А яна ўпартая! Да чарговай гадавіны чарговага Венесуэльскага крызісу
101 год таму Венесуэла ўжо выпрабоўвала цярплівасць міжнароднай супольнасці, ледзь не прывёўшы свет да маштабнага канфлікту.

Сіпрыяна Кастра
Цяпер, калі Венесуэла пагражае вайной сваёй маленькай суседцы Гаяне, што дадасць яшчэ адзін пункт да таго хаосу, у які пагружаецца наш свет, самы час прыгадаць, што сто адзін год таму ўвага чалавецтва была прыцягнутай да той жа Венесуэлы, і баявыя караблі еўрапейскіх дзяржаваў спяшаліся да ейнага ўзбярэжжа, каб пакараць яе за свавольства. Вынікам таго крызісу была змена канцэпцыі амерыканскай знешняй палітыкі, якая прывяла да шэрагу баявых аперацыяў войскаў Злучаных Штатаў на тэрыторыях лацінаамерыканскіх дзяржаваў. А тыя адказалі ростам антыамерыканскіх настрояў, што ў поўнай меры праявілася ўжо пасля Другой сусветнай. Ды й у наш час працягвае адчувацца.
Цяжкае станаўленне незалежнай дзяржавы
Як памятаем з гісторыі французскага ўварвання ў Мексіку, лацінаамерыканскія краіны (так, дзякуй за гэтае паняцце Напалеону ІІІ) любілі пазлоўжываць шчодрасцю еўрапейскіх крэдытораў. Асабліва калі трэ было фінансаваць шматлікія грамадзянскія войны не толькі паміж кансерватарамі і лібераламі, але й проста так — за ўладу. А потым, паколькі вайна, што б нам ні казалі, справа стратная, а не прыбытковая, пераможцы аддаць гэтыя грошы былі, мякка кажучы, не ў стане.
Такая сітуацыя склалася ў пачатку ХХ стагоддзя і ў Венесуэле.
Даўно прайшлі тыя залатыя часы, калі гэтая краіна была агменем паўстання жыхароў Гішпанскай Амерыкі супраць заакіянскай тыраніі, а вялікі Вызвольнік Сымон Балівар бачыў яе часткай новай аб’яднанай Амерыкі. Абраўшы ўласную незалежнасць, краіна адмовілася ад лёсу «Вялікай Калумбіі» (палітычнае ўтварэнне, якое аб’ядноўвала тэрыторыі цяперашніх Калумбіі, Панамы, Венесуэлы, Эквадору, а таксама — часткова, — Пяру, Бразіліі, Гаяны) і ператварылася ў «Маленькую Венецыю» (на гішпанскай мове назва краіны Venezuela значыць «Маленькая Венецыя»). Вялікага ж Вызвольніка рашэннем нацыянальнага кангрэсу адправілі ў выгнанне. Вярнуцца дахаты яму было дазволена толькі праз 12 год пасля смерці — дзеля ўрачыстага перапахавання ў Каракасе.

Сымон Балівар, Francis Martin Drexel, Public domain, via Wikimedia Commons
Праўда, удзел у вялікай палітыцы не дадаваў эканамічных бонусаў. Ад самага пачатку незалежнасці Венесуэла была адной з самых бедных краінаў рэгіёна. Шляхі зносінаў былі развітыя слаба. У краіне існавала толькі адна брукаваная дарога. Нейкае развіццё мелі толькі ўзбярэжныя рэгіёны, пастаўляючы на знешні рынак свойскую жывёлу, скуры і каву.
Сітуацыя ў палітыцы была не лепей. За 70 год з 1829-га па 1899-ты ў краіне сярэдні прэзідэнцкі тэрмін працягваўся два гады. Канечне, змяняльнасць прэзідэнтаў варта вітаць, але такая імклівасць у зменах — гэта ўжо занадта. Што праўда, за шэрагамі прэзідэнтаў магла дзесяцігоддзямі стаяць адна магутная персона, якая і была галоўным лялькаводам венесуэльскай палітыкі. Але і яна не была застрахаваная ад пераваротаў і мяцяжоў, якіх так шмат было ў Венесуэле. Увогуле, палітычную сітуацыю можна ў чымсьці параўнаць са знакамітымі беларускімі с…прэчкамі ў сацыяльных сетках. Толькі ў адрозненне ад нашага варыянту, венесуэльскі суправаджаўся праліццём крыві.
