Вяртанне ў Трансільванію

Сага «Змярканне» выклікала сярод тынэйджэраў шалёную моду на вампірскую тэму. Якія наступствы можа мець «вампіраманія»?

Каб зразумець, якая істэрыя адбываецца вакол тэмы вампіраў, дастаткова паглядзець вынікі апошняга апытання MTV. Падлеткі абіралі таго, каго лічаць самым прывабным. У першай пяцёрцы — чатыры акцёры, якія зрабілі сябе імёны ў фільмах пра вампіраў.



af44c4c56f385c43f2529f9b1b018f6a.jpg

Сага «Змярканне» выклікала сярод тынэйджэраў шалёную моду на вампірскую тэму. Якія наступствы можа мець «вампіраманія»?
Каб зразумець, якая істэрыя адбываецца вакол тэмы вампіраў, дастаткова паглядзець вынікі апошняга апытання MTV. Падлеткі абіралі таго, каго лічаць самым прывабным. У першай пяцёрцы — чатыры акцёры, якія зрабілі сябе імёны ў фільмах пра вампіраў.
Таксама рэкамендуем наведаць інтэрнэт-форумы. Тут разгарнулася сапраўдная вайна паміж прыхільніцамі вампірскай тэматыкі. Яны падзяліліся на аматараў Эдварда Калена (фільм «Змярканне») і Дэймана Сальваторэ (серыял «Дзённік вампіра»). Адзін сайт нават арганізаваў бітву паміж фанаткамі, спрабуючы высветліць, хто пераможа.
Ажыятаж вакол нашчадкаў Дракулы ўзнік галоўным чынам дзякуючы поспеху «Змяркання».
«Змярканне» (англ. «Twilight») — серыя раманаў амерыканскай пісьменніцы Стэфані Маер. Усё 4 часткі сталі бестселерамі і перакладзены на 37 моваў свету, Агульны тыраж «змрочнай серыі» на сённяшні дзень складае больш за 40 мільёнаў асобнікаў. Пачынаючы з 2008 года серыя экранізуецца. На цяперашні дзень выйшла тры часткі.
Кожная з кніг апісвае падзеі, што адбываюцца з галоўнай гераіняй — Бэлай Свон, якая закахалася ў вампіра Эдварда. Той, у сваю чаргу, вельмі хоча яе крыві і цела, аднак упарта стрымлівае свае памкненні. Героям даводзіцца шмат чаго перажыць перад тым, як яны заключаць шлюб. Напрыканцы Бела ў дадатак нараджае вампіра і сама робіцца аматаркай пасматкаць кроў.
Пра мастацкі ўзровень стужак кажуць рэцэнзіі. Напэўна, самая папулярная з рускамоўных кінааглядальнікаў Лідзія Маслава наступным чынам апісвае свае ўражанні ад адной з серый «Змяркання»: «Калі ў выпадку з іншай культавай дзіцячай пісьменніцай — Джоан Роўлінг і яе Гары Потэрам кінематаграфісты не шкадавалі сіл і сродкаў, каб усё выглядала хораша, багата і чароўна, то з вампірамі Маер яны хутчэй імкнуцца да цынічнага прынцыпу «чым горш, тым лепш», разумеючы, што папулярнасць кніжак у дзяўчынак-падлеткаў забяспечыць добрыя зборы пры любой якасці фільмаў. Тое, што адбываецца на экране, выглядае хутчэй як здзек з няпростых перажыванняў пары, якая то па адных, то па іншых прычынах ніяк не можа канчаткова зліцца ў вечным экстазе».
Аднак да той рэцэнзіі маладым людзям, здаецца, няма справы. У чым загадка феномену, і як можа карціна паўплываць на каштоўнасці новага пакалення?
Каб адказаць на гэта пытанне, патрэбна згадаць, адкуль з’явіліся ў масавай культуры вампіры і прасачыць эвалюцыю іх вобразу.
Вампіры — прадукт фантазіі балканскіх народаў. У іх казках яны выглядаюць вельмі непрывабнымі. Пісаць пра вампіраў літаратараў падштурхнула крымінальнае даследавання эксгумаваных падазраваных у вампірызме Петара Благоевіча і Арнольда Паолэ ў Сербіі ў часы панавання манархіі Габсбургаў.
Адным з першых мастацкіх твораў на гэту тэму быў кароткі верш нямецкага паэта Генрыха Аўгуста Асенфельдэра «Вампір» (1748). Верш меў выразны эратычны падтэкст: мужчына, чыё каханне набожная дзяўчына адмаўляе, пагражаў наведаць яе сярод ночы і выпіць яе кроў. Такім чынам ён хацеў давесці, што яго ўрокі лепш, чым хрысціянства яе маці.
