Вялікабрытанія. Каралева не паляціць на Шры-Ланку

У першыню за 40 гадоў брытанскі манарх не будзе ўдзельнічаць у саміце лідараў краін Брытанскай садружнасці (альянс краін — былых англійскіх калоній). Апошні раз такі выпадак меў месца ў 1973 годзе. Гэта навіна адразу выклікала шквал інсінуацый наконт стану здароўя каралевы і кандыдатуры яе пераемніка.



elizaveta_turne.jpg

Як вядома, па закону аб спадчыне ім павінен быць прынц Чарльз, хаця большасць брытанцаў сімпатызуюць прынцу Вільямі, старэйшаму сыну Чарльза і прынцэсы Дыяны. Падобныя настроі назіраюцца і ў былых калоніях Брытаніі.

Каралеўская прэс-служба, між тым, сцвярджае, што стан здароўя манарха добры. Аднак з улікам таго, што каралеве 87 гадоў, далёкі пералёт (саміт адбудзецца на Шры-Ланцы ў лістападзе) будзе для яе няпросты.

Навіна пра рашэнне каралевы выклікала задавальненне сярод праваабарончых груп, якія заклікаюць урады краін Брытанскай садружнасці байкатаваць сустрэчу ў Шры-Ланцы. На іх думку, гэта краіна не мае права прымаць саміт з-за парушэння правоў нацыянальнай меншасці тамілаў. У 2009 годзе каля 40 тысяч чалавек былі забітыя вайскоўцамі, што выклікала абурэнне ў свеце. Вядома, што канадскі прэм’ер ужо выставіў умову для свайго візіту на саміт. Ён гатовы прыехаць, калі ўрад распачне крымінальныя справы супраць арганізатараў згаданых вышэй масавых забойстваў тамілаў. Больш жадаючых публічна падтрымаць тамілаў сярод лідараў Брытанскай садружнасці пакуль няма.