Вынікі расследавання парламента Францыі: Марын Ле Пэн — агент Крамля
Следчая камісія парламента Францыі прыйшла да высновы, што партыя «Нацыянальнае аб'яднанне» — гэта «трансмісійны рэмень» Расіі.

У Францыі следчая
камісія парламента прыйшла да высновы, што правапапулісцкая партыя «Нацыянальнае
аб'яднанне» (былы «Нацыянальны фронт») з'яўлялася рупарам Расіі, піша «Нямецкая хваля».
У агучаных у чацвер, 1 чэрвеня, вытрымках даклада, падрыхтаванага камісіяй паводле вынікаў шматмесячнага расследавання, гаворыцца, што на момант незаконнай анексіі ўкраінскай паўвыспы Крым у 2014 годзе партыя шматразовага кандыдата ў прэзідэнты Францыі Марын Ле Пэн перайшла на «расійскія фармулёўкі» і ператварылася ў «трансмісійны рэмень Расіі».
У дакладзе, прынятым 11 галасамі супраць 5, Марын Ле Пэн, якая ўзначальвае фракцыю Нацыянальнага аб'яднання ў парламенце, называюць «несумленнай» і «палітызаванай».
Правая папулістка Ле Пэн, якая доўгі час узначальвала «Нацыянальнае аб'яднанне», заявіла, што ў дачыненні да яе вядзецца «палітычны працэс», і назвала даклад парламенцкай камісіі «пустым».

Кантакты паміж правымі папулістамі і Расіяй
Афіцыйная публікацыя даклада запланавана праз некалькі дзён. У агучаных цяпер вытрымках сцвярджаецца, што заявы Нацыянальнага аб'яднання з нагоды анексіі Крыма «слова ў слова паўтаралі афіцыйныя фармулёўкі пуцінскага рэжыму».
У дакуменце адзначаецца, што кантакты паміж Расіяй і Нацыянальным аб'яднаннем усталяваліся ўжо даўно, але з прыходам на пасаду старшыні партыі Марын Ле Пэн «стратэгія ідэалагічнага і палітычнага збліжэння паскорылася і замацавалася», паміж прадстаўнікамі партыі і асобамі ў Расіі ўсталяваліся прыватныя кантакты.
Пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў канцы лютага 2022 года адбылося «паслабленне прарасійскіх пазіцый «Нацыянальнага аб'яднання».

Кантакты Марын Ле Пэн з Расіяй знаходзіліся пад агнём крытыкі падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта Францыі.
Падчас кампаніі 2017 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правёў з Ле Пэн сустрэчу, якая доўжылася паўтары гадзіны, што з'яўляецца незвычайным жэстам у дачыненні да кандыдата ў прэзідэнты іншай дзяржавы.
Раней Ле Пэн назвала легітымнай расійскую анексію Крыма ў 2014 годзе.