Мадура пазбаўляецца канкурэнтаў. Выбары-2024 у Венесуэле могуць прайсці без удзелу апазіцыі

У якасці рэакцыі на зняцце з прэзідэнцкіх выбараў кандыдатаў ад венесуэльскай апазіцыі ўрад ЗША пагражае аднавіць шырокія санкцыі супраць Каракаса.

Нікалас Мадура і Марыя Мачада

Нікалас Мадура і Марыя Мачада

З выбараў, якія пройдуць у Венесуэле ў другой палове гэта года, ужо знята ажно шэсць кандыдатаў — апанентаў дзейнаму прэзідэнту Нікаласу Мадуру. Самая цікавая сярод іх безумоўна Марыя Корына Мачада Парыска (нар: 1967 г.) — венесуэльскі палітык, прафесар і інжынер-тэхнолаг, а таксама былы дэпутат. Таксама яна вядомая як заснавальніца ліберальнага руху «Вэнтэ Венесуэла». У прынцыпе, яе паход ва ўладу і выклікаў сённяшні скандал. 

У 2023 годзе Марыя была дэлегаваная сваёй партыяй на праймерыз адзінага кандыдата ад апазіцыі. Той праймерыз яна лёгка выйграла, набраўшы 90 працэнтаў галасоў.

Хаця фармальна працэдура вызначэння адзінага кандыдата ад апазіцыі мела закончыцца ў кастрычніку мінулага года, улада вырашыла атакаваць прэвентыўна. Ужо 30 чэрвеня 2023 года генеральны пракурор праінфармаваў, што Мачада пазбаўлена права займаць дзяржаўныя пасады на працягу 15 гадоў за кантакты з самаабвешчаным прэзідэнтам Хуанам Гуайдам. Яшчэ адна падстава, каб забараніць апазіцыйнаму палітыку балатавацца, — яе пазітыўная ацэнка вонкавых міжнародных санкцый. 

Глядзіце таксама

Аднак частка апазіцыі пастанову пракуратуры праігнаравала, і ў мінулым кастрычніку вылучыла сеньёру Мачада кандыдатам у прэзідэнты. «Хоча Мадура ці не, але ён будзе канкураваць са мной, і мы яго пераможам», — упэўнена заяўляла тады лідарка апазіцыі.

Няма сумневаў, што рашучасць палітыка таксама можна патлумачыць знешнепалітычнай атмасферай. Вашынгтон быў не супраць пераглядзець санкцыі ў нафтавым, газавым і золатаздабывальным сектарах Венесуэлы ў абмен на палітычную лібералізацыю. У тым ліку асобна падкрэслівалася, што Мачада зможа балатавацца на выбарах прэзідэнта. І трэба сказаць, што Каракас спачатку быў нібы не супраць такога сцэнару.

У кастрычніку ўрад і аб'яднаная апазіцыя заключылі на востраве Барбадас дамову. Абодва бакі асудзілі ўсе спробы якога-небудзь умяшання ў выбарчы працэс на радзіме. Як запэўніў Мадура, пры выкананні гэтай умовы ўсе палітычныя сілы будуць мець права «вылучаць сваіх кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары свабодна і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла».

Глядзіце таксама

Усё змянілася на мінулым тыдні, калі былі арыштаваныя 36 чалавек, якія, як сцвярджае афіцыёз, рыхтавалі забойства Мадуры. Сярод іх шэраг кіраўнікоў перадвыбарчага штаба Мачада. Іх таксама вінавацяць у кантактах з супрацоўнікамі ЦРУ і агенцтвам амерыканскай паліцыі па барацьбе з наркотыкамі (DEA). Адначасова ўлады пацвердзілі, што Мачада адхіляецца ад удзелу ў выбарах.

Вашынгтон аператыўна адрэагаваў на хапун. «Злучаныя Штаты перагледзяць нашу палітыку санкцый у дачыненні да Венесуэлы, грунтуючыся на гэтым факце і нядаўніх палітычных атаках на кандыдатаў ад дэмакратычнай і грамадзянскай апазіцыі», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента Мэцью Мілер.

Венесуэльская апазіцыя, аб'яднаная ў Дэмакратычную ўнітарную платформу (PUD), спрабуе пашырыць маштаб ціску на ўладу. Яе правадары звярнуліся да міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, асабліва да лідараў Францыі і Калумбіі, з заклікам умяшацца і дабіцца адмены дыскваліфікацыі з выбараў лідара Марыі Мачада.

Адказ венесуэльскага афіцыёзу быў вельмі жорсткі. «Цяпер робяцца спробы здзейсніць дзяржаўны пераварот праз прымус і пагрозы», — заявіў міністр замежных спраў Венесуэлы, рэагуючы на санкцыі Вашынгтона, якія былі адноўлены пасля арыштаў. Глава дыпламатыі заклікаў насельніцтва абараняць нацыянальны суверэнітэт і заклікаў да міжнароднай салідарнасці, каб «адхіліць неакаланіяльнае ўмяшанне ў падтрымку алігархіі».

Усё, на першы погляд, ідзе да рымейку 2018-га, калі ў краіне прайшлі прэзідэнцкія выбары без удзелу папулярных лідараў апазіцыі, якіх у дадатак узялі пад варту. Чакана перамогу атрымаў Нікалас Мадура. Аднак ягоная перамога не прызнавалася апазіцыяй і большасцю краін Захаду і Лацінскай Амерыкі. Гэта, у сваю чаргу, выклікала маштабны палітычны крызіс.

Зрэшты, невялікі шанц, што выбары з удзелам апазіцыі ўсё ж адбудуцца, застаецца. Раней Каракас пагадзіўся з прапановай Нарвегіі сфарміраваць камісію па разглядзе і кантролі за выкананнем згаданага вышэй Барбадаскага пагаднення. «Нягледзячы на пастаянныя нападкі на канстытуцыю, мы зробім новую спробу захаваць пагадненні», — заявіў старшыня парламента краіны.