Чарговы венесуэльскі крызіс: спроба дробнай помсты?

Гісторык Яўген Красулін тлумачыць, з чым звязаны новы венесуэльскі крызіс, і ці чакаць новай вайны — цяпер у Лацінскай Амерыцы.

«Эсэкіба наша», сцвярджаюць у Венесуэле. Крыніца: AP Photo

«Эсэкіба наша», сцвярджаюць у Венесуэле. Крыніца: AP Photo

У нядзелю ў Венесуэле прайшоў рэферэндум, на які былі вынесены пяць пытанняў наконт стаўлення венесуэльцаў да старой праблемы спрэчных тэрыторый паміж Венесуэлай і Гаянай. Абвешчаная шырокая падтрымка насельніцтвам гэтага рэферэндуму і наступнае за гэтым абвяшчэнне Нікаласам Мадурай спрэчнага рэгіёна Эсэкіба «24 штатам Венесуэлы», роўна як і ваяўнічыя заявы і дзеянні венесуэльскага кіраўніцтва, выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць наконт перспектыў пашырэння таго хаосу, якога і без таго зашмат у сучасным свеце.


Карта Гаяны з пазначэннем спрэчнай тэрыторыі. Крыніца: Essequiborivermap.png: Kmusserderivative work: Kordas (sínome!). Guayana Esequiba (zonas).png, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Карта Гаяны з пазначэннем спрэчнай тэрыторыі. Крыніца: Essequiborivermap.png: Kmusserderivative work: Kordas (sínome!). Guayana Esequiba (zonas).png, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org


Пяць Гаян: гісторыя праблемы

Уласна, рэгіён, які завецца «Гуаянас» (у розных мовах сустракаюцца розныя варыянты), расцягнуўся шырокай паласой уздоўж Карыбскага мора ў цэнтры паўночнай часткі Паўднёвай Амерыкі. Рэльеф тут такі, што людзі селяцца, у асноўным, у дэльтах рэк (сама назва перакладаецца з мовы індзейцаў аравакаў як «краіна вады»). У выніку шчыльнасць насельніцтва тут — адна з самых нізкіх у свеце.

Самая заходняя частка, якая ўваходзіла ў склад Партугальскай каланіяльнай імперыі, звалася «Партугальскай Гаянай». Цяпер яна знаходзіцца на тэрыторыі Бразіліі. Самая ўсходняя належала іспанцам. Адсюль і назва — «Іспанская Гуаяна». Сёння тут размешчаны венесуэльскія штаты Балівар, Амазонас і Дэльта-Амакура. Між іншым, гэты рэгіён складае ледзь не палову ад усёй тэрыторыі Венесуэлы.

Паміж гэтымі гістарычнымі часткамі адно за адным месцяцца тры палітычныя ўтварэнні. Два з іх з’яўляюцца незалежнымі краінамі, а адно — замежнай тэрыторыяй Францыі. Гэтая тэрыторыя, якая завецца «Французская Гвіяна», знаходзіцца на ўсходзе і з’яўляецца апошнім еўрапейскім уладаннем на паўднёваамерыканскім кантыненце. На захадзе — Гаяна, якая і трапіла цяпер у фокус увагі міжнародных медыя, палітыкаў і экспертаў.

Сурынам паміж Гаянай і Гвіянай — напамін пра тыя часы, калі значнай часткай Гуаянас валодалі галандцы. У войнах са сваёй былой метраполіяй — Іспанскай імперыяй — яны адстаялі сваё права на тую частку Гуаянас, якая не належала іспанцам і партугальцам. Вось толькі праблема: малалюдныя тэрыторыі рэгіёна не далі магчымасці дакладна правесці межы.

Потым прыйшлі брытанцы, якія ў пачатку ХІХ стагоддзя «адціснулі» будучую Гаяну ў галандцаў. Прыблізна ў той жа час французы пачалі актыўна каланізаваць землі на ўсход ад галандскіх уладанняў. У выніку Сурынам, атрымаўшы незалежнасць у 1975-м, атрымаў разам з ёй галандскую мову ў якасці афіцыйнай, а таксама тэрытарыяльныя прэтэнзіі як да ўсходніх, так і да заходніх суседзяў — гаянцаў.