Пасля былі іншыя творы. Пераваротам у жанры стаў твор «Вампір» (1819), які напісаў сябра лорда Байрана Джон Полідары. Вобраз вампіра лорда Рутвена быў змаляваны з Байрана. З тых часоў усе вампіры сталі, як правіла, рамантычнымі сексуальнымі арыстакратамі.
Пэўным рысай вампірскай літаратуры ХІХ стагоддзя з’яўляецца «Вампір Варні» (1847). У гэтай гісторыі мы маем першы прыклад стандартнага сюжэту, калі вампір залазіць праз акно да дзяўчыны, якая спіць. Гэты сюжэт набыў такую папулярнасць, што дзяўчаты спецыяльна адчынялі вокны, каб вампір падараваў ім пацалунак і забраў з сабой з бацькаўскага дому.
Цэльную фігуру вампіра стварыў Брэм Стокер ў рамане «Дракула». Ён дадаў да вобразу вампіра і яго свету вельмі важныя кампаненты — гатычную эстэтыку, вялікую фізічную моц і містыцызм. Таксама вампірызм у Стокера становіцца сродкам пратэсту супраць мадэрнізму, пэўнай элітарнай формай захавання інтымнасці.
У 1980-я гады ў вампірскай літаратуры з’явілася версія пра тое, што сваімі здольнасцямі вампіры абавязаны асаблівасцям сваёй крыві. Вампіры пачынаюць разглядаюцца не як нябожчыкі, а як асобны від жывых істот, якія жывуць побач з людзьмі.
Стэфані Маер зрабіла новы ход. Вампіры ў творах серыі «Змярканне» адрозніваюцца ад стандартных уяўленняў: ім не прыносіць шкоды ні часнок, ні святая вада. Сонечнае святло толькі прымушае іх скуру свяціцца. Акрамя таго, ёсць вампіры звычайныя і тыя, якія смокчуць кроў жывёлаў.
Праўда, гэта яшчэ далёка не фінал. Тэма вампіраў інтэнсіўна развіваецца. Так, у кнізе «Empire V» Пялевіна вампір прадстаўлены сінтэзам чалавечага цела і крыві, здольнай пазнаваць думкі і перадаваць іх гаспадару.
Вяртаючыся да «Змяркання», большасць культуролагаў лічаць, што сакрэт папулярнасці кнігі і яе экранізацыі закладзены ў формуле сексуальных адносін герояў. Маладым людзям, асабліва дзяўчаткам, падабаецца, што вампір Эдвард кантралюе свае эмоцыі, стрымлівае інстынкты. Гэта стварае атмасферу вечнага «чакання». У сваю чаргу Бэла ўпарта ідзе да свайго адзінага каханага, нягледзячы на ўсе перашкоды.
Вялікую ролю адыгрывае стыль Маер з бясконцымі апісаннямі «скуры, падобнай да алебастру» і «целаў як статуі прыгажуноў-мужчын». Душная педантычная эротыка пасля 1700 старонак так і застаецца без развязкі. Усё заканчваецца шлюбам галоўных персанажаў і нараджэннем у Белы дзіцяці. Аднак інтымных сцэнаў у кнізе няма. Ёсць толькі рамантыка і каханне, якое, як высвятляецца, можа заставацца бесцялесным, нават без патрэбы ў нейкім фізічным акце.
Менавіта такая сексуальная амаль віктарыянская мараль на фоне падзення нораваў — следства доступу да інтэрнэту — зрабіла фільм культавым. На думку даследчыкаў, галоўная ўстаноўка фільму — эратычная памяркоўнасць і своеасаблівая ідэя выбару аднаго партнёра на ўсё жыццё.
Вампіры сталі ахоўнікамі падлеткавай маралі? Не факт. Ёсць думка, што поспех серыялу забяспечылі занадта нерэалістычныя адносіны Белы і Эдварда, якія выклікаюць папросту смех. Вось што піша тая ж Маслава: «Насуперак уяўленням, што асноўную частку шматмільённага войска прыхільніц Стэфані Маер складаюць плаксівыя дзяўчаткі, на першым расійскім сеансе «Змяркання» стаяў жыццярадасны смех, які пераходзіў у асабліва гамерычны рогат на самых рамантычных момантах «кіданняў» галоўнай гераіні. Усё традыцыйна абмежавалася спробай расшпіліць хоць пару гузікаў на беламармуровых грудзях каханага, які выяўляў цуды маральнай устойлівасці».