Амэрыканскі кантынент на парозе вайны
Нечакана і незаўважна мы ў найбліжэйшы час можам стаць сьведкамі новай вайны, гэтым разам у Амэрыцы. З аднаго боку Вэнэсуэла, а зь іншага – Гаяна. Апошняя можа згубіць дзьве траціны сваёй тэрыторыі, калі чырвоны Мадура распачне ўварваньне. Усё падрыхтаванае да новай драмы на Зямлі.
Што ўвогуле здарылася?
3 сьнежня, гэта значыць пазаўчора, у Вэнэсуэле адбыўся рэфэрэндум, на якім разглядалася справа не сваёй краіны, а тэрыторыя суседняй Гаяны. Вэнэсуэльскі прэзыдэнт Нікалас Мадура выставіў на народнае галасаваньне 5 пытаньняў. У брата Лукашэнкі і нашчадка Ўга Чавэса атрымалася намаляваць (спадзяемся, гэта фальсыфікацыя, а не рэальны стан грамадзтва гэтай беднай дзяржавы) 95% падтрымкі па кожным з пытаньняў. А там, чорным па белым, апісваюцца прэтэнзіі на большую частку Гаяны.
У лік пытаньняў на рэфэрэндуме былі ўключаныя:
«Ці згодныя вы ўсімі сродкамі ў адпаведнасьці з законам аспрэчыць рашэньне, падманным шляхам навязанае Парыжскім арбітражным судом у 1899 годзе, скіраванае на тое, каб пазбавіць нас нашай Гаяны-Эсэкіба?»;
«Ці падтрымліваеце вы Жэнеўскае пагадненьне 1966 году як адзіны сапраўдны юрыдычны інструмэнт для дасягненьня практычнага і здавальняючага рашэньня для Вэнэсуэлы і Гаяны ў спрэчцы наконт прыналежнасьці тэрыторыі Гаяны-Эсэкіба?»;
«Ці згодныя вы з гістарычнай пазыцыяй Вэнэсуэлы, якая не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага суду ААН па вырашэньні тэрытарыяльнай спрэчкі наконт прыналежнасьці Гаяны-Эсэкіба?»;
«Ці згодныя вы ўсімі законнымі спосабамі супрацьстаяць патрабаваньню Гаяны аб аднабаковым незаконным распараджэньні спрэчнай марской тэрыторыяй у парушэньне міжнароднага права да яе дэлімітацыі?»;
«Ці згодныя вы са стварэньнем штата Гаяна-Эсэкіба і распрацоўкай хуткага пляну комплекснага заступніцтва над цяперашнім і будучым насельніцтвам гэтай тэрыторыі, які ўключае, сярод іншага, прадастаўленьне грамадзянства і пашпарту ў адпаведнасьці з Жэнеўскім пагадненьнем і міжнародным правам і прывядзе да ўключэньня пазначанага штату ў склад тэрыторыі Вэнэсуэлы?».
Гэтым фармулёўкам пазайздросьціла б Ярмошына і ўзурпатар. І нагадаем, па афіцыйных дадзеных, на кожнае з прачытаных вамі пытаньняў 95% тых, хто прагаласаваў, адказалі рашучае «Так».
А зараз разьбярэмся што за Гаяна і ці мае Вэнэсуэла нейкія правы?
Тэрыторыя Гаяны амаль аднолькавая з нашай радзімай. У сьпісе дзяржаваў яны крыху большая па плошчы. Але ў хуткім часе ўсё можа каардынальна зьмяніцца.
Эпоха геаграфічных адкрыцьцяў
У XVI стагодзьдзі тэрыторыя сёньняшняй Гаяны зь ейнымі буйнымі трапічнымі лясамі і магутнымі рэкамі прыцягвала дасьледнікаў і заваёўнікаў з Гішпаніі, Партугаліі, Нідэрляндаў, Францыі і Англіі. Гэтыя першыя перасяленцы і заваёўнікі, спакушаныя мітамі пра Эльдарада і абяцаньнямі незьлічоных багацьцяў, засноўвалі свае паселішчы і сутыкаліся з карэннымі насельнікамі, якія называлі гэтую зямлю домам.
У XVII стагодзьдзі абвастрылася каляніяльная канкурэнцыя. Галяндцы, ангельцы і французы замацаваліся на гэтай тэрыторыі. Яны стварылі гандлёвыя пункты і плянтацыі ўздоўж узьбярэжжа. У гэты пэрыяд пачаўся трансатлянтычны гандаль рабамі, што назаўжды зьмяніла дэмаграфічны і культурны ландшафт рэгіёну (і сёньня каля 35% жыхароў Гаяны – гэта нашчадкі чорных рабоў з Афрыкі).
У XVIII стагодзьдзі былі замацаваныя эўрапейскія калёніі і адносныя межы паміж імі. Утрэхцкая дамова 1713 году зьмяніла асноўныя межы: галяндцы атрымалі кантроль над Галяндзкай Гаянай, што цяпер зьяўляецца Сурынамам, а французы ўмацавалі сваю ўладу над Французскай Гвіянай (па-французску яна таксама Гаяна, нягледзячы на тое, што прыняты варыянт назвы — Гвіяна). Тым часам брытанская прысутнасьць у рэгіёне ўзрастала, кульмінацыяй яе стала стварэньне Брытанскай Гаяны ў 1831 годзе.
Вецер зьменаў
XIX стагодзьдзе прынесла значныя пераўтварэньні. Адмена рабства ў 1830-х гадах прывяла да вялізнай плыні наёмных працоўных з Індыі, што яшчэ больш разнастаіла культурную карціну рэгіёну. Тут, відаць, вырашальную ролю мела Брытанская Імпэрыя, часткай якой былі як Індыя, так і Гаяна.
