Сусветныя цікавосткі: спрэчкі за кебаб і новы працоўны дзень

Спрэчка наконт таго, які рэцэпт кебаба з'яўляецца кананічным, выйшла на еўрапейскі ўзровень. Скандальны ісламскі прапаведнік не змог набыць выспу ў Шатландыі. Новы працоўны дзень у Грэцыі. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».

Вайна кебабаў

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

«Новы Час» ужо пісаў пра незвычайную ініцыятыву адной турэцкай грамадскай арганізацыі, якая прапануе на ўзроўні ЕС афіцыйна прызнаць кебаб (ён жа — шаурма) нацыянальнай стравай турак. У такім разе ўсе еўрапейскія вырабнікі кебабаў меліся рабіць іх выключна адпаведна прынятым у Турцыі стандартам.

Гэта выглядала як кур’ёз, але нечакана ініцыятыву падтрымала адміністрацыя турэцкага прэзідэнта Таіпа Эрдагана. Анкара накіравала адпаведную заяву ў Еўрапейскую камісію, і гэта збянтэжыла вырабнікоў тых кебабаў па ўсёй Еўропе. Больш за іншых занепакоеныя ў Германіі, дзе кебабы — самы папулярны фаст-фуд. Мясцовае міністэрства сельскай гаспадаркі крытычна адрэагавала на спробы манапалізацыі кебаба. Кіраўнік ведамства кажа, што нямецкі рэцэпт кебабаў адрозніваецца ад турэцкага. Таму, маўляў, калі мясцовыя вырабнікі кебабаў пачнуць рабіць фаст-фуд паводле турэцкіх нормаў, спажыўцы гэтага не зразумеюць, і ў выніку гэты сектар чакае крызіс. 

Такую негатыўную рэакцыю трэба было чакаць. Справа ў тым, што нямецкім міністэрствам сельскай гаспадаркі кіруе прадстаўнік партыі Зялёныя. Эколагі традыцыйна крытыкуюць рэжым Эрдагана за аўтарытарызм, замах на правы кабетаў і.г.д. 

Так ці інакш, у Еўрапейскай камісіі кажуць, што зараз вывучаюць пярэчанні Германіі і, пры неабходнасці, ініцыююць «кансультацыйны працэс». У такім выпадку Германіі і Турцыі давядзецца дамовіцца аб «правільным» рэцэпце кебаба.

Шатландская выспа для шыітаў 

edr230020_01_1024x650.jpg

Нечакана ў топах навінаў з'явілася назва Торса — бязлюдная шатландская выспа. Усё з-за незвычайнай прапановы шыіцкага прапаведніка Ясіра аль-Хабіба. Апошні папрасіў прытулку ў Вялікабрытаніі 20 гадоў таму пасля ўцёкаў з роднага Кувейта, дзе ён правёў амаль тры месяцы ў турме за абразу суніцкай веры. У Альбіёне Ясір набыў вялікую колькасць паслядоўнікаў сярод 400 000 шыітаў, якія мешкаюць у Вялікабрытаніі, а таксама ў мільёнаў іншых шыітаў па ўсім свеце. Такая папулярнасць дапамагла яму сабраць шмат грошай, каб у выніку папрасіць брытанскі ўрад прадаць яму Торсу, на якой ён планаваў стварыць новую тэакратычную дзяржаву. Яе грамадзянамі мелі стаць шыіты з усяго свету, каб тут дачакацца прыбыцця свайго месіі Махдзі.

Такая смелая камерцыйная прапанова чакана не прайшла. У выніку ўладальнік невялікай выспы адмовіўся прадаць яе шыіцкаму прапаведніку. Як не дзіўна, такое рашэнне асудзілі некаторыя брытанскія эксперты. Па іх словах, пасля правалу плану стварэння дзяржавы на Торсе Ясір аль-Хабіб можа пераключыцца на стварэнне ўласнай падпольнай арміі. 

Застаецца дадаць, што ўлады Брытаніі шмат у чым самі стварылі сябе праблему ў выглядзе Ясіра. З моманту свайго прыбыцця ў 2004 годзе прапаведнік неаднаразова быў аб'ектам крытыкі. Многія беспаспяхова спрабавалі закрыць яго тэлеканал з-за пастаянных нападак на людзей суніцкай веры.  Як вынік, Ясір аль-Хабіб змог «раскруціцца» і сабраць сродкі, якія, напэўна, пойдуць на фінансаванне вельмі сумнеўных праектаў.

Субота — працоўны дзень!

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

У свеце цяпер шмат гавораць, што трэба скарачаць працоўны тыдзень. Але толькі не ў Грэцыі. Тут наадварот мясцовы ўрад, які зараз фарміруюць правыя партыі, вырашыў аб'явіць суботу працоўным днём. Сам урад апісвае гэты крок як «надзвычайную меру». Як і многія краіны ў Еўропе, Грэцыя сутыкаецца з сур'ёзным недахопам працаўнікоў. Становішча асабліва драматычнае з-за значнага адтоку працоўнай сілы пасля фінансавага крызісу 2010 года (паводле ацэнак, з'ехала каля 500 000 грэкаў — 5% цяперашняга насельніцтва). Прэм'ер Грэцыі Кірыякас Міцотакіс лічыць, што самы аптымальны варыянт у такой сітуацыі — не запрашаць імігрантаў, а папрасіць мясцовых працаваць больш. Тым больш, за шосты дзень працы грэкі атрымаюць бонус — 40-працэнтную надбаўку да заработнай платы. 

Зрэшты анансаваная рэформа, нягледзячы на ​​такія прывабныя аспекты, усё роўна з'яўляецца вельмі непапулярнай сярод наёмных працаўнікоў. Грэчаскія прафсаюзы ўжо даслалі ўраду выразны сігнал, што працоўныя хутчэй адмовяцца ад больш высокіх прыбыткаў, чым будуць працаваць па суботах.

Куды падзець грошы?

Прадавец крамы з Аргенціне пералічвае грошы. Фота AP

Прадавец крамы з Аргенціне пералічвае грошы. Фота AP

Аргенціну напаткала незвычайная праблема: банкі не ведаюць куды падзець мільёны тон банкнот. Дакладней, купюр дробных наміналаў. З-за інфляцыі банкнот у Аргенціне і так шмат — амаль 12 мільёнаў. У пераліку на душу насельніцтва — гэта 258 штук на асобу (для параўнання: у суседняй Чылі на аднаго жыхара прыпадае 63 купюры). Банкі і раней адчувалі цяжкасці наконт таго, як захоўваць дробныя купюры. А тут цэнтрабанк вырашыў упершыню друкаваць банкноты наміналам 10 тысяч песа. Такія змены — заслуга новага прэзідэнта Хаўера Мілея, які запусціў маштабныя радыкальныя эканамічныя рэформы. Папярэднія прэзідэнты, каб не сапсаваць свой рэйтынг інфляцыяй, выпуск новых банкнот з вялікім наміналам тармазілі. 

У любым выпадку цяпер, пасля з'яўлення 10-тысячных купюр, народ масава накіраваўся ў дзяржаўныя банкі, каб памяняць дробязь на новыя грошы. Прычым, часам для дастаўкі наяўных у банкі выкарыстоўваюць мяшкі і валізкі. 

Дзяржава і банкаўская сістэма аказаліся да гэтага не гатовы. Ангары і склады для старых купюр запоўнены. Але гэта паўбяды. Узнікла пытанне: як знішчаць дробныя грошы? Шродэраў для ліквідацыі банкнот таксама не хапае.