Глядзіце таксама

Але цяпер тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Гаяны «прыляцелі» з зусім іншага боку. Калі Венесуэла набыла незалежнасць у пачатку ХІХ ст., яна адразу абвясціла свае прэтэнзіі на рэгіён Эсэкіба, які складаў дзве траціны тэрыторыі Брытанскай Гаяны (74%, калі быць больш дакладнымі). На класічнае пытанне: «Какие Ваши доказательства?» адказ быў адзін: «А мы тут раней былі!» (са спасылкай на Тардэсільляскую дамову камлатага 1494-га).

Справа дайшла да міжнароднага арбітражу. Праз Дактрыну Манро, у адпаведнасці з якой ЗША бралі на сябе адказнасць за знешнюю бяспеку лацінаамерыканскіх краін, менавіта амерыканцы былі яго арганізатарамі. Суд адбыўся ў Парыжы ў 1899-м. Старшынстваваў на ім, дарэчы, вядомы расійскі юрыст Фёдар Мартэнс. Рашэнне было прынята на карысць брытанцаў. Што, канечне, венесуэльцаў аніякім бокам не задаволіла. Спаслаўшыся на тое, што ў судзе не было іх прадстаўнікоў (па патрабаванні Брытаніі Венесуэлу прадстаўлялі амерыканцы), яны адмовіліся прызнаваць вынік арбітражу.

Ужо ў 1966-м, напярэдадні надання Гаяне незалежнасці, дамоўленасць паміж Венесуэлай і Брытаніяй была дасягнута. Праўда, яна была толькі наконт згоды прыняць канчатковае рашэнне калі-небудзь потым. Але абавязкова мірным шляхам. А да гэтага моманту Гаяна будзе валодаць рэгіёнам Эсэкіба дэ-факта.

Можа, так усё б і было. Калі б гадкоў пяць таму праблему самым рэзкім чынам не актывізаваў Мадура і яго рэжым. Падставай для таго, як шмат хто лічыць, сталі гіганцкія запасы нафты, выяўленыя ў спрэчным рэгіёне Эсэкіба.

Мець нафту — добра ці блага?

Пра вялікае багацце, схаванае ў нетрах ля ўзбярэжжа Гаяны, зрабілася вядома ў 2015-м. Як сведчаць лічбы, атрыманыя кампаніяй «ExxonMobil»(якая і праводзіла даследаванні), аб’ёмы запасаў, якімі на дадзены момант валодае Гаяна, складаюць 11 трлн барэляў. Гэта дазволіла ёй выйсці на 17 месца ў спісе краін з найвялікшымі запасамі нафты. 

Калі ў 2021-ым штодзённая здабыча нафты ў Гаяне складала 74 000 барэляў, у 2022-ім гэты паказальнік скокнуў да 276 000. Аналітыкі «ExxonMobil» прагназуюць, што да 2026-га ён вырасце яшчэ амаль утрая — да 750 000. Гэта прыблізна той аб’ём, які цяпер штодзённа здабывае Венесуэла. Вось толькі насельніцтва Венесуэлы складае каля 30 млн чалавек (з улікам эмігрантаў), а Гаяны — усяго толькі 795 тысяч. Што абяцае жыхарам краіны шыкоўнейшыя перспектывы ўжо ў адносна блізкай будучыні. 

Але, як заўжды, існуе і іншы, не такі радасны бок гэтай будучай плыні нафтадаляраў. Перш за ўсё, краіна цяпер элементарна не гатова да яе: па заўвагах аналітыкаў, у ёй не створана адпаведная прававая база, якая б рэгулявала тую самую плынь у інтарэсах усёй нацыі. Акрамя таго, у Гаяне няма экспертаў у дастатковай колькасці і якасці, якія б дазволілі гэтую праблему вырашыць. І не толькі гэтую, бо нафтадаляры — гэта вялікая спакуса для эліт, якія могуць рызыкнуць дэмакратычнымі інстытутамі дзеля атрымання вялікіх прыбыткаў. Ну і, канечне, існуюць эліты знешнія, якія — дзеля тых жа прыбыткаў — таксама могуць кінуць выклік і дэмакратыі, і законам і, як бачым на прыкладзе рэжыму Мадуры, нават недатыкальнасці дзяржаўных меж. Карацей, Гаяна цяпер нагадвае незаможнага чалавека, які раптоўна выйграў у латарэю вялікую суму грошай і адразу сутыкнуўся з нечаканымі і вельмі істотнымі праблемамі.

