Чавесапад і масавыя паслявыбарчыя пратэсты ў Венесуэле
У Венесуэле апазіцыя пратэстуе супраць абвяшчэння Нікаласа Мадура
пераможцам выбараў. Паводле афіцыйнай статыстыкі ўладаў Венесуэлы, Нікалас
Мадура атрымаў, нібыта, 51% галасоў і
застаецца на трэці 6-гадовы прэзідэнцкі тэрмін. Незалежныя экзіт-полы кажуць, што
за галоўнага суперніка Мадура — Гансалеса прагаласавалі больш за 65 працэнтаў выбарцаў. Венесуэла адклікае сваіх дыпламатаў з краін, якія не прызналі новай перамогі Мадура.
Дзевяць краін Лацінскай Амерыкі запатрабавалі надзвычайную сустрэчу рады Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў (ААД) праз прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле. Адпаведная дэкларацыя заклікае да поўнага перагляду вынікаў выбараў. Да іх далучыліся і іншыя краіны.
Пасля таго, як Цэнтрвыбаркам Венесуэлы ў ноч на панядзелак абвясціў пераможцам выбараў дзеючага прэзідэнта Нікаласа Мадура, тысячы яго праціўнікаў выйшлі пратэставаць на вуліцы Каракаса і іншых гарадоў краіны. Пачаліся сутыкненні з паліцыяй і вайскоўцамі.
Тысячы чалавек на знак пратэсту выйшлі на вуліцы Каракаса
«Спачатку яны білі ў рондалі і патэльні, пратэстуючы супраць таго, што прэзідэнт Мадура абвясціў сябе пераможцам. Затым напружанне пачало расці, — паведамляе карэспандэнт ВВС з Каракаса. — Тысячы пратэстоўцаў пайшлі пешшу — некаторыя за шмат кіламетраў — у цэнтр і да прэзідэнцкага палаца. На вуліцах паляць аўтамабілі, покрыўкі і смецце. Пачаліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і ўзброенай паліцыяй».
Паліцыянты і вайскоўцы, якія перакрылі вуліцы вакол прэзідэнцкага палаца, пачалі страляць у пратэстоўцаў пластыкавымі кулямі і гранатамі са слёзатачывым газам.
Дэманстранты адказвалі камянямі і бутэлькамі з гаручай сумессю.
Пратэстоўцы скандавалі: «Свабода!» і «Гэтая ўлада ўпадзе!», зрывалі і палілі развешаныя па сценах і слупах партрэты Мадура.
ВВС перадае, што разам з паліцыяй і вайскоўцамі ў сутыкненнях удзельнічае, абараняючы ўладу Мадуры, левая ваенізаваная арганізацыя, чальцоў якой называюць «калектывізас».
Уначы пратэстоўцы ў розных кутках краіны пачалі руйнаваць помнікі Уга Чавесу.
Нагадаем, у 2018 годзе, да і пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, пратэсты ў Венесуэле працягваліся некалькі месяцаў, але ўлада Мадуры і Адзінай сацыялістычнай партыі Венесуэлы тады выстаяла.
Нацыянальная выбарчая рада, падкантрольная Мадура і яго Адзінай сацыялістычнай партыі Венэсуэлы, па выніках выбараў, якія прайшлі ў нядзелю, абвясціла, што дзейны прэзідэнт набраў 51,2% галасоў, а кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі Эдмунда Гансалес — 44%.
Незалежныя экзітполы паказвалі, што за Гансалеса галасавалі каля 65%, а за Мадура — ад 14% да 31%.
Лідар апазіцыі Марыя Корына Мачада сказала ў панядзелак журналістам, што пералік галасоў, які самастойна вядзе апазіцыя, паказвае ўпэўненую перамогу Гансалеса. Паводле яе слоў, Гансалес сабраў 6,27 мільёна галасоў, а Мадура — усяго 2,75 мільёна.
Мачада ўдакладніла, што ў распараджэнні апазіцыі ёсць копіі 73% пратаколаў з выбарчых участкаў.
Нагадаем, Марыі Корына Мачада ўлады забаранілі балатавацца, і замест яе на выбары пайшоў 71-гадовы былы дыпламат Гансалес.
Як адзначае агенцтва AFP, лідары апазіцыі не заклікалі да вулічных пратэстаў — яны ўзніклі стыхійна.
Пратэсты распаўсюдзіліся на ўсю краіну.
Нікалас Мадура ў панядзелак наведаў пасяджэнне Нацыянальнага выбарчага савета, на якім было зацверджана яго пераабранне на наступны тэрмін.
Мадура адмёў абвінавачванні ў падтасоўцы вынікаў выбараў і, не турбуючы сябе доказамі, заявіў, што пратэсты супраць яго перавыбрання — гэта спроба перавароту, якую «фашысцкія і контррэвалюцыйныя сілы» ажыццяўляюць па падгаворванні замежных дзяржаў.
Сярод гэтых дзяржаў, якіх Мадура называе сваімі ворагамі і якія не прызналі заяўленыя вынікі венесуэльскіх выбараў — прынамсі 12 краін абедзвюх Амерык.
Яны запатрабавалі тэрміновага склікання пастаяннай рады Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, і ў панядзелак было абвешчана, што Рада збярэцца ў сераду ў Вашынгтоне.
Дзяржсакратар ЗША Блінкен адзначыў наконт выбараў у Венесуэле: «У нас ёсць сур'ёзныя асцярогі, што абвешчаныя вынікі не адлюстроўваюць жадання ці голасу венесуэльскага народа... Міжнародная супольнасць уважліва назірае і будзе дзейнічаць адпаведным чынам».