Вялікабрытанія: стаўка на тынэйджараў

Як трагедыя ў Манчэстэры паўплывае на ход вельмі незвычайнай выбарчай кампаніі ў брытанскі парламент?

4221396001_5402197859001_5402194677001_vs.jpg

Падобна на тое, што Джэрэмі Корбіна (правадыра лейбарыстаў) і Аляксея Навальнага (лідара расійскай апазіцыі) кансультуе адзін і той жа палітычны тэхнолаг. Такая думка міжволі ўзнікае праз тое, што абодва палітыка працуюць па адной формуле — робяць стаўку на моладзь, індыферэнтную да забабонаў і міфаў дарослай генерацыі.

Навальны здолеў стварыць сабе сацыяльную базу за кошт тынэйджараў і падлеткаў, паколькі яны не ўспрымаюць галоўны тэзіс крамлёўскага агітпропу: «Або Пуцін, або вяртанне ў крывавыя 1990-я». Аналагічна робіць Корбін, з той розніцай, што яго малады электарат абыякавы да жахаў наконт магчымага вяртання Англіі ў 1970-я.

Тэзіс пра тое, што Вялікабрытаніі пагражае падарожжа ў мінулае, стаў папулярным пасля публікацыі чарнавіка выбарчага маніфеста лейбарыстаў. Сапраўды, аўтары дакументу абяцаюць зрабіць так, як было 40 гадоў таму, — а дакладней, перад запускам ліберальных рэформаў Маргарэт Тэтчэр у 1980-м. На практыцы гэта будзе азначаць, што лейбарыстам давядзецца нацыяналізаваць чыгунку, вярнуць падатак на абарот капіталу, вярнуцца да прагрэсіўнай стаўкі падаткаабкладання і гэтак далей. Больш за тое, рэпрыватызацыя па законе будзе немагчымая.

Прачытаўшы тэкст маніфесту, абсалютная большасць палітолагаў паставілі на выбарчых перспектывах лейбарыстаў тлусты крыж. Справа не толькі ў тым, што ідэя адраджэння мадэлі сацыяльнай дзяржавы калібру 1970-х падаецца ўтопіяй. Для большасці дарослых брытанцаў тыя гады не выглядаюць парадызам. Сапраўды, сацыялка 40–50 гадоў таму была вельмі моцнай, аднак нельга забывацца на інфляцыю, тэрор, беспрацоўе, палітычны хаос, калі праз забастоўкі нават адключалі святло. Нездарма якраз у 1970-я гады да Брытаніі прыляпілася мянушка «самы хворы чалавек Еўропы».

Яшчэ адзін аргумент, каб загадзя запісаць лейбарыстаў у лузеры — успаміны пра вынікі выбараў 1983-га. Тады лейбарысты прапанавалі аналагічную па духу выбарчую праграму. Вынікі галасавання аказаліся для партыі катастрафічнымі, не кажучы пра ўнутраны раскол — напярэдадні з партыі сышла правая фракцыя.

Як следства, узнік і набыў папулярнасць жарт: выбарчы маніфест–2017 лейбарыстаў увойдзе ў гісторыю як самая славутая перадсмяротная нататка ў гісторыі. Аднак смяяліся з таго жарту нядоўга. Аказалася, што маладыя людзі ўспрымаюць 1970-я абсалютна інакш, чым дарослыя. Яны нешта чулі або вучылі ў школе пра тое, што тады было несалодка. Аднак той негатыў, у разуменні маладых людзей, кампенсуецца існуючай тады бясплатнай адукацыяй і шырокай дзяржаўнай праграмай будаўніцтва сацыяльнага жылля. Адным словам, 1970-я — гэта крута.

Моладзь пачала сімпатызаваць Корбіну аж да таго, што ў яе асяроддзі пачалася, кажучы на слэнгу тынэйджараў, «дзвіжуха». Паводле сацыёлагаў, калі б сёння ў выбарах удзельнічалі толькі выбаршчыкі, якія маладзей за 40 гадоў, лейбарысты мелі б у парламенце большасць.

Яшчэ больш цікава, што энтузіязм моладзі пачаў паступова перадавацца дарослым. У выніку праграму лейбарыстаў, якую яшчэ ўчора лічылі ўтапічнай і нават вар’яцкай, падтрымалі вядучыя прафсаюзныя цэнтры, накшталт Unite. Пры гэтым ніякай ідэалізацыі 1970-х сярод прафсаюзнікаў няма. Існуе толькі думка — барацьбу за сацыяльныя гарантыі больш эфектыўна весці з наступаючых, радыкальных пазіцый, якія выкладзеныя ў маніфесце.

Рэйтынгі лейбарыстаў пачалі расці. На пачатку кампаніі яны адставалі ад кансерватараў амаль на 20 працэнтаў. Сваю ролю згулялі і памылкі кансерватараў. Іх лідар Тэрэза Мэй вельмі расчаравала аўдыторыю сваёй пазіцыяй наконт слабага фінансавання медычнай сістэмы. Не дапамог апанентам лейбарыстаў і кампрамат, які яны паспрабавалі «зліць» на Корбіна. Мусіравалася яго старое інтэрв’ю, у якім ён адмовіўся асудзіць Ірландскую Рэспубліканскую Армію — баявое крыло руху ірландцаў-каталікоў, адказнае за шмат тэрактаў у тыя ж 1970-я.

Напэўна, сваёй кульмінацыі трэнд дасягнуў 22 мая, калі ва Уэльсе — адным з суб’ектаў Аб’яднанага каралеўства, — лейбарысты сталі самай папулярнай партыяй. У той жа дзень некаторыя СМІ дапусцілі варыянт прыходу Корбіна да ўлады. Больш за тое, частка эканамістаў пагадзілася, што аднаўленне сацыяльнай сістэмы 1970-х у цяперашняй Вялікабрытаніі —  у прынцыпе не такая ўжо і фантазія.

Менавіта ў гэты час у ноч на 23 мая прагучаў выбух у Манчэстэры. Маштаб трагедыі дазваляе сцвярджаць, што яна дакладна паўплывае на выбарчую кампанію. Пакуль усё выглядае так, што апасродкаванымі ахвярамі тэракту будуць менавіта лейбарысты. Тэракт, мяркуючы па існай інфармацыі, зрабіў радыкальны ісламіст. Між тым, у сваім маніфесце лейбарысты прапануюць прымаць усіх жадаючых «уцекачоў», ніяк не абмяжоўваючы іх колькасць і не «дыскрымінуючы» іх. Як следства, тэмп росту даверу да лейбарыстаў можа стаць больш павольным.

У любым выпадку, відавочна, што 8 чэрвеня лейбарысты набяруць больш, чым на папярэдніх выбарах 2015-га. Гэта азначае, што левая фракцыя Корбіна, хутчэй за ўсё, захавае кантроль над партыяй, якая, у сваю чаргу, будзе прапаноўваць радыкальную альтэрнатыву.

Праўда, пакуль хаваць лейбарыстаў рана. Яшчэ незразумела, як адрэагуе на тэракт у Манчэстэры брытанская «шкалата», якая, як сведчыць досвед, здольная выступаць у ролі сапраўднага палітычнага фактару.