Глядзіце таксама

Тую ж Венесуэлу валоданне найбуйнейшымі ў свеце вядомымі запасамі нафты зусім не зрабіла заможнай і шчаслівай. Папулісцкі левы рэжым Чавеса інвеставаў атрыманыя прыбыткі ў рэалізацыю сваіх фантазій, якія хаваліся пад шыльдай «сацыялізму ХХІ стагоддзя». Былі ўтвораны гэтак званыя баліварыянскія місіі (па факце — сацыяльныя праграмы), мэты якіх — забеспячэнне бясплатнай медыцынскай дапамогі, бясплатная адукацыя (у тым ліку вышэйшая), даступнае жыллё, прадукты харчавання, абарона правоў карэннага насельніцтва і г. д. Фінансавалася ўсё гэта за кошт нафты.

Характэрнай была «місія Вуэльван Карас», скіраваная на разварот канцэпцыі эканамічнай дзейнасці. Замест атрымання прыбытку як асноўнай яе мэты прапаноўвалася «пераключыцца» на вырашэнне сацыяльных праблем. Ну што можа быць больш прывабным, чым такі падыход палітыкаў да кіравання дзяржавай? Упэўнены, шмат хто з нашых суайчыннікаў і цяпер прагаласавалі б за падобны «разварот».

Пераходныя сацыялістычныя граблі

Упс, гэты «разварот», пра які так шмат гавораць і так шмат мараць, прывёў эканоміку Венесуэлы на грань крызісу яшчэ пры жыцці Чавеса. Падзенне цэн на нафту толькі паскорыла негатыўныя працэсы, такія, як дэфіцыт (у тым ліку лекаў і прадуктаў харчавання), гіперінфляцыя і (хто б мог падумаць!) рост беднасці. Эканоміка аказалася ў стане плыўца сярод акіянскага шторму, на нагах якога чыгуннымі гірамі вісяць усе гэтыя «місіі» з іх неапраўданымі тратамі. А тут яшчэ і рэжым чавістаў пасінелымі пальцамі чапляецца за ўладу, чым выклікае дадатковыя каласальныя праблемы ў выглядзе санкцый, масавай міграцыі працоўнай сілы і г.д. У выніку: пры вялікім «нафтавым шчасці» перспектывы краіны ў бліжэйшы час, проста скажам, ніякія.

Глядзіце таксама

Ды можна і не хадзіць далёка за прыкладамі: досвед СССР і сучаснай Расіі цудоўна дэманструе, куды можа завесці неадэкватнае ўспрыняцце нафтавага багацця. Першы, у захапленні ад касмічных вышынь, дасягнутых цэнамі на нафту ў пачатку 70-х, пабудаваў нафтаправоды ў заходнім кірунку і вырашыў выкарыстоўваць кранік як інструмент дыпламатыі. Але гэтыя «залатыя» трубы зрабіліся глінянымі пры падзенні цэн на нафту ў 80-х. Савецкі калос абрынуўся. Другая імкліва забылася пра лёс папярэдніка і паставіла ўсё на адраджэнне імперыі, а ў падмурак гэтага адраджэння паклала нафтадаляры. Вынік — ператварэнне дзяржавы ў агрэсіўнае сусветнае пудзіла, лёс якога (памятаючы пра папярэдніка) можна досыць лёгка прадказаць. 

Прыклад і Венесуэлы, і Расіі лішні раз сведчыць: шчасце нацый зусім не ў карысных выкапнях, а ў адэкватнай палітычнай і эканамічнай мадэлі, якая дазваляе людзям працаваць і зарабляць (не па камандзе дзяржавы і не дзеля вырашэння чужых праблем). То-бок чалавечы рэсурс застаецца асноўным багаццем пры любым раскладзе. Тут ёсць над чым задумацца гаянцам. Тым больш у канстытуцыі краіны запісана, што «арганізацыя дзяржавы і грамадства на сацыялістычных прынцыпах з’яўляецца адзіным сродкам забеспячэння сацыяльнай і эканамічнай справядлівасці для ўсяго народа Гаяны». Венесуэльскія сацыялістычныя граблі — вось яны, пад бокам.