Са знешняй палітыкай таксама ўсё было так сабе. Дакладней, яе практычна не было. Нават войска, праз спадчыну вайны за незалежнасць непрапарцыйна вялікае для такой краіны, як Венесуэла, не было арыентаваным на абарону ад знешніх пагрозаў. Галоўнай ягонай задачай была абарона дзейнага прэзідэнта. Праўда, выконвалася гэтая задача далёка не заўжды паспяхова. Падчас замутні 1892-га краіна шэсць месяцаў праіснавала ўвогуле без ураду.
Першы значны міжнародны крызіс грымнуў у 1895-м. І — вы здзівіцеся! — падставай была спрэчка вакол усё таго ж рэгіёна Эсэкіба. Толькі цяпер падставай крызісу лічаць нафту, а тады вінаватым было старое добрае золата. Не чорнае, а самае што ні на ёсць жоўтае. Жоўтае і бліскучае. Радовішчы якога былі знойдзены на тэрыторыі Эсэкіба.
Глядзіце таксама

Вынікам была перадача справы на разгляд міжнародным арбітражам, які і вынес у 1899-м рашэнне на карысць Брытанскай Гаяны. Чым падклаў міну пад сучаснасць.
Ох, ужо гэты Кастра
У тым жа годзе, калі адбыўся Парыжскі арбітраж, у Венесуэле з’явіўся новы прэтэндэнт на ўладу — Сіпрыяна Кастра. Падобна Цэзару, перайшоўшаму Рубікон, ён перайшоў раку Тачыра, што аддзяляе Венесуэлу ад Калумбіі, і імкліва рушыў на Каракас з войскам, сабраным на схілах Андаў на сродкі ад кантрабанды свойскай жывёлы. 14 верасня ён разбіў у бітве ўрадавае войска, якое ўдвая перавышала ягонае ўласнае. Крыху больш чым праз месяц пасля гэтага ён трыумфальна ўвайшоў у сталіцу. Папярэдні прэзідэнт уцёк з краіны.
Яму дасталася цяжкая спадчына: папярэднія ўнутраныя канфлікты назапасілі гіганцкія пазыкі перад знешнімі крэдыторамі. У дадатак да гэтага, краіна ўяўляла сабой практычна кангламерат разнастайных мясцовых каўдыллё (лідараў у палітычных і эканамічных справах таго ці іншага рэгіёна), якія мала падпарадкоўваліся цэнтральнай уладзе.

Сіпрыяна Кастра
Як чалавек па прыродзе сваёй радыкальны і эксцэнтрычны, Кастра да вырашэння гэтых праблемаў падыходзіў адпаведна: радыкальна і эксцэнтрычна. Каб падпарадкаваць рэгіёны, ён пачаў прызначаць туды чыноўнікаў з цэнтру. Пры гэтым ён абапіраўся як на свае войскі, так і на саюзнікаў сярод каўдыллё.
Іншым каўдыллё заставаўся невялікі выбар: ці прызнаць ліквідацыю сваіх прывілеяў, ці са зброяй у руках выступіць супраць прэзідэнта. Па добрай старой традыцыі, што сфармавалася ў Венесуэле за папярэднія дзесяцігоддзі, значная колькасць каўдыллё абірала менавіта другое. І ў хуткім часе краіна зноў пагрузілася ў грамадзянскую вайну, ці, як тады казалі, «Вызвольную рэвалюцыю» (1901-1903).
Каб перамагчы паўстанцаў, войскі якіх некаторы час нават трымалі ў аблозе Каракас, Кастра павялічыў войска і закупіў вялікія партыі сучаснай зброі, у тым ліку вінтоўкі Маўзера і хуткастрэльныя гарматы Крупа. Даць рады паўстанцам гэта дазволіла. Але гэта паглыбіла другую праблему: знешняй і ўнутранай пазыкі.
