Або Мадура, або ніхто? Чым скончацца прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле?

У гэтую нядзелю, 28 ліпеня, Венесуэла выбірае прэзідэнта. Падобна на тое, што нас чакае неардынарная развязка.

Карыкатура на Нікаласа Мадуру. Крыніца: DonkeyHotey, commons.wikimedia.org

Карыкатура на Нікаласа Мадуру. Крыніца: DonkeyHotey, commons.wikimedia.org

Сітуацыя напярэдадні выбараў у Венесуэле была ў нечым парадаксальная. За апошнія дзесяць гадоў 20 працэнтаў насельніцтва збегла з краіны з-за адсутнасці матэрыяльных перспектыў. Гэта значыць, што кожны дзень за мяжу бягуць дзве тысячы чалавек. Тым, хто застаўся, таксама не салодка. Для выжывання звычайнаму венесуэльцу трэба каля 500 долараў на месяц. Аднак сярэдні заробак складае прыкладна 130 долараў.

Здавалася б, у такіх умовах кіруючай адміністрацыі (у дадзеным выпадку чавістам) трэба было кулуарна пачынаць дыялог з апазіцыяй наконт фармату сыходу з мэтай захаваць твар на будучыню.

Аднак нічога падобнага ў Венесуэле не адбывалася. Кіруючы прэзідэнт Нікалас Мадура і яго каманда праводзілі выбарчую кампанію, як быццам кандыдат улады з'яўляецца безумоўным фаварытам.

Больш за тое, Мадура нават не дапускае думкі, што апазіцыя можа перамагчы. Падобная ідэя апрыёры разглядаецца як замах на дзяржаўную бяспеку. Ён ужо папярэдзіў пра магчымую грамадзянскую вайну, калі «фашысцкім правым атрымаецца падмануць насельніцтва на выбарах 28 ліпеня».

Акрамя таго, Мадура падкрэсліў, што, калі яны (правыя) ашукаюць насельніцтва Венесуэлы, «можа наступіць кровапраліцце і грамадзянская вайна», паколькі народ не збіраецца дазволіць ім адабраць краіну.

Дарэчы, аб праграме Мадуры. Ён абяцае разабрацца са сталічнымі алігархамі, якія, нібыта, прасякнуты праамерыканскімі настроямі і расізмам. Прэзідэнт Венесуэлы запэўнівае, што ў выпадку перамогі апазіцыі тыя самыя алігархі збіраюцца прыватызаваць і перадаць «грынга» энергетычны сектар.

Глядзіце таксама

Чым растлумачыць самаўпэўненасць гаранта? Можа, вынікамі снежаньскага рэферэндуму? Тады ў краіне прайшло ўсеагульнае апытанне аб адабрэнні прэтэнзій Каракаса на багаты нафтай рэгіён, які Венесуэла аспрэчвае ў Гаяны. Гэты рэферэндум дазволіў прэзідэнту Нікаласу Мадуры мабілізаваць насельніцтва Венесуэлы на нацыяналістычных лозунгах па пытанні, якое выклікае вялікую аднадушнасць.

Глядзіце таксама

Магчыма, Мадура збіраецца заручыцца ў крытычны момант падтрымкай Кітая і Расіі. У Маскве не хаваюць, што вынік выбараў будзе вызначаць у тым ліку перспектывы пабудовы шматпалярнага свету. Калі Мадура зноў пераможа на выбарах, Венесуэла разлічвае далучыцца да БРІКС у якасці паўнапраўнага члена ў гэтым годзе. Паводле слоў Мадуры, гэта павінна станоўча адбіцца на аднаўленні эканомікі і экспарту краіны.

І, нарэшце, магчыма, Мадура ўпэўнены ў сабе, паколькі апазіцыя прадэманстравала сябе як дастаткова кволая структура, якая ў прыватнасці не змагла абараніць свайго лідара? 

Хоць у Мадура аж дзевяць супернікаў, галоўным выступае Эдмунда Гансалес Урутыя — кандыдат аб'яднанай «Адзінай дэмакратычнай платформы» (PUD). Гансалес (ён, дарэчы, 72-гадовы дыпламат) быў заяўлены ў якасці галоўнага кандыдата апазіцыі ў апошні дзень рэгістрацыі. Да гэтага PUD так і не змагла зарэгістраваць свайго лідара Марыю Карыну Мачада. У снежні суд вырашыў пазбавіць яе права займаць дзяржаўныя пасады, у тым ліку пасаду прэзідэнта.

Глядзіце таксама

Апазіцыя насуперак агрэсіўнай рыторыцы і падтрымцы Захаду не змагла ўзняць народ за Мачада. Значыць, у логіцы ўлады яна не зможа аспрэчыць вынікі галасавання. Асабліва, калі сілавы блок захавае, як і ў папярэднія гады, лаяльнасць спадчыннікам Чавеса.

З іншага боку, планы чавістаў ужо пачалі «глючыць». Хоць Уруція з'явіўся на сцэне літаральна ў апошнюю хвіліну, яго рэйтынг адразу стаў вельмі высокім. Таму шанцы на перамогу ў яго ёсць. Застаецца пытанне: як гэтую перамогу абараніць ва ўмовах, калі ўсе органы пад кантролем Мадуры?

Пакуль зразумела адно. Хутчэй за ўсё, Мадура ў нядзелю аб'явіць аб перамозе або зробіць яшчэ больш радыкальныя крокі, каб утрымаць уладу. Як заявіў днямі бразільскі прэзідэнт Лула, у венесуэльскага калегі «няма ніякай павагі да прынцыпаў дэмакратыі». А вось якая будзе рэакцыя насельніцтва, апанентаў рэжыму, міжнароднай супольнасці — пакуль цяжка сказаць. 

Дачакаемся сённяшняга вечара, а лепш заканчэння наступных шасці месяцаў. Менавіта столькі займае транзіт улады ў Венесуэле ў выпадку сыходу старога прэзідэнта і прыходу новага. За гэты час можа здарыцца шмат чаго