Інтарэс Мадуры

Традыцыйна лічыцца, што «маленькая пераможная фігня» (ваенны канфлікт, у якім мы абавязкова пераможам, прычым малой крывёй і на чужой тэрыторыі) заўжды разглядаецца разнастайнымі не надта трывалымі аўтакратычнымі рэжымамі дзеля ўласнага ўмацавання. А рэжыму Мадуры катастрафічна бракуе падтрымкі сярод насельніцтва. Што робіць для чавістаў анансаваныя на наступны год прэзідэнцкія выбары больш чым праблематычнымі. Прынамсі, пакуль ён істотна саступае ў папулярнасці Марыі Карыне Мачада — асноўнай прэтэндэнтцы ад апазіцыі.

З гэтага пункту гледжання хуткая перамога над Гаянай (супастаўленне рэсурсаў бакоў аддае відавочную перавагу венесуэльскай арміі) і «вяртанне» Эсэкіба ў «родную гавань» дасць Мадуры нарэшце тое, чаго яму так бракавала апошнія пяць гадоў: прызнанне з боку народа. Тыя вынікі рэферэндуму, якія (пакуль што неафіцыйна) агучваюць чавісты, падаецца, апраўдваюць яго чаканні. Як гаворыцца ў заявах прадстаўнікоў рэжыму, венесуэльцы далі 10,5 млн станоўчых адказаў на вынесеныя пытанні. Гэта болей, чым колькасць галасоў, якую атрымаў у 2012-м на апошніх сваіх выбарах Уга Чавес. Абысці самога Уга па папулярнасці — ці гэта не поспех?

Аднак адзін з лідараў венесуэльскай апазіцыі і асноўны супернік Чавеса на выбарах 2012-га Энрыке Капрылес прапануе іншую арыфметыку. Паколькі на рэферэндум было вынесена пяць пытанняў, дык колькасць станоўчых адказаў трэба падзяліць на гэтую лічбу. І тады атрымаецца колькасць людзей, якія сапраўды прынялі ўдзел у галасаванні. Капрылес лічыць, што 2,1 млн чалавек — рэальная колькасць тых, хто прыйшоў падтрымаць ініцыятыву Мадуры па агрэсіі супраць суседняй краіны (усяго ў Венесуэле каля 20 млн чалавек валодае правам голасу). Калі гэта так, тады Мадура саступае не толькі Чавесу, але і Мачада, за якую падчас нядаўніх праймерыз свае галасы аддалі 2,4 млн венесуэльцаў.

Варта адзначыць, што апазіцыя не заклікала байкатаваць рэферэндум. Ды і сам Капрылес хадзіў на ўчастак для галасавання. Як і іншыя прадстаўнікі апазіцыйных партый. Хутчэй за ўсё, яны галасавалі «супраць». Але няма сумневаў, што шмат хто з венесуэльцаў, сапраўды, вітаў «ваенныя ініцыятывы» рэжыму Мадуры.

Пытанне прыналежнасці той ці іншай тэрыторыі ніяк не хоча адыходзіць у мінулае. Падаецца, чалавецтва мела шмат магчымасцей пераканацца, што прага «прырасці» суседскімі земляімі не даводзіць ні да чаго добрага. Падзеі апошняга дзесяцігоддзя толькі падмацоўваюць гэтую выснову: усе пабачылі, як мярзотна выглядае наратыў кшталту «крымнаш» і якія наступствы ідуць следам за спробай яго рэалізацыі. Тым не менш нельга не заўважыць і іншага: ідэі «аднавіць гістарычную справядлівасць» працягваюць карыстацца попытам як у некаторых грамадствах, так і сярод асобных грамадзян.

І зноў: ва ўсім вінавата нафта… 

Сярод постсавецкіх экспертаў склалася такая традыцыя: калі што, дык абвінавачваць ва ўсім нафту. Усе канфлікты, маўляў, з-за нафты. ЗША атакавалі Ірак? Дык вядома ж: нафты ім тамтэйшай захацелася. Распачалася грамадзянская вайна ў Сірыі? Дык тое ж — нафту паміж сабой дзеляць. ХАМАС здзейсніў рэйд супраць Ізраіля? Ну, не пытанне: хтосьці спрабуе «задраць» цэны на нафту. І гэтак далей.

