Выбары без Навальнага

Прысуд Аляксею Навальнаму, які цяпер не мае права ўдзельнічаць у расійскіх прэзідэнцкіх выбарах 2018 года, мяняе іх фармат. Пра магчымыя сцэнары кампаніі НЧ распавядае маскоўскі журналіст Дзмітрый Люблін.

Фота www.aple-at-the-tab.livejournal.com

Фота www.aple-at-the-tab.livejournal.com

— Аляксей Навальны прызнаны вінаватым у буйным крадзяжы лесу ў Кіраўскай вобласці і асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. Згодна з расійскім заканадаўствам, у выбарах не можа ўдзельнічаць той, хто мае судзімасць па «цяжкім» артыкуле. Паводле такога якраз і засудзілі Навальнага. Навошта Крамлю было прыбіраць апазіцыянера, які быццам бы прайграе кандыдату Крамля плюс дапамагае вырашыць пытанне яўкі і стварыць выбары?

— Праблема яўкі на выбарах ва ўмовах пуцінскай «кіруемай дэмакратыі» сапраўды крытычная. Сацыялогія сведчыць, што на выбарах у Думу ў мінулы верасень галасавала толькі 48 працэнтаў выбаршчыкаў. Прычым, тады была хоць нейкая інтрыга, паколькі, акрамя выбараў па партыйных спісах, былі яшчэ і мажарытарныя акругі. На месцах шмат незалежных кандыдатаў кінулі выклік прадстаўнікам ад вядучых партый, і людзі пайшлі галасаваць. Пакуль ажыятажу вакол выбараў 2018-га няма, і скандальны і папулярны ў інтэрнэце Навальны мог сапраўды часткова палітызаваць публіку.

У сувязі з гэтым ёсць думка, што Пуцін, зняўшы Навальнага, вырашыў сам стаць Навальным: пачаць буйную кампанію супраць карупцыянераў. У любым выпадку, я пакуль не веру ў версію, што мы не пабачым твар Навальнага на білбордах у 2018-м. Дарэчы, сам ён заявіў, што рыхтуецца ісці на выбары.

— Калі не будзе Навальнага, хто з апазіцыйных палітыкаў можа прэтэндаваць на ролю галоўнага дэмакратычнага кандыдата? Якія ў іх шанцы? Ці магчымы адзіны кандыдат?

— Цяпер найбольш высокія шанцы ў Грыгорыя Яўлінскага — лідара партыі «Яблоко». Аднак у вачах прадстаўнікоў маладога сярэдняга класу, касцяку электарату расійскіх дэмакратаў, Яўлінскі — чалавек мінулага. У яго перамогу не верыць нават шмат хто сярод аднапартыйцаў.

Яшчэ ёсць партыя ПАРНАС з Міхаілам Касьянавым. Хаця ПАРНАС праваліў думскую кампанію, Касьянаў дае зразумець, што разглядае магчымасць удзелу ў выбарах у наступным годзе. Праблема ў тым, што ў Касьянава і Навальнага — адзін электарат, а апошні моцна пасварыўся з лідарам ПАРНАСу. Што тычыцца магчымасці адзінага кандыдата: час ад часу падобныя плёткі гуляюць па старонках прэсы, аднак пакуль «Яблоко» рашуча супраць блокаў праз адсутнасць адзінай палітычнай павесткі.

— Нельга не заўважыць, што працэс над Навальным адбываўся на фоне актывізацыі групоўкі Вячаслава Мальцава — радыкальнага антыпуцінскага палітыка, якога лічаць, на самай справе, чалавекам Крамля, які працуе на дыскрэдытацыю апазіцыі.

— Сапраўды, так званы Рух «14%» нарошчвае актыўнасць. Мальцаў ужо абвясціў, што збіраецца ісці ў прэзідэнты. З іншага боку, пакуль не зразумелая задача кампаніі. Мальцаў, паводле яго словаў, барацьбу з рэжымам бачыць як нарастаючую лавіну вулічных акцый, якая павінна дасягнуць кульмінацыі 5 лістапада 2017 года. Такі падыход выключае ўдзел у выбарах у якасці зарэгістраванага кандыдата. Цікава, што месцам акцый Мальцаў заклікаў рабіць помнікі Леніну, якія ёсць фактычна ў кожным горадзе Расіі.

— Ці магчымы варыянт, калі Пуцін адмовіцца ад чацвёртага тэрміну на карысць пераемніка?

— Вылучэнне Пуціна будзе залежаць ад шматлікіх фактараў: стану кансэнсусу ў расійскай эліце, міжнароднай сітуацыі, ступені дэманізацыі яго ў заходніх медыя, дзе Пуціна ўсё часцей параўноўваюць з Асадам. На цяперашні дзень такі варыянт, як аперацыя «пераемнік», не выключаны. Праўда, існуе шмат інструментаў, якія могуць дазволіць Пуціну кантраляваць прэзідэнцкую вертыкаль, не будучы фармальна кіраўніком краіны.

— У выпадку падзення рэйтынгу напярэдадні выбараў 2018 года, ці будзе Пуцін здольны пайсці на геапалітычныя авантуры?

— Пакуль адзінай пляцоўкай для такой правакацыі можа быць Украіна. Там лёгка справакаваць украінскія войскі на нейкія аперацыі супраць непрызнаных рэспублік, што адразу выкліча выбух патрыятызму ў расійскім соцыуме, які можна будзе канвертаваць у галасы выбаршчыкаў. Аднак пакуль не зразумела, што будзе на Данбасе і ва Украіне праз год. Напэўна таму Пуцін пакідае Мядзведзева на пасадзе прэм’ера. Яго ўрад апошнім часам вельмі непапулярны праз антысацыяльныя заканадаўчыя ініцыятывы, накшталт нежадання ўздымаць мінімальны заробак. За кошт адстаўкі Мядзведзева ўлада на нейкі час можа палепшыць імідж. Мяркую, трэба пачакаць сустрэчы Трампа і Пуціна, якая не толькі вызначыць схему міжнародных адносінаў, аднак і моцна паўплывае на розныя моманты выбарчай гонкі.