Сацыялізм у Венесуэле: прадказальныя праблемы

Левы папулізм, кантроль цэнаў, удушэнне бізнесу непазбежна вядуць да краху эканомікі, падзення міжнароднага прэстыжу. Добра, калі не да грамадзянскай вайны. 



5d4939f1c327f6ce27985fbbe16c7f98_xl.jpg

Некаторы ажыятаж выклікала сёння навіна пра абмежаванне для адной асобы закупаў у прадуктовых крамах двума разамі на тыдзень. У Венесуэле, канечне. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра сетку крамаў Місіі Меркаль — інстытуцыі, створанае ў 2003 г. адмыслова для забеспячэння прадуктамі харчавання першае неабходнасці найменей сацыяльна абароненых слаёў насельніцтва. Месцяцца гэтыя крамы ў бедных раёнах і мусяць прапаноўваць тавары са зніжкамі да 50%.

Як і іншыя падобныя праекты (і досвед Балівіі сярэдзіны 50-х гг. ХХ ст. ёсць таму пацверджаннем), гэтыя крамы амаль ад самога пачатку з'яўляюцца мёртванароджанымі. Пустыя паліцы — іхні звычайны лёс (чаму — здагадайцеся самі). Таму абмежаванне паходаў на экскурсію ў СССР (Светлую Сацыяльную Справядлівасць Рэвалюцыі) двума разамі на тыдзень венесуэльцаў мала турбуе. Таму, у адрозненне ад беларускіх, венесуэльскія СМІ амаль не надалі ўвагі гэтае падзеі.

Значна большую заклапочанасць венесуэльскія СМІ праяўляюць з той нагоды, што пры наведванні тых крамаў, якія не для жабракоў, грамадзяне пры запыце таго ці іншага тавару атрымліваюць стандартны адказ: «Распрададзена». Яны маюць поўную свабоду кожны дзень захадзіць у любыя крамы — садавіны і гародніны, зеляніны, мяса, кулінарыі, аптэкі, кнігарні — і чуць стандартны адказ: «Распрададзена». Можна і не захадзіць у крамы, каб даведацца, ці ёсць у ёй нешта вартае ўвагі. Бо наяўнасць нераспрададзенага тавару бачная здалёк. І нават уначы. Ну, хто жыў ва ўмовах СССР, той ведае.

І ў гэтым таксама няма асаблівае навіны, якая магла б прыцягнуць нейкую ўвагу. Бо дэфіцыт — нармалёвы вынік удушэння бізнэсу (у першую чаргу — малога і сярэдняга) і рэгулявання цэнаў з боку дзяржавы. Дарэчы, з цэнамі ў Венесуэле — той яшчэ анекдот. Нармалёвых (рынкавых) цэнаў даўно ніхто не бачыў, інфляцыя на канец мінулага году (толькі па афіцыйных дадзеных) — 60%. Як у такіх умовах прадаўцы будуць усталёўваць цэны на неабходныя венесуэльцам прадукты ў выпадку (ну, дапусцім такі выпадак) лібералізацыі цэнаў? Думаю, курыца па 1000 даляраў будзе ў Каракасе такой жа звычайнай з'явай, як і ў Маскве пачатку 90-х (як у тым анекдоце).

А ўдушэнне бізнэсу і рэгуляванне цэнаў — гэта нармалёвыя элементы спробаў пабудовы ўтопіі пад назвай «сацыялізм». Вынікамі ж для венесуэльскага грамадства з'яўляюцца роспач і дэпрэсія. Што, праўда, не ратуе ад стыхійных акцыяў пратэсту, якія праходзяць перад пустымі крамамі. І не выратуе ад больш маштабных праяваў незадаволенасці. Ад іх, канечне, маглі б выратаваць свабодныя і справядлівыя выбары, на чым настойваюць прадстаўнікі венесуэльскае апазіцыі (яны — хто б мог падумаць! — нават пачалі збіраць подпісы за адстаўку прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры). Але, як паказаў мінулы год, пакуль рэжым гатовы да сілавога процістаяння з пратэстоўцамі.