Дзеля таго, каб атрымаць фінансаванне, Кастра літаральна сілай прымушаў венесуэльскіх банкіраў выдзяляць яму сродкі. Пры гэтым яшчэ ў пачатку свайго прэзідэнцтва ён наклаў мараторыум на выплаты па пазыках. Зразумела, што банкірам гэта было зусім не да спадобы. Тым больш, што некаторыя банкіры і самі мелі вялікія палітычныя амбіцыі. Адзін з іх, Мануэль Антоніё Матас, нават зрабіўся лідарам «Вызвольнай рэвалюцыі», а іншыя банкіры (і нават буйныя замежныя кампаніі, якія таксама пацярпелі ад дзеянняў Кастра) пачалі фінансаваць паўстанцаў.

Некаторыя лідары рэвалюцыі, генерал Матас сядзіць у цэнтры
Але больш істотным было для далейшага разгортвання падзеяў тое, што сярод венесуэльскіх банкіраў было шмат немцаў. Яшчэ ў XVI стагоддзі сярод першых даследчыкаў тэрыторыі будучай Венесуэлы было шмат прадстаўнікоў нямецкіх банкаўскіх дамоў. Чамусьці немцам прыйшоўся даспадобы гэты куток свету, і да пачатку ХХ стагоддзя асноўная доля фінансаў знаходзіліся менавіта ў іхніх руках. Ды й еўрапейскія немцы мелі свае інтарэсы ў Венесуэле. Напрыклад, сям’я Круп фінансавала пабудову першай чыгункі ў краіне, выдаткаваўшы на гэтую справу 60 млн марак.
У процістаянні з Кастра за ўласныя грошы ў немцаў, акрамя фінансавання рэвалюцыі, была яшчэ адна опцыя: апеляцыя да Нямецкай імперыі. Пабудаваная высілкамі Ота Бісмарка, яна актыўна шукала сваё пачэснае месца ў сістэме міжнародных адносін. Скандал вакол венесуэльскай пазыкі даваў ёй магчымасць зацвердзіцца ў якасці істотнай сусветнай сілы.
Яшчэ ў 1901-м нямецкі ўрад звярнуўся да Кастра з прапановай: а ці не пайсці табе, хлопча, у Гаагу?
Каварныя планы супраць Венесуэлы
Для таго часу гэта не было ні знявагай, ні пагрозай. Немцы (дарэчы, у вельмі сяброўскай форме) запрапанавалі Кастра вырашыць усё мірным шляхам праз міжнародны суд у Гаазе. Кастра не знайшоў патрэбным нават адказаць на гэтую прапанову.
Немцы зразумелі, што мяккімі словамі дамагчыся ад Кастра справядлівасці не ёсць магчымым. І пачалі шукаць больш жорсткія варыянты ўздзеяння на свавольнага лідара Венесуэлы. Спрыяла ім тая акалічнасць, што прадстаўнікі іншых еўрапейскіх нацыяў таксама пацярпелі ад ягоных дзеянняў. Тая ж Брытанская імперыя ад пачатку 1902-га таксама чакала адказу на свае прэтэнзіі, і таксама марна.
Заклапочаныя тым, што іх могуць абвінаваціць у няздольнасці абараніць інтарэсы ўласных грамадзянаў, еўрапейскія дзяржавы пачалі дасылаць да ўзбярэжжа Венесуэлы баявыя караблі як дэманстрацыю сур’ёзнасці сваіх намераў. Яшчэ ў канцы 1901-га там з’явіўся нямецкі крэйсер «Вінета». У першай палове 1902-га да яго далучыліся італьянскі цяжкі крэйсер «Карла Альберта» і дапаможныя крэйсеры «Джавані Баўсан» і «Этна». Бо сярод ахвяраў фінасавай палітыкі Кастра былі і італьянцы.
