Выбары — справа далікатная

29 сакавіка Узбекістан у чарговы раз пераабірае на пасаду прэзідэнта Іслама Карымава. Гэтым разам Іслам Абдуганіевіч балатуецца ад ліберал-дэмакратаў. Хаця, магчыма, выбары 2015 года — апошнія выбары па правілах Карымава.



original3.jpg

У адрозненне ад Беларусі, дзе гарант пазіцыянуе сябе як беспартыйны, яго узбекскі калега не цураецца слова «партыя». Прычым прэзідэнт трымае цэлы гарэм партструктур, адна з якіх перад выбарамі выконвае функцыю «любімай жонкі», атрымліваючы ганаровае права — афіцыйна высунуць Карымава на вышэйшую пасаду ў дзяржаве. Спачатку фаварыткай Карымава была Кампартыя, якую ён прамяняў на Народна-дэмакратычную партыю. Пасля яму спадабалася Нацыянальна-дэмакратычная партыя «Фідакарлар». Гэтым разам Іслам Абдуганіевіч балатуецца ад ліберал-дэмакратаў. Яшчэ правам вылучыць Карымава валодае Сацыял-дэмакратычная партыя Узбекістана «Адалат».

Цяжка зразумець сэнс шматпартыйнасці ў аўтарытарнай краіне, паколькі большая частка насельніцтва партыі не ідэнтыфікуе, а самі арганізацыі пачынаюць актыўнасць толькі падчас выбарчых кампаній.

Там не менш, тыя кандыдаты, якія наважацца стаць апанентамі дзеючага прэзідэнта на выбарах, маюць права сустракацца з працоўнымі калектывамі дзяржаўных прадпрыемстваў і навучальных устаноў. Прычым іх адміністрацыя абавязаная нават забяспечыць масоўку, і ў дадатак вылучыць некалькі чалавек для выступаў. Акрамя таго, абавязковы выступ старшыні мясцовай рэгіянальнай выбарчай камісіі. Асноўны лейтматыў выступаў на «апазіцыйных» акцыях — заклікі прыйсці на галасаванне і прасоўванне ідэі, што правядзенне выбараў на шматпартыйнай і альтэрнатыўнай аснове сведчыць аб тым, што ў краіне захоўваюцца прынцыпы дэмакратыі, а нацыянальная выбарчая сістэма цалкам адпавядае міжнародным нормам.

Прэзідэнцкая кампанія Карымава выгадна дысанансавалі з кампаніямі яго апанентаў. Іслам у гэты час наведваў мерапрыемствы па адкрыцці новых аб’ектаў, зарабляючы сімвалічны капітал. Але гэтым разам усё змянілася. Падчас кампаніі 2015-га 78-гадовы Карымаў мала з’яўляўся на публіцы. Дыялог з электаратам ён кампенсуе абсалютным дамінаваннем у СМІ. Нягледзячы на тое, што ўсім кандыдатам, у адпаведнасці з заканадаўствам, павінна надавацца роўнае права на выкарыстанне СМІ, у рэальнасці гэтага няма. Паводле падлікаў АБСЕ, звычайна падчас прэзідэнцкіх кампаній пра Карымава распавядаюць 80 працэнтаў усіх перадвыбарных сюжэтаў на тэлебачанні.

Фармаванне выбарчых камісій ідзе па закону «Аб Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Узбекістан», згодна з якім «старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі абіраецца па прадстаўленні прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан». Папярэдні старшыня ЦВК — Абдусаломаў — праславіўся тым, што за ўвесь час не даў журналістам магчымасці задаць ні аднаго загадзя не ўзгодненага пытання.

На выбары ва Узбекістане людзей заганяюць так званыя «махалі» — саветы грамадзян, якія займаюцца мясцовымі пытаннямі, і ў тым ліку размяркоўваюць дзяржаўныя сродкі. Менавіта пагроза пазбавіцца нейкіх ільготаў і пайкоў, вымушае узбекаў выконваць свой грамадзянскі доўг. Цяжка сказаць, наколькі яны робяць гэта актыўна, аднак яўка 90 працэнтаў характэрныя для фінальных пратаколаў выбаркамаў. Гэта здзіўляе ўзбекаў, бо вядома, што некалькі мільёнаў грамадзян Узбекістана знаходзяцца на заробках за мяжой. А гэта 12–18 працэнтаў ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Цяжка ўявіць, што ўсе гастарбайтэры на выбары спецыяльна вяртаюцца дадому, каб прыняць удзел у галасаванні. Праўда, ЦВК на гэта прынцыпова ўвагі не звяртае.

Калі верыць сведкам, старшыні выбарчых камісій абавязаныя стаяць каля кабінкі для галасавання і інструктаваць выбаршчыкаў, за каго трэба галасаваць. Вітаецца практыка, калі выбаршчык галасуе за ўсіх сямейнікаў і нават суседзяў. Каб атрымаць бюлетэні для галасавання, дастаткова паказаць запрашэнне. Галасаваць можна не адзін раз. Рэкорд быў пастаўлены на выбарах 2005 года, калі адзін з журналістаў у якасці эксперыменту прагаласаваў на адным і тым жа участку тры разы за дзве гадзіны, пакуль сябры камісіі не западозрылі нейкі падман.

З улікам таго, што ў краіне шмат палітвязняў, асаблівая ўвага надаецца сітуацыі ў месцах зняволення, якія пераво­дзяць на асаблівы рэжым. У турмах за некалькі дзён да выбараў уводзіцца каранцін на сустрэчы і на перадачы, які цягнецца яшчэ некалькі дзён пасля выбараў. Таксама перад выбарамі пачынае дзейнічаць асаблівы памежны рэжым: зачыняюцца межы з суседнімі краінамі, у прыватнасці, з Таджыкістанам і Казахстанам, а невялікім прыватным гатэлям у турыстычных гарадах Узбекістана загадваюць прыпыніць сваю дзейнасць да заканчэння выбараў.

Вось як праходзяць выбары па-ўзбекску. Хаця, магчыма, выбары 2015 года — апошнія выбары па правілах Карымава. Салідны ўзрост прэзідэнта робіць пытанне пра пераемніка ўсё больш вострым. Рашэнне гэтага пытання, урэшце, будуць вымушаны ўзяць у свае рукі прадстаўнікі яго блізкага атачэння, як гэта было ў суседнім Туркменістане пасля смерці Туркменбашы. Хутчэй за ўсё, пры новым узбекскім гаранце нейкія з апісаных правілаў цяперашняга выбарчага працэсу знікнуць або з’явяцца новыя, хаця сутнасць выбараў дакладна застанецца такой жа.