Ці надоўга яму хопіць рэсурсу на працяг падобнага курсу — невядома. Можа, на пару-тройку месяцаў. Прынамсі, Карлас Асорыё, венесуэльскі віцэ-прэзідэнт па пытаннях харчовае бяспекі і суверэнітэту, абвясціў днямі, што «ў Венесуэле яшчэ багата ўсяго, дзеля таго каб задавольваць патрэбы венесуэльцаў у студзені-красавіку». Рэзоннае пытанне ўзнікае: калі цяпер — багата, дык што будзе, калі зробіцца «небагата». Чакаць засталося тры з паловай месяцы.

А што робіць у гэты час Мадура — ну, каб вырашыць праблемную і патэнцыйна вельмі небяспечную сітуацыю? А што, ніхто не здагадаўся? Сапраўды, ніхто? Інструментарыюм жа тут вельмі абмежаваны.

Па-першае, трэба абвясціць пра прыняцце новае праграмы, пажадана — доўгатэрміновае (Зроблена: 30 снежню мінулага года Мадура абвясціў пра «Праграму аднаўлення эканомікі», разлічаную на тры этапы — у шэсць месяцаў, два і чатыры гады адпаведна. Плануецца, у тым ліку, падвысіць інвестыцыі ў вытворчасць і сацыяльную сферу, а таксама стварыць свабодныя эканамічныя зоны і «новую мадэль стварэння багацця»).

Па-другое — стварыць новыя дзяржаўныя органы ціску на эканоміку (Зроблена: абвешчана пра стварэнне «Вышэйшага камандавання аднаўлення эканомікі», куды ўвойдуць міністр эканомікі, фінансаў і банкаўскае сістэмы, глава аб'яднання па вытворчасці аграпрадукцыі, кіраўнік аб'яднання па знешнім гандлі, кіраўнік аб'яднання эканамічнае інфармацыі ды іншыя чыноўнікі, у тым ліку — кіраўнік аб'яднання «альтэрнатыўнай сацыяльнай і камунальнай эканомікі». На чале ўсёй установы — сам Мадура. Таксама ўтвораным быў шэраг кантралюючых органаў, у тым ліку: Нацыянальны Цэнтр па харчоваму балансу (Cenbal) і Агульная сістэма маніторынгу забеспячэння (Sica) з мэтай нагляду і кантролю ў сферы вытворчасці і размеркавання прадуктаў харчавання і прамысловых тавараў).

Па-трэцяе — прызначыць новых чыноўнікаў (Зроблена: напрыклад, Нацыянальны Цэнтр знешняга гандлю атрымаў новую раду дырэктараў).

Па-чацвёртае — зрабіць нешта такое, што заінтрыгуе журналістаў (а калі пашчасціць — і грамадскасць) сваёй непаразумеласцю (Зроблена: у выпуску Official Gazette № 40,571 было абвешчана, што Пагадненне па Абмену № 32 будзе надрукаваным у спецыяльным выпуску Official Gazette № 6,167).

І ўсё гэта — дзеля паскарэння пераходу эканомікі да сацыялізму, як абвясціў сам Мадура на сваёй прэсавай канферэнцыі 30 снежню.

Пры поглядзе на гэтыя планы, усім людзям добрай волі робіцца зразумелым, што для «аднаўлення эканомікі» ёсць неабходнай добрая сума грошай. Ну, хаця б каб «інвеставаць у вытворчасць і сацыяльную сферу». А зыходзячы з таго, што формулу сацыялізму можна прадставіць як «улада алігархіі (у першапачатковым сэнсе гэтага слова) мінус магчымасць для людзей працаваць і зарабляць», дык крыніцай грошай могуць быць: а) прыродныя рэсурсы; б) знешнія запазычанні.