Кастра пляваў на ўсе гэтыя высілкі вялікіх дзяржаваў Еўропы. Падавалася б, ня самая разумная пазіцыя з боку кіраўніка дзяржавы, якая, па-першае, па вушы сядзіць у грамадзянскай вайне, а па-другое, ваенны флот якой складаецца, пераважна, з цывільных параходаў з усталяванымі на іх гарматамі. Але ў Кастра, як ён сам лічыў, быў на руках моцны козыр: Дактрына Манро. Менавіта яна, а не вялікі прыліў патрыятызму, дазваляла яму паводзіць сябе менавіта такім чынам.
Глядзіце таксама

Спадзяванне на ЗША, аднача, было марным. Злучаныя Штаты працягвалі прытрымлівацца свайго прынцыпу: Дактрына не распаўсюджваецца на спрэчкі вакол фінансавых абавязкаў. Гэта яшчэ раз пацвердзіў амерыканскі прэзідэнт Тэадор Рузвельт яшчэ ў самым пачатку развіцця падзеяў, у 1901-м.
Тым не менш Кастра паводзіў сябе ўсё больш нахабна. У чэрвені 1902-га ягоны флот захапіў брытанскі карабель «Кўін» з падставы, што той перавозіў зброю для антыкастраўскіх паўстанцаў. На гэтым мяккія словы на адрас Кастра зніклі канчаткова, і Брытанія з Нямеччынай пачалі планаваць антыкастраўскія санкцыі ў выглядзе марской блакады венесуэльскага ўзбярэжжа.
11 лістапада гэтыя дзве дзяржавы падпісалі дамову аб сумесных дзеяннях. Амаль праз месяц — 7 снежня — яны накіравалі Кастра ультыматум. Не атрымаўшы, як заўжды, адказу, 9 снежня 1902-га нямецкія і брытанскія баявыя караблі перайшлі да блакады ўзбярэжжа Венесуэлы.
Палітыка кананерак як яна ёсць
Перш за ўсё яны разграмілі «ваенны флот» Кастра. Гэта заключалася, у асноўным, у тым, што немцы і брытанцы на буксіры адцягвалі ўзброеныя венесуэльскія параходы ў мора і там затаплівалі іх. Ці проста размяшчалі на іх свае ўласныя экіпажы. На ліквідацыю флоту Венесуэлы спатрэбілася два дні. Пасля гэтага брытанскі бранепалубны крэйсер «Харыбда» разам з нямецкім крэйсерам «Віента» снайперскім агнём карабельных гарматаў знішчылі артылерыю ўзбярэжнага форта Саляна ў Порта-Кабэё. А яшчэ праз пару дзён да нямецкіх і брытанскіх далучыліся і італьянскія караблі.
У адказ Кастра арыштаваў (фактычна, узяў у закладнікі) дзве сотні немцаў і брытанцаў, якія пражывалі ў Каракасе. Але галоўным было тое, што ён эфектыўна выкарыстаў на сваю карысць патрыятычныя настроі венесуэльцаў. «Нахабная расліна іншаземца апаганіла святую зямлю Радзімы!» — звярнуўся ён да сваіх суайчыннікаў з заклікам даць навале сумесны адпор. І шмат хто адгукнуўся на гэты заклік. У тым ліку, і некаторыя паўстанцы-рэвалюцыянеры. Праўда, іншыя іхнія таварышы працягнулі сваю барацьбу, вырашыўшы, што блакада ўтварае добрыя ўмовы для перамогі над Кастра.

Сіпрыяна Кастра і Вісентэ Гомес аглядаюць войска, 1902
Але больш істотнай для Кастра была не падтрымка з боку венесуэльцаў, а сімпатыі іншаземцаў, якія паступова схіляліся на ягоны бок. Асабліва моцна галасы крытыкаў блакады гучалі ў Брытаніі. Нават пясняр Брытанскай Імперыі Рэд'ярд Кіплінг выступіў з асуджэннем палітыкі ўраду. Не адставалі ад брытанцаў і амерыканцы. Усё часцей у прэсе ЗША сустракаліся заклікі да актывізацыі Дактрыны Манро. Пачаліся размовы, што да ўзбярэжжа Венесуэлы трэба даслаць амерыканскі флот, каб спыніць — не, ужо не свавольства Кастра, а свавольствы тых самых нахабных іншаземцаў, якія лезуць, напляваўшы на Дактрыну, на лацінаамерыканскую зямлю.
