На рэферэндуме ў Венесуэле ўхвалілі далучэнне часткі Гаяны: будзе вайна?
У Венесуэле на рэферэндуме, які адбыўся ўчора, 3 снежня, ухвалілі далучэнне багатага нафтай рэгіёну суседняй краіны Гаяны. Сітуацыя паміж краінамі абвастрылася пасля таго, як у 2015 годзе на спрэчнай тэрыторыі былі адкрыты багатыя радовішчы нафты і газу. Цяпер усе асцерагаюцца вайны ў рэгіёне, правакаванай уварваннем венесуэльскай арміі.
У Венесуэле на рэферэндуме, які адбыўся 3 снежня, 95 працэнтаў грамадзян падтрымалі намер уладаў уключыць у склад краіны багаты нафтай рэгіён суседняй дзяржавы Гаяны — Эсэкіба (фактычна, дзвюх трацін тэрыторыі Гаяны), паведамляе CNN.
Гэты рэферэндум ініцыяваў прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура, на ім выбаршчыкам было зададзена пытанне пра тое, ці згодныя яны са стварэннем венесуэльскай дзяржавы ў рэгіёне Эсэкіба, прадастаўленнем яго насельніцтву венесуэльскага грамадзянства і «ўключэннем гэтай дзяржавы ў карту тэрыторыі Венесуэлы». За адказ «так» прагаласавала пераважная большасць звыш – 10,5 мільёна чалавек.
Прэзідэнт Гаяны Ірфаан Алі яшчэ да падвядзення вынікаў рэферэндуму паведаміў, што ён расцэньвае такія дзеянні з боку венесуэльскіх уладаў як праяву агрэсіі.
Шэраг прадстаўнікоў Гаяны асцерагаюцца, што ўлады Венесуэлы, якая валодае магутным ваенным патэнцыялам, могуць выкарыстоўваць вынікі рэферэндуму для абгрунтавання ваеннага ўварвання ў Гаяну.
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура заяўляў, што такіх планаў няма, а рэферэндум праводзіцца для таго, каб улады Венесуэлы заручыліся падтрымкай насельніцтва ў магчымых перамовах.
Рэферэндум, які венесуэльскія ўлады называлі кансультатыўным, праводзіўся насуперак рашэнню Міжнароднага суда ААН, які прадпісваў Венесуэле ўстрымацца ад любых дзеянняў па змене сітуацыі ў тэрытарыяльнай спрэчцы з Гаянай.
Тэрыторыя Гаяна-Эсэкіба стагоддзямі з'яўляецца прычынай тэрытарыяльных спрэчак. Каракас заяўляе, што рэгіён адышоў Венесуэле пасля здабыцця краінай незалежнасці ад Іспаніі ў пачатку 1800-х гадоў. Улады Гаяны ў адказ на гэта нагадваюць, што тэрыторыя Гаяны-Эсэкіба ўваходзіла ў склад Брытанскай Гвіяны, якая пасля стала незалежнай Гаянай.
У 1899 годзе трацейскі суд у Парыжы прызнаў тэрыторыю Гаяна — Эсэкіба часткай Гаяны, тады яна была калоніяй Вялікабрытаніі.
Цяпер Венесуэла дамагаецца адмены гэтага рашэння, сцвярджаючы, што яно было несправядлівым.
Зрэшты, Венесуэла ніколі не згаджалася, што згубіла правінцыю. На картах гэтай краіны Гаяна-Эсэкіба заўсёды заштрыхаваная — як спрэчная тэрыторыя.
Канфлікт разгарэўся з новай сілай у 2015 годзе пасля таго, як адна з найбуйнейшых нафтавых кампаній свету амерыканская ExxonMobil адкрыла ў Гаяне-Эсэкіба буйное радовішча нафты і газу на марскіх участках.
Крытыкі рэферэндуму лічаць, што гэта спосаб праверыць народную падтрымку кіруючага ўрада перад выбарамі ў 2024 годзе, а таксама аказаць ціск на міжнародныя суды, каб яны далі Венесуэле поўныя правы на гэтую тэрыторыю.
Улады Гаяны падалі пазоў у Міжнародны суд ААН. Напярэдадні рэферэндуму гэты суд пастанавіў, што Венесуэла не павінна прадпрымаць дзеянняў, якія б аспрэчвалі кантроль Гаяны над тэрыторыяй, але прама не забараніў правядзенне галасавання.
Кіраўніцтва Карыбскай супольнасці выказала падтрымку ўраду Гаяны і заявіла, што рэферэндум з'яўляецца парушэннем міжнароднага права, а таксама тое, што не ўхваляе захоп тэрыторыі іншай дзяржавы.
У адказ на эскалацыю напружанасці ў рэгіёне Бразілія павялічыла ваенную прысутнасць уздоўж сваёй паўночнай мяжы.
ПаводлеВВС, www.currenttime.tv