Выбухі ў Дняпры і новая расійская ваенная тэхніка на ЗАЭС

У Дняпры сёння, 23 жніўня, чулі некалькі выбухаў. Пасля гэтага ў горадзе і вобласці абвясцілі паветраную трывогу.

2762181.jpg

Мэр Дняпра Барыс Філатаў пацвердзіў выбухі ў горадзе. «Калі ласка, заставайцеся ў сховішчах. Ужо ёсць факты падзення абломкаў ракет на прыватныя дамы. Дэталі пазней. Чакаем афіцыйную інфармацыю ад ваеннай адміністрацыі», — напісаў ён.

«Было чуваць некалькі выбухаў. Усе ў сховішча. Не ігнаруйце сігнал паветранай трывогі», — пішуць СМІ.

Мясцовыя Telegram-каналы паведамляюць пра клубы дыму ў горадзе. Афіцыйнай інфармацыі пра прычыны выбухаў пакуль няма. Кажуць таксама, што над горадам працавала СПА.

Нагадаем, ва Украіне сёння — Дзень сцяга, а ўлады Расіі даўно імкнуцца прывязваць ваенныя аперацыі да пэўных дат. ЗША папярэджваюць Украіну, што Расія ў бліжэйшыя дні рыхтуе ўдары па грамадзянскай інфраструктуры і дзяржустановах.

Амбасада ЗША заклікала сваіх грамадзян пакінуць Украіну ў сувязі з пагрозай ракетных удараў: «Дзярждэпартамент валодае інфармацыяй, што Расія нарошчвае намаганні для нанясення ўдараў па грамадзянскай інфраструктуры Украіны і ўрадавых аб'ектах у найбліжэйшыя дні».


Расійскія войскі працягваюць назапашваць ваенную тэхніку на тэрыторыі Запарожскай атамнай электрастанцыі: 22 жніўня завезлі яшчэ 2 БТР і 6 спецыяльных грузавікоў.

Пра гэта паведаміў украінскі «Энергаатам» у сваім Telegram: «Рашысты назапашваюць тэхніку на тэрыторыі Запарожскай АЭС і павялічылі колькасць вайскоўцаў на станцыі. 22 жніўня ў рамонтную зону станцыі акупанты дадаткова завезлі два БТР і шэсць спецгрузавікоў».

Цяпер, паводле даных НАЭК, усяго на тэрыторыі станцыі дыслацыруюцца больш за 40 адзінак ваеннай тэхнікі.