Дадатковы вялікі штуршок антыблакадным настроям далі падзеі студзеня 1903-га, якія адбыліся вакол гораду Сан-Карлас. 17 студзеня нямецкая кананерка «Пантэра» падчас пераследу гандлёвай шхуны ў возеры Маракаіба села на мель (венесуэльцы загадзя прыбралі ўсе навігацыйныя знакі) насупраць мясцовага форту, што зрабіла з яе лёгкую мішэнь для берагавой артылерыі. Перад тым, як зняцца з мелі, кананерка атрымала некалькі снарадаў у свой корпус. Па іроніі лёсу, венесуэльцы выкарыстоўвалі для абстрэлу нямецкага караблю нямецкую 80-мм гармату Крупа.
Хоць вынікі артылерыйскай дуэлі былі сціплымі («Пантэра» атрымала пашкоджанні, а на беразе лёгка параненымі былі шэсць чалавек), Кастра зрабіў з інцыдэнту вялікую перамогу венесуэльскай зброі нацыянальнага маштабу.
Нямецкім маракам ад гэтага зрабілася крыху крыўдна. 20 студзеня на дапамогу «Пантэры» падышоў цяжкі крэйсер «Вінета». Ён восем гадзінаў трымаў Сан-Карлас пад агнём сваёй артылерыі. Снарады «Венеты» траплялі ня толькі ў форт, але й у цывільны порт. У выніку на беразе загінула, па розных даных, ад 25 да 40 чалавек.

Гравюра немца Вілі Стаўэра, якая паказвае блакаду венесуэльскіх партоў у 1902 годзе
Навіна пра гэты інцыдэнт мела на грамадствы еўрапейскіх дзяржаваў і ЗША эфект выбуху карабельнага снараду. Вось так проста — без абвяшчэння вайны, без сур’ёзных ваенных падставаў і патрэбаў — абстрэльваць і забіваць мірнае насельніцтва? Дадатковым нюансам было тое, што немцы дзейнічалі без патрэбнага ўхвалення сваёй акцыі з боку брытанскага камандавання, што ўнесла ў шыхты міжнароднай кааліцыі пэўны разлад. Але найбольш істотным наступствам гэтай бамбардыроўкі было тое, што прэзідэнт ЗША Тэадор Рузвельт аддаў загад адміралу Д’юі, які камандаваў злучэннем амерыканскіх караблёў у Пуэрта-Рыка, быць гатовым цягам гадзіны выправіцца да ўзбярэжжа Венесуэлы.

Карыкатура на Сіпрыяна Кастра
Як ні круціся, усе шляхі вядуць у Гаагу
Вось тут справа запахла маштабным і нікому не патрэбным канфліктам. Немцы і брытанцы адразу прыгадалі, што яшчэ ў снежні Кастра быў пагадзіўся перанесці вырашэнне справы ад венесуэльскіх берагоў у міжнародны арбітражны суд у Гаазе. Самому Кастра балюча дапякалі паўстанцы. Акрамя таго, яму далі зразумець, што які б амерыканскі флот не накіроўваўся на ягоную абарону, па пазыках усё роўна плаціць давядзецца.
13 лютага ў Вашынгтоне было дасягнута пагадненне паміж краінамі-крэдыторамі і Венесуэлай (якую, як і ў 1899-м у Парыжы зноў прадстаўляў амерыканец — амбасадар ЗША ў Каракасе). У адпаведнасці з ім Венесуэла пагадзілася выплачваць краінам-крэдыторам тое, што яна была ім віннай, у выглядзе 30% ад мытных збораў двух найбуйнейшых партоў краіны.