Такую пазіцыю можна патлумачыць тым, што для Расіі тая ж нафта (разам з газам) з’яўляецца дзяржаваўтваральным рэчывам. І ўсе разважанні, збольшага, вакол яе і круцяцца. Усё, што робіцца ў свеце, маўляў, робіцца дзеля нафты, за нафту і анічога, акрамя нафты…

Глядзіце таксама

Вось і цяпер у расійскіх медыя з’яўляюцца ідэі, што патэнцыйная агрэсія Венесуэлы супраць Гаяны мае выгаду, перш за ўсё, для Расіі. Быццам гэта непазбежна ўздыме цэны на нафту, і зноў, як у старыя добрыя часы, Расія будзе купацца ў нафтадалярах. Што, між іншым, і дапаможа ёй аднавіць імперыю. 

Але такое тлумачэнне мала нагадвае рэчаіснасць. Калі зірнуць на бягучую сітуацыю ў свеце, апошні пік цэн прыпаў на сярэдзіну мінулага года (у гэтым пік таксама быў, але значна меншы). Існуе вялікая спакуса прывязаць яго да расійска-ўкраінскай вайны, але падстава росту цэн, хутчэй, была ў выхадзе сусветнай эканомікі з абмежавальных мер пандэміі. У гэтым годзе высветлілася, што прагнозы адносна эканамічнага росту былі крыху перабольшаныя (асабліва датычна Кітая), што не дазволіла цэнам на нафту ўтрымацца на дасягнутых вяршынях. Цяпер нават атака хамасаўцаў на Ізраіль не справакавала росту. Цэны на нафту, наадварот, пайшлі ўніз. 

І абвастрэнне сітуацыі вакол Гаяны таксама не паўплывала на трэнды: з 3 снежня барэль нафты брытанскай маркі «Brent» згубіў амаль два даляры, і цана працягвае падаць. З астатнімі маркамі — прыкладна тая ж сітуацыя.

Магчыма, тлумачэнне падстаў радыкалізацыі сітуацыі вакол Эсэкіба даў сам Мадура. Ён пасля рэферэндуму казаў, што ў ім няма ні пераможцаў, ні прайграўшых. Адзіны, хто прайграў, казаў ён, гэта кампанія «ExxonMobil». 

З ёй у чавістаў старыя рахункі. Калі ў 2006-м Чавес распачаў нацыяналізацыю нафтаздабычы, шмат якія міжнародныя кампаніі прынялі яго правілы гульні. Але кіраўніцтва «ExxonMobil» упёрлася, чым прывяло будаўнікоў «сацыялізму ХХІ стагоддзя» ў шаленства. А тут яшчэ менавіта гэтая кампанія знайшла тыя самыя запасы нафты на гаянскім шэльфе. Дык чаму б не папалохаць інвестараў, спажыўцоў, саму кампанію страшнай венесуэльскай пагрозай? 

То-бок замест вялікага зладзейства мы бачым спробу дробнай помсты. Праўда, закладнікамі гэтай помсты робяцца сотні тысяч людзей.

Ці чакаць вайны?

Мадура не ў першыню звяртае сваю ўвагу на тэрыторыю Гаяны. У 2018-м у сувязі з яго агрэсіўнымі заявамі ўзнік крызіс паміж Венесуэлай, з аднаго боку, і Гаянай і Бразіліяй, з іншага. Гаяна і Бразілія павялічылі свае вайсковыя кантынгенты побач з венесуэльскай мяжой. У лютым таго года памежны з Венесуэлай рэгіён наведаў тагачасны прэзідэнт Бразіліі Мішэль Тэмер, прадэманстраваўшы тым самым, што яго краіна гатова даць жорсткі адказ на агрэсіўныя захады рэжыму Мадуры.

