на гэтую ўспышку. Нягледзячы на раз’юшанасць грамадства, большасць кітайцаў думаюць прагматычна, падтрымліваюць сваю палітычную сістэму і спадзяюцца, што жыццё хутка нармалізуецца». Больш за тое, аўтар непакоіцца, што фантазіі наконт развалу КНР граюць на руку камуністам: «Гэта час высокай напружанасці для Кітая, і мы павінны праяўляць салідарнасць і суперажыванне».
З іншага боку, пасля заканчэння эпідэміі Кітай наўрад ці зможа вярнуцца ў добрыя старыя часы. Нізкі КПД пабудаванай таварышам СІ аўтарытарнай бюракратычнай мадэлі, як адзначалася вышэй, прызнаюць нават самі камуністы. Таму той жа Atlantic дапускае пашырэнне праў грамадязнскай супольнасці пры абсалютным кантролі партыяй усіх сфераў жыцця. Аднак спачатку кітайцам, натуральна, трэба перамагчы эпідэмію, зацяжны характар якой сапраўды можа стварыць падставы для мясцовага «Чарнобылю».