«Усходняе партнёрства» і Міжземнаморскі саюз
«Усходняе партнёрства» не нарадзілася на пустым месцы. Шмат у чым яно выкарыстоўвае напрацоўкі палітыкі ЕС у рэгіёне Міжземнамор’я, якую яшчэ называюць
«Барселонскі працэс».
У комплексе прычын цяперашняй актывізацыі рэгіянальных знешніх праграм ЕС на ўсходнім і на паўднёвым вектарах шмат як агульнага, так і адметнага.
«Усходняе партнёрства» не нарадзілася на пустым месцы. Шмат у чым яно выкарыстоўвае напрацоўкі палітыкі ЕС у рэгіёне Міжземнамор’я, якую яшчэ называюць
«Барселонскі працэс».
У комплексе прычын цяперашняй актывізацыі рэгіянальных знешніх праграм ЕС на ўсходнім і на паўднёвым вектарах шмат як агульнага, так і адметнага.
Да агульнага можна аднесці, па-першае, геаграфічнае становішча краін, якія ўключаныя ў праграмы, і суадносна значную ролю гэтых рэгіёнаў для бяспекі Еўрапейскага кантыненту. Па-другое, значнасць
гэтых краін для эканамічнага развіцця і сацыяльнай стабільнасці ЕС перш за ўсё ў пытаннях міграцыі.
Менавіта магчымая дэстабілізацыя стала тым стымулам, які і абумовіў ініцыятыву і «Барселонскага працэсу» і праграмы «Усходняе партнёрства». У
Міжземнамор’і ёсць свае кропкі напружанасці, у прыватнасці, спрэчкі Турцыі і Грэцыі вакол Кіпру, блізкаўсходні канфлікт, актывізацыя ісламскага экстрэмізму ў краінах Магрыбу. Сыход адсюль
СССР стварыў своеасаблівы палітычны вакуум, і Еўропа мусіла яго запоўніць. Нарэшце, менавіта на пачатку 2000-х гадоў Еўропа пачала разглядаць сябе ў якасці глабальнага гульца, роўнага ЗША, але
— гэта прынцыповая адметнасць — не ў супрацьстаянні, а ў цесным супрацоўніцтве з ЗША.
Другі адметны момант — разбежка па часе. Сваю агульную палітыку партнёрства з бліжэйшымі суседзямі па Міжземнамор’ю еўрапейцы пачалі праводзіць літаральна адразу пасля стварэння
першых агульнаеўрапейскіх інстытутаў. Яшчэ ў Рымскай дамове, якая паклала пачатак інтэграцыі краін Еўропы, прысутнічаў блок канкрэтных мерапрыемстваў, прысвечаных праблеме Міжземнамор’я.
Такім чынам, шмат з таго, што сёння задумваецца ў рамках «Усходняга партнёрства», было апрабавана ў іншым фармаце.
Звычайна на першых этапах актывізацыі кантактаў Еўрасаюз імкнецца падпісваць двухбаковыя дамовы з краінамі. З Турцыяй, Кіпрам і Мальтай былі нават заключаны дамовы пра асацыяцыі, што адкрывала перад
імі патэнцыйную магчымасць далучэння да ЕС.
Уступленне патрабавала шмат часу, але дамоўленасці рабілі больш лёгкім выхад тавараў, вырабленых у паўднёвых краінах, на еўрапейскія рынкі і такім чынам стымулявалі развіццё і мадэрнізацыю
прамысловасці, спрыялі прытоку інвестыцый. І хаця адначасова ўводзіліся пэўныя абмежаванні на экспарт прадукцыі сельскай гаспадаркі, але за гэта краіны атрымлівалі эканамічную і фінансавую
дапамогу.
