Інтрыгі Дома Ле Пэн

Францыя жыве рэгіянальнымі выбарамі, якія пачаліся 22 сакавіка. Марын Ле Пэн рыхтуецца да рашучай бітвы за прэзідэнцтва. А тым часам у яе з’явілася сур’ёзная канкурэнтка — пляменніца Марыён. 



snimok_ekrana_2014_03_24_v_13_54_22.png

Марын Ле Пэн

Выбары ўжо зараз можна лічыць гістарычнымі. Яны стануць самымі гендарна роўнымі выбарамі ў французскай гісторыі. Кожная партыя паводле новай рэдакцыі выбарчага кодэксу павінна прапанаваць выбаршчыкам два спісы. Адзін з іх узначальвае мужычына, другі — жанчына. Гэта норма павінна павялічыць прадстаўніцтва жанчын у рэгіянальных саветах. Нягледзячы на рэвалюцыйныя змены, гендарная тэма мала цікавая выбаршчыкам. Стаўка на гэтых выбарах значна большая. Выбары ў дэпартаментах дапамогуць лепш зразумець контуры прэзідэнцкай кампаніі 2017 года, і перш за ўсё высветліць шансы Марын Ле Пэн, лідара партыі «Нацыянальны фронт» (FN).

Адпаведна апытанням, FN можа разлічваць на 30 працэнтаў галасоў. Галісты і лібералы, якія склалі кааліцыю, адстаюць ад партыі Марын прыкладна на 1–2 працэнты. У сацыялістаў, якія фармуюць цяперашні ўрад, каля 20 працэнтаў, і, хутчэй за ўсё, яны страцяць каля 40 дэпартаментаў, якія кантралююць цяпер. Прычына такой сітуацыі — не толькі кепскі стан эканомікі, але і сыход левых партый у апазіцыю да ўраду Франсуа Аланда. У любым выпадку, усе палітолагі прызнаюць, што Марын Ле Пэн удалося давесці да выбаршчыка думку пра тое, што менавіта FN складае рэальную альтэрнатыву партыям левага і правага істэблішменту, якія дыскрэдытавалі сябе за часы знаходжання пры ўладзе.

marine_le_pen_245043k.jpg

Марын Ле Пэн

Натуральна, у Марын, як у кожнага палітыка, хапае праблем. У шэрагу раздражняльнікаў таксама нечаканы інтарэс грамадства да яе пляменніцы — 25-гадовай Марыён Марышаль Ле Пэн, чыя зорка пачынае ззяць усё мацней. Прынамсі, зараз 92 працэнты французаў ужо ведаюць, хто такая Марыён і сочаць за яе кар’ерай. Жоўтая прэса захапляецца тым, як яна апранаецца і паводзіць сябе на публіцы. У правінцыі ёй ужо далі мянушку «Supernova», што можна перакласці як «суперпачатковец».

Інтарэс таблоідаў да Марыён таксама звязаны з тайнай яе біялагічнага бацькі. Афіцыйна бацька Марыён — Самуэль Марышаль, былы муж Ян Ле Пэн  — другой дачкі Жан-Мары Ле Пэна, заснавальніка FN. Аднак на момант нараджэння Марыён ён ужо не жыў з яе маці. Сама Ян Ле Пен упарта адмаўлялася называць імя сапраўднага бацькі дачкі, што штурхала прэсу перыядычна капацца ў сямейнай таямніцы. Нарэшце ў 2012 годзе часопіс «L’Express» заявіў, што сапраўдны бацька Марыён — былы дыпламат Ражэр Ок. У адказ рэдакцыя атрымала ад сям’і іск у суд за ўмяшанне ў прыватнае жыццё. Аднак у верасні мінулага года Ражэр памёр, пакінуўшы пасля сябе ліст, у якім сапраўды прызнаў бацькоўства. Таксама ў перадсмяротным лісце ён напісаў, што сустракаўся пры жыцці з Марыён і рэгулярна дапамагаў дачцэ.

marion_le_pen_002.jpg

Марыён Марышаль Ле Пэн

Нават калі б Ражэр сапраўды дапамагаў Марыён, памер дапамогі непараўнальны з той, што аказаў Марыён яе дзед. Ён выдаў унучцы пуцёўку ў вялікую палітыку. Сваю палітычную кар’еру Марыён пачала будаваць яшчэ ў дзіцячым узросце, калі Жан-Мары выкарыстаў яе для палітычнай рэкламы. На плакатах «Нацыянальнага фронту» падчас рэгіянальных выбараў 1992-га была выяўлена 9-гадовая Марыён у абдымках дзеда пад надпісам: «Бяспека важней за свабоды».

Як толькі Марыён споўнілася 18 гадоў, патрэбных у Францыі для балаціроўкі ў дэпутаты, дзед запісаў яе ў партыю і адправіў кандыдатам на камунальныя выбары. Першы блін не атрымаўся камяком — Марыён набрала 6 працэнтаў. У 2010 годзе дзед дабіўся яе прысутнасці ў партыйным спісе «Нацыянальнага фронту» ў адным з рэгіёнаў (за гэта спіс у выніку прагаласавалі 8 працэнтаў). Некаторыя партыйцы тады пратэставалі, але Жан-Мары катэгарычна заявіў: «Ёй (Марыён) трэба вучыцца». Нарэшце ў 2012 годзе, дзякуючы зноў жа патранату дзеда, малады палітык перамагла на адной з акруг у Паўднёвай Францыі і стала самым маладым дэпутатам у гісторыі Французскай рэспублікі, не паспеўшы нават атрымаць універсітэцкі дыплом юрыста.

Яшчэ праз два гады Марыён пачала ўсё гучней заяўляць пра сябе і настолькі асмялела, што паспела пасварыцца з прэм’ер-міністрам у зале парламенту, назваўшы яго «дурнем».

Самая цікавая тэма для прэсы — адносіны паміж пляменніцай і цёткай. Ле Пены не выносяць смецце за межы сям’і, аднак, калі меркаваць па рыторыцы Марыён, яна не цалкам падзяляе думкі цёткі, якая ўсё больш выкарыстоўвае сацыяльна-папулісцкую рыторыку і фліртуе з Пуціным. Марыён, наадварот, лічыць сябе каталічкай, ліберал-кансерватарам і нават прыхільніцай напалеонаўскіх традыцый. Палітолагі пішуць, што яна хутчэй выказвае забабоны прадстаўнікоў сярэдняга класа пра тое, што дзяржава не дае ім цалкам рэалізаваць свой патэнцыял.

З іншага боку, нельга забываць, што Марыён вырасла ў сям’і без бацькі, і менавіта Марын дапамагала сястры выхоўваць дзіця. Акрамя таго, Марыён з’яўляецца чальцом арганізацыі сяброўства «Расія — Францыя», і нават была запрошаная з візітам у Дзярждуму Расіі ў 2012 годзе. Прэса піша, што яна сімпатызуе такому ідэйнаму накірунку, як «новыя правыя», расійскі філіял якога ўзначальвае вядомы апалагет пуцінскай палітыкі Аляксандр Дугін. Іншымі словамі, глебы для ідэалагічных скандалаў паміж роднымі, быццам, і няма.

Нягледзячы на ўсё гэта, калі меркаваць па тону публікацый, французская прэса чакае вялікіх інтрыг сярод чальцоў дому Ле Пэн. І магчыма, гэты падобны на раманы Марыса Друона серыял будзе цягнуцца яшчэ доўга. У верасні мінулага года ў Марыён нарадзілася дачка Алімпія, якая, па словах прэсы, можа працягнуць сямейную палітычную дынастыю.