У Вялікабрытаніі запрацавала найбуйнейшая ветраная электрастанцыя
Дацкая кампанія Dong Energy 17 мая 2017 года скончыла ў Ліверпульскім заліве ў Вялікабрытаніі будаўніцтва найбуйнейшай у свеце ветранай электрастанцыі Burbo Bank.
Паводле паведамлення кампаніі, у склад другой чаргі электрастанцыі ўвайшлі ветрагенератары магутнасцю восем мегават кожны. Адзін абарот шрубы такога генератара, па дадзеных Dong Energy, можа на 29 гадзін забяспечыць электраэнергіяй адзін дом.
Першая чарга ветранай электрастанцыі Burbo Bank у ліверпульскім заліве Ірландскага мора ўзводзілася з 2000 года і была запушчана ў 2007-м. Яна складаецца з 25 ветрагенератараў магутнасцю 3,6 мегавата кожны; сукупная магутнасць першай чаргі складае 90 мегават. У склад другой чаргі Burbo Bank, запушчанай 17 траўня гэтага года, увайшлі 32 ветрагенератара, удакладняе MIT Technology Review. Яе сукупная магутнасць склала 256 мегават. Такім чынам агульная магутнасць электрастанцыі цяпер складае 346 мегават. Будаўніцтва другой чаргі вялося ў 2016-2017 гадах.
Новыя ветрагенератары таксама з'яўляюцца найбуйнейшымі ў свеце сярод тых, што выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах. Вышыня аднаго ветрагенератара складае 195 метраў. Устаноўкі аснашчаны паветранымі шрубамі з трыма лопасцямі даўжынёй 79,8 метра кожная. Электраэнергія з новай ветраэлектрастанцыі будзе пастаўляцца ў першую чаргу брытанскім спажыўцам, але ў перспектыве магчымыя пастаўкі і на экспарт. Згодна з дзеючым планам, тэрмін службы станцыі Burbo Bank складзе 20-25 гадоў, пасля чаго яе цалкам дэмантуюць.
Вялікабрытанія актыўна займаецца развіццём альтэрнатыўнай энергетыкі. У 2015 годзе краіна займала трэцяе месца ў Еўропе па аб'ёмах выпрацоўкі электраэнергіі ветранымі станцыямі — 13,6 гігаваты. Першае месца ў Еўропе па гэтым паказчыку займае Германія з 44,9 гігаватамі, а другое — Іспанія з 23 гігаватамі. 20-21 красавіка 2017 года Вялікабрытанія на працягу цэлых сутак не выкарыстала электраэнергію, якая выпрацоўвалася вугальнымі электрастанцыямі. Гэта першы такі рэкорд з 1882 года, калі ў Вялікабрытаніі запрацавала першая вугальная электрастанцыя.
Паводле nplus1.ru