Донер-кебаб як сімвал нямецкай дэмакратыі
Нямецкія аматары донер-кебабаў (гэтая страва вядома ў нас таксама пад назвай «шаўрма») абараняюцца ад спробаў туркаў навязаць усім вытворцам кебабаў у свеце свае стандарты.
Лічыцца, што донер-кебабы з'явіліся ў Германіі ў сярэдзіне 70-х, калі адзін з турэцкіх мігрантаў вырашыў прадаваць на вуліцах Заходняга Берліну свой аналаг турэцкага кебаба. З таго часу немцы ахвотна елі кебабы. Зараз у Германіі, дарэчы, каля сямі тысяч кропак, што прапануюць гэтую страву. Ніякі іншы фаст фуд не мае сярод бюргераў падобнай папулярнасці.
Пры гэтым асаблівых стандартаў, як рабіць кебабы, ніколі не было. Існуе нешта накшталт закона аб чысціні донер-кебаба, які ўстанаўлівае мінімальныя стандарты таго, што можа змяшчацца ў прадукце. Гаворка пра «Берлінскую канцэпцыю маркетынгу мяснога прадукта Döner Kebap», якая была прынята ў 1989 годзе і тэарэтычна дзейнічае па ўсёй краіне з 1991 года.
Але толькі тэарэтычна. Дзяржаўныя інспектары куды часцей патрабуюць ад уладальнікаў kebab-imbiss (так называюць кропкі продажу кебабаў) выконваць нормы санітарыі і сачыць за якасцю мяса.
І тут нечакана на гарызонце ўсплыла арганізацыя Міжнародная федэрацыя донераў (UDOFED). Яна была створаная ў 2019-м у Стамбуле «з мэтай прадстаўлення турэцкай нацыянальнай каштоўнасці — донер ва ўсім свеце». У сваіх статутных дакументах UDOFED таксама падкрэслівае, што «дзейнічае ў рамках глабальнага бачання донер-кебаба, не робячы ніякіх адрозненняў паміж Турцыяй і замежжам».
Што канкрэтна значыць гэта пасаж, стала вядома на днях. На думку UDOFED, кебаб мае быць юрыдычна абаронены ў краінах ЕС як «турэцкая традыцыйная страва». Гэта прадугледжвае жорсткія рэгламенты прыгатавання кебабаў. У тым ліку, якое мяса можна выкарыстоўваць (ніякай цяляціны!), якой таўшчыні можна наразаць лустачкі мяса (0,2-0,5 см), колькі грамаў цыбулі, солі, перцу і чабора можна дадаваць у шашлык, і нават якой даўжыні нож для шашлыка павінен быць выкарыстаны. Ён мае быць выраблены з «спецыяльнай нержавеючай сталі» і мець даўжыню 55 сантыметраў.
Такі дыктат нямецкія вытворцы і аматары донер-кебабаў успрынялі ў штыкі. «Заява Міжнароднай федэрацыі донераў — гэта ўсеагульная атака на любімую страву немцаў. Напад на культурную самабытнасць нашай краіны», — гаворыцца ў заяве Асацыяцыі турэцкіх вытворцаў донер-кебаба ў Еўропе, якая была заснавана ў Берліне ў 1996 годзе.
Больш за тое, немцы ўгледзелі ў дзеяннях UDOFED «спробу рэарганізаваць свет кебаба, які дзесяцігоддзямі распрацоўваўся, праектаваўся і вымяраўся нямецка-турэцкімі вытворцамі кебаба, у аўтарытарны свет, праз навязванне нормаў з нацыяналістычнымі ідэямі чысціні».
На першы погляд экстравагантную тэзу, што турэцкія нацыяналісты пашыраюць свой уплыў за кошт стандартызацыі кебабаў, немцы падмацоўваюць адным малавядомым фактам. Аказваецца, адзін з заснавальнікаў і старшыня UDOFED Мехмет Мерджан быў стамбульскім лідарам Партыі Вялікага Адзінства (ББП) — вельмі правай ісламісцка-нацыяналістычнай структуры. ББП абвінавачвалася, сярод іншага, у датычнасці да забойства армяніна-журналіста. Мерджан памёр у 2023 годзе, але паспеў выступіць з ініцыятывай падачы ў ЕС заяўкі наконт таго, што турэцкі кебаб павінен быць эталонам для ўсіх кебабаў у свеце.
Нямецкія вытворцы кебабаў, у сваю чаргу, увогуле не лічаць кебабы вынаходствам выключна туркаў. «Прапанова Міжнароднай федэрацыі донера ігнаруе той факт, што донер-кебаб — гэта не вынаходства Турцыі, а прадукт Асманскай імперыі, у якой туркі, грэкі, албанцы, яўрэі, армяне, курды і арабы падглядвалі ў кухні суседзяў, кралі адзін у аднаго рэцэпты і так вучыліся».
Трэба прызнацца, што парыруючы патрабаванне UDOFED, немцы таксама агучваюць арыгінальныя канцэпты. Напрыклад, яны называюць «нямецкі кебаб самым дэмакратычным кебабам у свеце». Тлумачыцца гэта так: «калі турэцкія гастарбайтэры прывезлі донер-кебаб у Германію, яны працягнулі транскультурную талерантнасць. Яны ўзялі тое, што ведалі з Турцыі, і стварылі нешта зусім новае — нямецкі донер-кебаб! Можна казаць адназначна: нямецкі донер — дэмакратычны прадукт. Мільёны людзей прынялі ўдзел у яго цяперашняй форме ў працэсе ўдзелу. Менавіта таму нямецкі кебаб мае сусветны поспех, вось чаму гэтая страва — экспартны хіт з Германіі, а не з Турцыі».
Вось, аказваецца, якія складаныя наратывы і глабальныя падтэксты мае звычайнае смажанае мяса і свежая гародніна ў праснаку ці лавашы! Зрэшты, гэта толькі надасць шмат каму імпульс змагацца за права лічыцца аўтарам гэтай стравы. Такім чынам, вайна за кебаб пачынаецца!