Венесуэла пасля выбараў. Дасье ў карыкатурах
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 27 ліпеня, на якіх «элегантна перамог» Нікалас Мадура, Венесуэла пагрузілася ў хаос. За сітуацыяй у краіне сочаць і карыкатурысты замежных медыя.
Трыгерам эскалацыі стала заява Нацыянальнай выбарчай рады краіны (CNE). Венесуэльскі выбаркам абвясціў Мадуру пераможцам па выніках падліку 80% галасоў, Паводле яго, дзейны прэзідэнт набраў 51% галасоў, а яго галоўны канкурэнт — кандыдат ад апазіцыі Гансалес — 44,2%. Венесуэльскі афіцыёз адрэагаваў на гэта адпаведнай графікай.

Паведамленні венесуэльскіх «ярмошыных» адразу выклікалі скепсіс. Аб'яўляючы вынікі выбараў, CNE не прадставіў ніякіх дакументаў. Кіраўнік Нацыянальнай асамблеі Хорхе Радрыгес растлумачыў немагчымасць дэманстрацыі тых жа пратаколаў збоем з-за хакерскага нападу. Відавочна, многія зводкам CNE не паверылі. З'явілася маса карыкатураў на тэму фальсіфікацый вынікаў галасавання.

У сувязі з адмовай апазіцыі прызнаць афіцыйныя вынікі, у Каракасе і шэрагу іншых гарадоў Венесуэлы пачаліся пратэсты. Лічба прыхільнікаў апазіцыі, пацярпелых у сутыкненнях з сілавікамі, набліжаецца да сотні, загінулі не менш за 20 чалавек. Больш за тысячу пратэстоўцаў затрыманы. Свой унёсак у пратэсты робяць і мастакі.

Праўладныя структуры таксама аб'явілі мабілізацыю. Пры гэтым справа не абмяжоўваецца вулічнымі акцыямі. Як паведаміла агенцтва Associated Press, група невядомых у масках у ноч на 2 жніўня ўчыніла напад на штаб-кватэру лідара венесуэльскай апазіцыі Марыі Карыны Мачада. Вось як гэты інцыдэнт убачыў адзін з карыкатурыстаў.

Вельмі хутка супрацьстаянне ўнутры краіны выйшла на міжнародны ўзровень. Шэраг дзяржаў адмовіліся прызнаваць Мадуру прэзідэнтам. А ЗША ўвогуле прызналі пераможцам прэзідэнцкіх выбараў кандыдата ад апазіцыі. Кітайскія і расійскія прапагандысты тут жа ўбачылі ў гэтым умяшанне ва ўнутраныя справы Венесуэлы.

Усё гэта нагадвае гісторыю Хуана Гуайда У студзені 2019 года падчас антыўрадавых пратэстаў тагачасны спікер парламента Венесуэлы Хуан Гуайда абвясціў сябе часовым прэзідэнтам краіны. ЗША на чале з прэзідэнтам Дональдам Трампам (2017-2021 гг.) прызналі Гуайда і нават далі яму доступ да венесуэльскіх актываў, замарожаных у Амерыцы. Пасля Гуайда прызналі прэзідэнтам больш за 50 краін. Але ў выніку гэта ні да чаго не прывяло: самі ЗША адклікалі прызнанне Гуайда 4 студзеня 2023 года.
Калі ўсё гэта паўторыцца, то краіну чакае цыкл, які адлюстраваў адзін з графікаў. Паводле малюнка, пасля выбараў апазіцыю чакаюць рэпрэсіі, а простых людзей – лёс эмігрантаў ды інфляцыя да наступлення наступных выбараў.

Аднак паўтарыць цыкл Мадуры будзе вельмі цяжка. За апошнія гады ён пасварыўся са многімі экс-партнёрамі. Ды і простым людзям па выніках апошняй кадэнцыі Мадуры праз крызіс стала менш што губляць. У гэтым плане актуальная карыкатура, на якой Мадура дае зразумець, што простыя венесуэльцы ўсё роўна памруць: ці праз рэпрэсіі, ці праз эканамічны крызіс.