У акце, падпісаным у Маастрыхце, былі выкладзены новыя контуры адносін з краінамі Поўдня, якія вызначылі іх канкрэтную перспектыву стаць краінамі, асацыіраванымі з Еўрасаюзам. Увосень 1996 года ў
Барселоне адбылася рэгіянальная канферэнцыя, якая прыняла Дэкларацыю аб «Міжземнаморскім партнёрстве». Яе падпісалі 27 дзяржаў. Партнёрства ставіла за мэту правядзенне
«палітычнага дыялогу на рэгулярнай аснове, развіццё эканамічнага супрацоўніцтва і падтрымку сацыяльнага, культурнага і чалавечага развіцця». Менавіта на гэтым пасяджэнні была
створана група па распрацоўцы праекта па фарміраванню ў Міжземнамор’і зоны свабоднага гандлю (запуск праекту плануецца на наступны год).
«Міжземнаморскае партнёрства» адразу намагалася працаваць як комплексная праграма. Рэгулярна адбываліся сустрэчы на ўзроўні міністэрстваў, былі створаны каардынуючыя і адукацыйныя
цэнтры, наладжаны рэгулярны абмен інфармацыяй, праводзіліся мерапрыемствы ў галіне экалогіі, культуры і развіцця турызму.
Якасны крок быў зроблены ў мінулым годзе з падачы Францыі. Нікаля Сарказі ў якасці аднаго з пунктаў сваёй перадвыбарнай праграмы абвясціў стварэнне Міжземнаморскага саюза.
23 кастрычніка 2007 года ён жа, ужо як прэзідэнт Францыі, запрасіў усіх лідэраў краін Міжземнамор’я на саміт у Францыю, дзе і быў абвешчаны дакладны час стварэння саюза — чэрвень
2008 года, час пачатку старшынства Францыі ў Еўрасаюзе. Нарэшце 13 ліпеня ў Парыжы адбыўся саміт Міжземнаморскага саюза з удзелам прадстаўнікоў 43 краін. Прыняты статут і дэкларацыя.
У першапачатковых планах Міжземнаморскі саюз будзе кіравацца паводле прынцыпаў ратацыі (прынцып, падобны дзейнаму ў ЕС). Займаючыся пытаннямі энергіі і энерганосьбітаў, бяспекі, барацьбы з тэрорам,
міграцыі, гандлю, Міжземнаморскі і Еўрапейскі саюзы змогуць працаваць разам у межах некаторых агульных структур, уключаючы праваахоўныя структуры ў рамках барацьбы з карупцыяй, тэрарызмам,
арганізаванай злачыннасцю, гандлем людзьмі. Час падводзіць вынікі праекту саюза яшчэ рана, аднак перспектывы ў яго каласальныя (дастаткова згадаць пра ідэю Зоны вольнага гандлю).
Што тычыцца перашкод на шляху праекта, то сюды варта аднесці адсутнасць яснага бачання, як можна скасаваць сацыяльна-эканамічныя дыспрапорцыі паміж Поўначчу і Поўднем. Яшчэ адзін фактар —
пазіцыя Турцыі, якая будучы кандыдатам у Еўрасаюз, баіцца, што ўдзел у Міжземнаморскім саюзе можа запаволіць працэс яе інтэграцыі ў ЕС. Не вельмі радасна ставіцца да саюза і Берлін. Ён вымушаны
прызнаць ролю Францыі як пасярэдніка ў палітычным дыялогу з краінамі Міжземнамор’я і краінамі-пастаўшчыкамі афрыканскага прыроднага газу.
У гэтым плане праекту «Усходняга партнёрства» пашанцавала куды больш: ніводная з краін-удзельніц праграмы не знаходзіцца ў стане ўзаемнай канфрантацыі, а ўсе краіны ЕС, у
сваю чаргу, дастаткова пазітыўна, без прыкмет рэўнасці, успрымаюць праект «Усходняга партнёрства». Аднак, каб дагнаць «міжземнаморцаў», «усходнім
еўрапейцам» трэба будзе шмат папрацаваць.