Праблема, праўда, была ў тым, што доўг Венесуэлы разоў гэтак у пяць перавышаў ейны сукупны гадавы прыбытак. І нават нягледзячы на тое, што сума доўгу ў працэсе перамоваў была зменшана амаль у паўтары разы, на тое, каб задаволіць усіх крэдытораў, сродкаў відавочна не хапала.
Краіны, якія прымалі актыўны ўдзел у блакадзе і, адпаведна, неслі асноўны цяжар у справе прымусу Кастра да вяртання грошай, лагічна вырашылі, што яны мусяць мець перавагу ў справе выплаты пазыкі. Іншыя краіны, сярод якіх былі і ЗША, з гэтым не пагадзіліся. У выніку справа такі дайшла да суду ў Гаазе.
22 лютага 1904-га суд прыняў рашэнне на карысць тых, хто ўдзельнічаў у блакадзе. З чым зноў катэгарычна не пагадзіліся ЗША. І не таму, што яны траплялі ў «другую чаргу» па грошы. Больш істотным было апасенне, што такое рашэнне справакуе еўрапейскія дзяржавы і ў будучыні выкарыстоўваць падобныя метады ў сваіх разборках з краінамі Лацінскай Амерыкі. Што пагражала, як і ў сітуацыі вакол Венесуэлы, узнікненнем маштабнага канфлікту з уцягваннем у яго Злучаных Штатаў.
Неабходныя высновы і іх наступствы
Як прадэманстраваў досвед Венесуэльскага крызісу, ЗША, вылучыўшы Дактрыну Манро, узялі на сябе нежартоўную адказнасць за ўчынкі лацінаамерыканскіх нацыянальных урадаў. А тыя, у сваю чаргу, успрынялі Дактрыну як абарону на ўсе выпадкі жыцця, у тым ліку — ад патрабаванняў крэдытораў. І мяккія словы на іх у такіх умовах зусім перасталі ўздзейнічаць.
З гэтага прэзідэнт ЗША Тэадор Рузвельт зрабіў выснову: калі ты гаворыш мякка і трымаеш у руках вялікую дубінку, ты пройдзеш куды далей, чым калі проста гаворыш мяккія словы. Гэтую выснову, заснаваную на сваёй ўлюбёнай заходнеафрыканскай прымаўцы, ён агучыў у звароце да амерыканскага кангрэсу ў 1904-м.
У менш метафарычнай і больш канкрэтнай форме Выснова Рузвельта выглядала наступным чынам: Злучаныя Штаты пакідалі за сабой права ўмешвацца ва ўнутраныя справы лацінаамерыканскіх дзяржаваў, калі ўрады гэтых дзяржаваў здзяйснялі абуральныя правіны, якія «паслаблялі сувязі цывілізаванага грамадства».
То бок, ЗША маглі ўводзіць свае войскі ў любую краіну Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейну, калі кіраўніцтва гэтай краіны набірала такую колькасць пазыкаў, што ўжо не магло па іх расплачвацца. Але ня толькі тады. Войскі маглі быць накіраванымі ў выпадку, калі законна абранаму нацыянальнаму ўраду пагражалі паўстанцы. Ці тады, калі дзеянні нацыянальных палітыкаў прыводзілі эканоміку краіны да краху.

Карыкатура на палітыку Тэадора Рузвельта, Аўтар William Allen Rogers. americanhistory.si.edu
Выснова Рузвельта дадалася да Дактрыны Манро і пад назвай «Палітыка вялікай дубінкі» на некалькі дзесяцігоддзяў зрабілася асноўнай канцэпцыяй амерыканскай знешняй палітыкі ў дачыненні да Лацінскай Амерыкі. У выніку яе прымянення з 1904-га па 1933-ці амерыканцы здзейснілі інтэрвенцыі на Кубу, у Нікарагуа, Гаіці, Дамініканскую рэспубліку, нарадзіўшы ў гэтых краінах устойлівыя антыамерыканскія настроі.
