Венесуэла: Ці стане Гансалес другім Гуайда?

 У Венесуэле выдалі ордэр на арышт апазіцыйнага экс-кандыдата ў прэзідэнты Эдмунда Гансалеса. Такім чынам сцэнар, калі ў краіны будзе другі за апошнія дзесць гадоў альтэрнатыўны афіцыйнаму прэзідэнт, становіцца ўсё больш верагодным.

Калаж НЧ

Калаж НЧ

Нядаўна венесуэльскімі археолагамі ў нацыянальным парку Канайма (штат Балівар) былі выяўлены наскальныя малюнкі: узоры ў выглядзе зорак, крыжыкаў, раслін і людзей. Гаворка ідзе аб навуковай сенсацыі, беспрэцэдэнтным выпадку. Узрост твораў мастацтва, а інакш іх і не назавеш, прыкладна 4 тыс. гадоў. Навукоўцы нават кажуць пра нейкую «невядомую культуру»,

Між тым, простыя венесуэльцы жартуюць, што гэтыя карцінкі намалявалі прыхільнікі Нікаласа Мадуры, каб адцягнуць увагу выбаршчыкаў ад апошняга электаральнага скандалу. Апазіцыя і значная частка міжнароднай супольнасці працягваюць аспрэчваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў Венесуэле 28 ліпеня.

Глядзіце таксама

ЗША разам з дзесяццю краінамі Лацінскай Амерыкі выпусцілі сумесную заяву, што яны не прызнаюць рашэння Вярхоўнага суда Венесуэлы аб перамозе на выбарах Нікаласа Мадуры. Як доказ рашучасці сваіх намераў Штаты нават канфіскавалі самалёт Мадуры.  

Асцярожную пазіцыю займаюць Бразілія і Калумбія. Прэзідэнт Бразіліі Лула прапануе фарміраванне кааліцыйнага ўрада, які аб'яднае прадстаўнікоў чавізму і апазіцыі, або правядзенне новых выбараў. У прынцыпе, прапанова разумная, але ва ўмовах непрымірымасці бакоў немагчымая. Калі апазіцыя ўвойдзе ў гэты кабмін, яна фактычна прызнае выбары, паколькі кіраваць гэтым урадам будзе, відавочна, Мадура.

Унутры краіны таксама не спакойна. З канца ліпеня падчас пратэстаў супраць пераабрання Мадуры загінулі 27 чалавек і яшчэ 192 атрымалі раненні. Па афіцыйных даных, было арыштавана 2400 чалавек.

Пры гэтым нельга казаць, што венесуэльскія змагары здолелі ўзяць вуліцу пад кантроль. У выніку масавай эміграцыі (прыкладна 8 мільёнаў чалавек) адбылася буйная, хаця і не катастрафічная эрозія сацыяльнай базы апазіцыі. Прычым апаненты Мадуры працягваюць і зараз пакідаць краіну.

Дарэчы, падчас супрацьстаяння апазіцыі і ўладаў Венесуэла, падаецца, стала сусветным палігонам для адпрацоўкі новых палітычных тэхналогій. На гэты раз — інфармацыйных з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Баючыся арыштаў, апазіцыйныя венесуэльскія журналісты аб'ядналіся ў ананімную супольнасць і цяпер вяшчаюць пад прыкрыццём віртуальных журналістаў, створаных штучным інтэлектам.

Рэгулярную навінавую палітычную праграму, якая распаўсюджваецца дэцэнтралізавана ў сацсетках і пакуль даступным у Венесуэле YouTube, вядуць два аватары: дзяўчына La Chama і малады чалавек La Pana. La Chama і La Pana выступаюць у ролі віртуальных суфлёраў тэкстаў, якія пішуць у падполлі журналісты.

У рэшце рэшт, улады вырашылі нанесці ўдар па штабах суперніка і ў панядзелак выдалі ордэр на арышт экс-кандыдата ў прэзідэнты Эдмунда Гансалеса, які лічыць сябе пераможцам прэзідэнцкай гонкі. Нагадаем, менавіта на ягонай кандыдатуры спынілася апазіцыя пасля забароны ўдзельнічаць у выбарах Марыі Карыне Мачада — харазматычнай правадырцы апазіцыйнага лагеру.

Гансалеса пракуратура падазрае ў «прысваенні паўнамоцтваў выбарчай камісіі», паколькі на сайце кампаніі Гансалеса прыводзяцца даныя, паводле якіх ён атрымаў перамогу. Па афіцыйных жа даных, Мадура атрымаў 51,9% галасоў, а Гансалес — 43,2%. Гэта не ўсё: 75-гадовага былога дыпламата Гансалеса таксама абвінавачваюць ва ўзурпацыі пасады, падробцы дакументаў і сувязях з донарамі «тэрарызму».

Каментуючы ордэр на арышт Гансалеса ў сваёй штотыднёвай тэлевізійнай праграме ў панядзелак, Мадура заявіў: «Ніхто ў гэтай краіне не стаіць вышэй за закон, вышэй інстытутаў».

Судзячы па першай рэакцыі, арышт Гансалеса наўрад стабілізуе сітуацыю. Тым больш, што ў студзені скончыцца цяперашняя кадэнцыя Нікаласа Мадуры. Чакаецца, што шэраг краін хутчэй за ўсё прызнаюць Гансалеса кіраўніком Венесуэлы. 

Такім чынам, другі раз у Венесуэлы магчыма будзе два прэзідэнты. Нагадаем, што пасля выбараў 2015 года экс-спікер парламента Хуан Гуайдо быў прызнаны на Захадзе легітымным прэзідэнтам Венесуэлы і працаваў у такім статусе да 2023 году. Не выключана, што гісторыя паўтарыцца. З той розніцай, што Гансалес будзе выконваць свае прэзідэнцкія функцыі ў турме. 

У любым выпадку, пратэсты працягнуцца. Але іх маштаб праз згаданы вышэй масавы адток з краіны супернікаў Мадуры пакуль прадбачыць цяжка.