Венесуэла. Дапамажы краіне — нарадзі шасцёра дзяцей

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура, правадыр мясцовых сацыялістаў, пераплюнуў свайго беларускага калегу, які, як вядома, настойвае на тым, каб кожная жанчына мела тры дзіцяці. 

1548533904_aleksandr_lukashenko_i_nikolas_maduro.jpg

На думку венесуэльскага гаранта, трое дзяцей — гэта нават не мінімум. «У кожнай жанчыны павінна быць шэсць дзяцей! Гэта дапаможа краіне!» — заявіў ён падчас прэзентацыі свайго плана паляпшэння жаночага здароўя ў рамках тэлешоу.

З улікам таго, што краіна знаходзіцца ў стане працяглага крызісу, гэты заклік разглядаюць значна шырэй. За кошт выхавання дзяцей Мадура прапануе жанчынам забыць на эканамічныя праблемы.

Зрэшты, радасць мацярынства наўрад ці кампенсуе венесуэлкам думкі пра дрэннае матэрыяльнае становішча. З-за дэпрэсіі таксама назіраецца недахоп асноўных прадуктаў дзіцячага харчавання і прадметаў медыцынскага прызначэння. За апошні час пагоршылася медыцынскае абслугоўванне. Урад Венесуэлы не публікуе дадзеныя пра дзіцячую смяротнасць з 2017 года, калі ў бюлетэні міністэрства аховы здароўя быў зафіксаваны 30-працэнтны рост дзіцячай смяротнасці за год.

Калі верыць спікерам апазіцыі, заклік Мадура засведчыў, наколькі ён адарваўся ад побыту простых грамадзян, што толькі паскорыць эрозію рэжыму. Таксама мяркуюць, што заява была зробленая не ад добрага жыцця. Сярод 4,5 мільёна венесуэльцаў, якія за апошнія гады збеглі з краіны, прыкладна мільён дзяцей.