Ды й ня толькі ў тых краінах, якія зрабіліся ахвярамі амерыканскіх уварванняў, новая палітыка ЗША прывяла да з’яўлення антыамерыканізму. Альтэрнатывай Дактрыны Манро і высновы Рузвельта магла зрабіцца Дактрына Драга. Яе ў канцы снежня 1902-га, у разгар Венесуэльскага крызісу выказаў міністр замежных спраў Аргенціны Хуліё Драга. У адпаведнасці з ёй, аніводная дзяржава не можа прымяняць сілу супраць лацінаамерыканскай краіны з мэтай вяртання фінансавай пазыкі. ЗША «не заўважылі» гэтай дактрыны, што выклікала да іх негатыўныя пачуцці з боку аргенцінцаў. Праўда, самой Аргенціне «Палітыка вялікай дубінкі» не пагражала, бо нацыянальны ўрад функцыянаваў эфектыўна, а па тэмпах росту эканомікі яна давала фору тым жа Злучаным Штатам (дарэчы, бурны эканамічны рост Аргенціны ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў прывёў да актыўнай міграцыі ў гэтую краіну, у тым ліку, і з тэрыторыі Беларусі).
Антыамерыканскія настроі, выкліканыя Высновай Рузвельта і адпаведнай палітыкай амерыканцаў, прывялі да з’яўлення ў акупаваных лацінаамерыканскіх краінах моцных паўстанцкіх рухаў. З пачаткам Вялікай Дэпрэсіі, якая найбольш балюча ўдарыла менавіта па Лацінскай Амерыцы, кіраўніцтву ЗША пачалі прыходзіць думкі, што і дыпламатыя кананерак, і «Палітыка вялікай дубінкі» не такія ўжо цудоўныя прыдумкі ў стратэгічным плане. У выніку Франклін Дэлана Рузвельт пасля свайго прыходу ў Белы Дом у якасці прэзідэнта адмовіўся ад працягу «Палітыкі вялікай дубінкі», замест гэтага ўвёўшы ў 1933-м новую палітыку — «Добрага суседа». Дарэчы, Франклін Дэлана быў вельмі аддаленым родзічам Тэадора. А вось жонка Франкліна Дэлана — Ана Элеанор Рузвельт — была роднай пляменніцай Тэадора.
Перамены ў знешняй палітыцы ЗША так і ня здолелі выправіць шкоды, нанесенай «Высновай Рузвельта». З чаго, у сваю чаргу, можна зрабіць выснову, што якімі б мяккімі ні былі словы, эфект ад іх можа апынуцца больш станоўчым, чым ад вялікай дубінкі. Можна, канечне, паспрачацца з гэтым. Бо, як дэманструе той жа прыклад з Сіпрыяна Кастра, мяккія словы далёка не заўжды даюць патрэбны вынік. А з іншага боку, калі б Нямеччына і Брытанія мелі цярплівасць, дык уся сітуацыя вакол венесуэльскага доўгу магла пайсці ў больш лагодным кірунку. Але што зробіш: цярплівасць далёка не самая распаўсюджаная ўласцівасць чалавечага характару.
І яшчэ адну выснову можна зрабіць з таго стогадовай даўніны Венесуэльскага крызісу. Як казаў адзін з герояў кінафільму «Людзі ў чорным» у выкананні Томі Лі Джонса: «Заўжды існуе пагроза: касмічныя прамені смерці, аркеліянскі крэйсер на арбіце… Але каб звычайныя людзі не звар’яцелі, яны ні аб чым не павінны ведаць». У фантастычным фільме — можа быць. Але нам акурат істотна ведаць, што заўжды існавалі пагрозы войнаў, тэрарыстычных атакаў, дыктатураў, міжнародных крызісаў, у свеце аніколі не было стабільнасці і ён заўжды каціўся ў бездань. Але пры ўсім гэтым ён працягвае існаваць, а чалавецтва — жыць у ім. Крышачку толькі бянтэжыць, што чалавецтва ў цэлым, можа, і выжывае. Але гэта не тычыцца кожнага індывідууму паасобку. І тым не меней памяць пра мінулыя жахі і катаклізмы, у якіх выжыў свет, дае спадзяванне, што мы таксама выжывем.