У другой палове XIX стагодзьдзя спрэчка за рэгіён Гаяна-Эсэкіба пачала набываць сёньняшнія абрысы. Мяжа паміж Вэнэсуэлай і Брытанскай Гаянай стала прадметам канфлікту.
Вэнэсуэла ў сваю чаргу ў 1811 годзе атрымала незалежнасьць ад Гішпаніі і была ўключаная ў склад фэдэральнай рэспублікі Вялікая Калюмбія як адзін з рэгіёнаў. У 1830 годзе краіна атрымала поўную незалежнасьць. Гаяна ж да 1966 году заставалася брытанскай калёніяй.
Лінія на мапе азначала галоўнае – каму будуць належаць знойдзеныя алмазы, золата і іншыя карысныя выкапні ў Гаяне.
ХІХ стагодзьдзе стала ў пэўным сэнсе вырашальным.
У 1840 годзе брытанскія ўлады даручылі Робэрту Герману Шомбургу акрэсьліць заходнюю мяжу Брытанскай Гаяны, якая мяжуе з новай суверэннай дзяржавай Вэнэсуэлай. Дэмаркацыйная лінія, вядомая як лінія Шомбурга, не была прызнаная Вэнэсуэлай. Замест гэтага яна абвесьціла права ўласнасьці на ўсе тэрыторыі на захад ад ракі Эсэкіба.
На працягу наступных пяцідзесяці гадоў гэтыя рознагалосьсі пагаршаліся і дасягнулі крытычнай кропкі падчас Вэнэсуэльскага крызісу 1895 году. Тады Вэнэсуэла паспрабавала выкарыстаць дактрыну Манро Злучаных Штатаў, каб займець падтрымку сваёй пазыцыі па Гаяне. Амэрыканскі прэзідэнт Гровэр Кліўленд пераканаў брытанцаў пагадзіцца на арбітражны працэс.
Арбітраж 1899 году, які адбыўся ў Парыжы, павінны быў пакласьці канец тэрытарыяльнай неадназначнасьці.
Гэты арбітраж прысудзіў большую частку спрэчнай тэрыторыі Брытанскай Гаяне. Здавалася, пытаньне прэтэнзіяў было вырашанае.
Межы былі канчаткова прызнаныя ўсімі ўцягнутымі бакамі ў 1905 годзе.
Адмова Вэнэсуэлы ад пагадненьняў 1899 году ў 1960-х гадах нанесла новую патэнцыйна гарачую кропку на зямны шар. У гэты пэрыяд Вэнэсуэла аднавіла прэтэнзіі на Гаяну-Эсэкіба (тыя самыя дзьве траціны ўсёй краіны Гаяна), што супала з атрыманьнем Гаянай незалежнасьці ад Вялікай Брытаніі. Прэтэнзіі Вэнэсуэлы, заснаваныя на сумесі гістарычных інтэрпрэтацый і геапалітычных амбіцыяў, кінулі выклік тэрытарыяльнай цэласнасьці Гаяны.
Гэта прывяло да падпісаньня ў 1966 годзе Жэнеўскага пагадненьня паміж Вялікай Брытаніяй, якая прадстаўляла Брытанскую Гаяну, і Вэнэсуэлай. Пагадненьне было скіраванае на пошук мірнага вырашэньня супярэчнасьці, але замест гэтага адамкнула дзьверы вэнэсуэльскім пагрозам.
Калі мяркуеце, што сёньняшні прэзідэнт Мадура першы, хто вырашыў пагуляцца ў стратэга, тады гэта ня так. Яшчэ ў 1970 годзе тагачасныя лідэры Гаяны і Вэнэсуэлы падпісалі пагадненьне на 12 гадоў, паводле якога на гэты час спыняліся ўсе спрэчкі пра зямлю Гаяны. Гэтае пагадненьне павінна было аўтаматычна працягвацца на наступныя 12 гадоў у выпадку, калі ніхто не заявіць папярэдне адваротнае.
У 1981 годзе, акурат напрыканцы першых 12 гадоў міру, вэнэсуэльскі прэзыдэнт Луіс Эрэра Кампэс заявіў аб сканчэньні гэтай ініцыятывы. Але разам з тым пагрозы непасрэднага ўзброенага канфлікту не назіралася яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў.
Адкрыцьцё значных запасаў нафты на тэрыторыі, якую Вэнэсуэла называе спрэчнай, дадало гэтаму гістарычнаму супрацьстаяньню сучаснае адценьне. Гэтыя рэсурсы могуць зьмяніць эканоміку Гаяны і даць жыхарам гэтай дзяржавы беспрэцэдэнтныя магчымасьці. Аднак новазнойдзеная нафта небясьпечным чынам перапляла эканамічны патэнцыял краіны з нацыянальным сувэрэнітэтам.
Нафта там, па ацэнках спэцыялістаў, перавышае запасы ААЭ і некаторых іншых арабскіх дзяржаваў.
І тут у Мадуры ўзьнік новы (стары) плян па далучэньні чужой тэрыторыі. Насельніцтва Вэнэсуэлы складае каля 30 мільёнаў чалавек, у той час як у Гаяне меньш за 1 мільён. Вайскоўцы Мадуры перавышаюць жаўнераў Гаяны ў колькасьці: 123 тысячы да 3 тысячаў адпаведна. Калі чырвоны камрад Нікалас Мадура напярэдадні новых прэзыдэнціх выбараў вырашыць распачаць маленькую і хуткую кампанію па акупацыі гэтай тэрыторыі, яго відавочна будзе чакаць посьпех, калі галасы іншых дзяржаваў, як гэта часта бывае, абмяжуюцца «рашучым асуджэньнем і заклікам да чаго-небудзь-станоўчага».
Вайна на амэрыканскім кантынэнце, на жаль, блізкая.