Венесуэльскія «кузнечыкі»

Яшчэ не забылася гісторыя бацькі і сына Кузнечыкаў, якія ў 2020 годзе хаваліся ад беларускіх сілавікоў у шведскім пасольстве ў Мінску. Нешта падобнае сёння адбываецца ў Каракасе.

Шасцёра праціўнікаў венесуэльскага рэжыму хаваюцца ў пасольстве Аргенціны ў Каракасе. Калаж clarin.com

Шасцёра праціўнікаў венесуэльскага рэжыму хаваюцца ў пасольстве Аргенціны ў Каракасе. Калаж clarin.com

У гісторыі Лацінскай Амерыкі хапала палітыкаў, якія ў пошуках прытулку беглі ў замежныя пасольствы, дзе потым жылі шмат гадоў. Самым вядомым з іх быў перуанскі лідар Віктар Рауль Айя дэ ла Торэ, які правёў пяць гадоў у амбасадзе Калумбіі ў Ліме.

На нейкім этапе такіх выпадкаў стала так шмат, што ў 1954 годзе на канферэнцыі Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў была прынята Канвенцыя аб праве на прытулак, у тым ліку, у пасольствах. Праўда, з важнай агаворкай: палітычны прытулак не можа быць прадастаўлены асуджаным злачынцам, калі абвінавачанні, якія ляжаць у аснове такога прысуду, не маюць палітычнага характару.

Самае цікавае, што Канвенцыя практычна не парушалася. Нават у самы цёмны час ваенных дыктатур Лацінскай Амерыкі ў 1960-х і 1970-х гадах паліцыі не дазвалялася ўрывацца ў будынкі пасольстваў, каб арыштаваць просьбітаў прытулку.

У тым ліку, верагодна, таму венесуэльскія сілавікі ўстрымаліся ад інтэрвенцыі ў пасольства Аргенціны, дзе летась у снежні схаваліся шэсць мясцовых апазіцыянераў. Гаворка пра Педра Урручурту, Магалі Меда, Клаўдыя Масера, Умберта Вільялобас, Амара Гансалес, Факунду Марцінес Матола. Іх жыццю і свабодзе аб'ектыўна пагражае рэальная небяспека.

Апазіцыянеры адносна спакойна жылі ў пасольстве, пакуль у мінулую нядзелю ў Венесуэлы не прайшлі выбары. Іх вынікі — «элегантная перамога» Нікаласа Мадуры, выклікалі сумненне не толькі ў многіх венесуэльцаў. Шэраг урадаў краін Лацінскай Амерыкі скептычны ацанілі працу выбаркама.

У адказ на фоне крызісу, які ўзмацняецца па выніках выбараў, урад Мадуры запатрабаваў ад дыпламатаў гэтых краін пакінуць Венесуэлу. У прыватнасці, рэжым выдварае дыпламатаў Уругвая, Парагвая, Чылі і Эквадора і, безумоўна, Аргенціны. Пры гэтым Мадура прад'явіў ультыматум дыпмісіі Аргенціны: пакінуць Каракас цягам 72 гадзін.

Калі дыпламаты, валодаючы прававым імунітэтам, могуць спакойна пакінуць будынак пасольства і краіну, то для апазіцыянераў гэта рызыкоўна. «Сітуацыя зайшла ў тупік. Мы разглядаем варыянты, але прыярытэтам з'яўляецца бяспека просьбітаў прытулку», — заявілі ўрадавыя крыніцы аргенцінскай газеце La Nacion.

Паводле інфармацыі той жа газеты, МЗС, адміністрацыя прэзідэнта і міністэрства бяспекі разглядаюць два варыянты. Першы (вельмі малаверагодны) заключаецца ў тым, што Мадура гарантуе бяспеку апазіцыйным лідарам і дазволіць ім пакінуць краіну.

Другі (гэты план становіцца ўсё больш рэалістычным) — просьбітаў прытулку перавядуць у дыппрадстаўніцтва іншай краіны, якая не падтрымлівае рэжым Мадуры.

Дарэчы, згодна з згаданай вышэй Канвенцыяй, якую таксама падпісаў Каракас у 1954 годзе, калі з-за разрыву адносін дыппрадстаўніцтва, якое прадаставіла прытулак, павінна пакінуць тэрыторыю дзяржавы, то просьбіты прытулку з'язджаюць разам з дыпламатамі.

Таксама ў канвенцыі пазначана: «Калі выкананне палажэнняў папярэдняга пункта немагчыма па прычынах, якія не залежаць ад просьбітаў прытулку або дыпламатычнага прадстаўніка, апошні перадае іх прадстаўніцтву трэцяй дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Канвенцыі з гарантыямі, устаноўленымі ў ёй».

Як бачым, варыянт з пераводам апазіцыянераў у іншае пасольства — рэальны. Тэарэтычна ў якасці новага сховішча для апазіцыянераў разглядаюць дыпмісіі Балівіі, Бразіліі і Калумбіі. Балівія — адзіная ў Паўднёвай Амерыцы — афіцыйна прызнала абвешчаныя Мадурам вынікі. Але не факт, што тыя ж балівійцы пагодзяцца. Ні адна з гэтых краін не гарыць жаданнем атрымаць у спадчыну вялікую праблему ў выглядзе бежанцаў у пасольстве.

Ёсць яшчэ трэці варыянт: «перадаць бежанцаў дзяржаве, якая не з'яўляецца ўдзельнікам Канвенцыі, якая згаджаецца прадаставіць прытулак». Дзяржава, на тэрыторыі якой знаходзяцца гэтыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы (гэта значыць Венесуэла), не павінна перашкаджаць названым дзеянням».

Між тым тэрмін на мінае. Ніхто не ведае, што чакае венесуэльскіх «кузнечыкаў».

Дарэчы, ёсць і чацвёрты варыянт: пратэсты, якія пачаліся ў краіне, перамогуць, і тады не выключана, што шукаць прытулак у пасольствах тады давядзецца Мадуру і яго камандзе.