З пунктам «а)» усё зразумела. Арганізацыя дзяржаўнага менеджменту і раздутыя штаты нафтаздабываючае кампаніі PDVSA прывялі да падзення прыбытковасці нафтаздабычы яшчэ ў той час, калі кошты на нафту трымаліся вышэй за лічбу «100». Цяпер — усё яшчэ больш драматычна. Дзеля захавання хоць нейкага спадзявання на палягчэнне ў будучыні, Мадура на гэтым тыдні прадпрыняў турнэ па шэрагу нафтаздабываючых краін: Ірану, Саудаўскай Аравіі, Катару і Алжыру. Сёння турнэ мусіць завяршыцца ў Маскве сумеснае заявай Мадуры і Пуціна. Але, пасля таго, як у Саудаўскай Аравіі Мадура на прапанову скараціць здабычу і ўзняць кошты атрымаў цвёрдае «не», сумесная заява прэзідэнтаў дзвюх краінаў, якія больш за іншых ёсць завязанымі на кошты на нафту, выглядае той яшчэ навіной.

З пунктам «б)» таксама ўсё не так добра. Разам з высокімі коштамі на нафту мінулі тыя часы, калі Венесуэла была магнітам і аўтарытэтам для шматлікіх краін рэгіёну, і магла карміць іх вуглевадародамі ў рамках арганізацыі «Петракарыбе». Цяпер усё радыкальна змянілася. І вось ужо суседняя з Венесуэлай краіна — Гаяна — высоўвае прэтэнзіі на тую частку прыбярэжнага шэльфу, якая, у выпадку задавальнення гаянскіх патрабаванняў, можа адрэзаць штат Дэльта Амакура (адзін з найбяднейшых штатаў Венесуэлы) ад простага шляху да Атлантычнага акіяну (і гэта — акрамя запасаў рыбы і іншых марской жыўнасці, а таксама значных радовішчаў нафты і газу).

Застаецца адно спадзяванне. На Кітай. Калі і ён не дасць грошай на працяг сацыялістычнага эксперыменту, гісторыя «Сацыялізму ХХІ стагоддзя» можа завяршыцца ўжо ў гэтым годзе.

І ў гэтым — галоўны аптымізм. Бо, як сведчыць гісторыя, галоўнае ў сацыялістычным эксперыменце — своечасова з яго саскочыць. Іначай пераход спробаў ажыццявіць утопію на практыцы ў хранічную стадыю непазбежна прывядзе да ўсталявання рэпрэсіўнае таталітарнае сістэмы. Пазбегнуць гэтага сцэнару для Венесуэлы — цалкам магчыма, паколькі там захаваліся выбары. А гэта значыць, што народ мае магчымасць прагаласаваць за альтэрнатыўную праграму развіцця і выкруціцца з сітуацыі, хоць і са стратамі ва ўзроўні жыцця, але без вялікае крыві.

У гэтым — таксама ўрок для іншых краін (ну, для тых, якім не пайшлі на карысць іншыя ўрокі, якія дала гісторыя). Сацыялізм — вельмі затратная цацка, і калі закончыцца рэсурс на ягоную пабудову — толькі пытанне часу: якой заможнай не была б краіна. А для краін незаможных небяспечнай ёсць нават спроба пагуляць у сацыял-дэмакратыю. Лацінаамерыканскія краіны такое праходзілі. З той бездані, куды яны паляцелі ў выніку, іх выцягнулі неаліберальныя рэформы. Тыя самыя, якія прыбралі ўплыў дзяржавы на эканоміку і дазволілі людзям працаваць і зарабляць. Тыя самыя, якія прывялі да падзення ўзроўню жыцця значных масаў насельніцтва і стварылі, тым самым, глебу для левага папулізму. Якому пачалі спачуваць і інтэлектуалы — бо як жаж! — сацыяльная справядлівасць мусіць быць! У выніку чаго да ўлады прыйшоў Уга Чавес і пачаў будаваць Сацыялізм ХХІ стагоддзя...

Карацей, гісторыя — гэта цікавая цыклічная штука.

 Яўген Красулін, ucpb.org