Свой працяг крызіс атрымаў у 2021-м. Тады Мадура абвясціў прэтэнзіі на прыбярэжную акваторыю шырынёй у 200 марскіх міль, якая сягала, у тым ліку, да месца распрацоўкі радовішчаў нафты. Амаль адразу пасля гэтага венесуэльскія памежнікі затрымалі ў гэтай акваторыі лодкі гаянскіх рыбакоў, а праз некаторы час два знішчальнікі Су-30 венесуэльскіх ВПС заляцелі ў паветраную прастору Гаяны. Па словах міністра замежных спраў Гаяны Хью Тода, гэта было відавочнай прыкметай падрыхтоўкі да агрэсіі супраць яго краіны.

У тым жа 2018-м Гаяна звярнулася ў Міжнародны суд ААН з просьбай даць адказ, каму належыць спрэчная тэрыторыя. Ужо ў красавіку бягучага года Суд прыняў рашэнне, што дадзенае пытанне знаходзіцца ў яго юрысдыкцыі, што дазваляе яму ўзяцца за праблему. Гэта напружыла чавістаў, бо рашэнне Суда можа быць зусім не на іх карысць. А прайграваць ім у той сітуацыі, у якой знаходзяцца і яны, і Венесуэла, катэгарычна нельга. Таму на рэферэндуме і было пытанне адносна таго, ці адвяргаюць грамадзяне юрысдыкцыю Міжнароднага суда па гэтай праблеме.

Не, канечне, узброеныя сілы Венесуэлы (123 000 чалавек) значна пераўзыходзяць узброеныя сілы Гаяны (3400 чалавек). Калі б пытанне вырашалася выключна вайсковай сілай, у Гаяны не было б аніякіх шанцаў. Але да нашых дзён чалавецтва ўжо дадумалася да разнастайных міжнародных інстытутаў, задачай якіх з’яўляецца, у тым ліку, недапушчэнне агрэсіі. І калі яна такі адбудзецца, агрэсар мусіць панесці такое пакаранне, што ні яму, ні каму іншаму ў галаву не прыйдзе ідэя на кагосьці нападаць. 

У гэтым плане ў Гаяны — надзейная падтрымка. Ні ААН, ні Арганізацыя Амерыканскіх Дзяржаў, ні Брытанская Садружнасць нацый (чальцом якой з’яўляецца Гаяна) не заплюшчаць вочы на напад на гаянскую тэрыторыю (калі ён адбудзецца). Акрамя таго, не варта забывацца на ЗША ды суседнія з Венесуэлай краіны, такія, як Калумбія ды Бразілія, якім рэжым Мадуры ўжо даўно поперак горла стаіць. 

З улікам гэтага ўсяго рэжым Мадуры нагадвае бандыта з амерыканскага вестэрна, які цягнецца да пісталета, а навокал стаіць натоўп шэрыфаў і кажа: «Ну, дай нам падставу!»

І, падобна, венесуэльскі рэжым гэта ўсё разумее. 5 снежня Хасэ Барэта, адзін з прадстаўнікоў кіруючай венесуэльскай сацыялістычнай партыі ў суседнім з Гаянай штаце Дэльта-Амакура, выступіў з заявай, якую можна назваць «прымірэнчай». Ён прыгадаў пагадненні 1966-га, якія заклікалі да мірнага дыялогу, і казаў, што рэферэндум ні ў якім разе не правакуе да вайны. У пытаннях рэферэндуму, сапраўды, заклікаў да агрэсіі няма.

Так, можна паверыць, што мэтай рэферэндуму было ўмацаванне пазіцый Мадуры ўнутры краіны, а таксама ўмацаванне пазіцый самой Венесуэлы на будучых перамовах з Гаянай наконт спрэчнай тэрыторыі. З іншага боку, мы памятаем, як ніхто не верыў у тое, што Расія сапраўды пойдзе на поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Проста таму, што гэта было б надта абсурднае рашэнне з боку расійскага кіраўніцтва. 

Дык ці ёсць падставы цяпер чакаць ад венесуэльскага рэжыму, вельмі блізкага да Масквы па сваім светапоглядзе, што ён сапраўды не будзе выкарыстоўваць сілу для рашэння сваіх праблем? Прынамсі, як паведамляюць СМІ суседняга са спрэчным рэгіёнам Трынідада-і-Табага, мясцовыя бізнесмены, якія маюць справы ў Эсэкіба, атрымалі параду завесці венесуэльскія ідэнтыфікацыйныя карткі.