Балівар не выцягне дваіх

Крызісная Расія, якая загразла ў міжнародных санкцыях, ужо не гатовая «за так» расставацца са сваімі грашыма. Падобна на тое, што час «грошаў у абмен на пацалункі» заканчваецца. Зараз Масква прапануе толькі ўзаемны «пацалунак».



838_474599914eae7.jpg

Для спакойнага жыцця Беларусі зараз, а не заўтра, трэба як мінімум два з паловай — тры мільярды долараў. Іх, як заўсёды, мы хочам узяць у Расіі. Але пакуль што гэта не вельмі атрымліваецца.

Лукашэнка за апошні час неаднаразова заляцаўся да Пуціна. Першы раз ён паляцеў у Сочы акурат пасля маштабнай прэс-канферэнцыі, якая доўжылася сем гадзінаў. Гэты візіт быў пададзены як «кароткатэрміновы адпачынак», але ў ім была запланаваная сустрэча з кіраўніком Расіі. Зразумела, што Лукашэнка хацеў паразмаўляць пра крэдыт. Аднак вынікам сталі не грошы, а перамовы ў «нармандскім фармаце».

Яшчэ раз Лукашэнка наведаў Маскву 3 сакавіка, дзе прайшоў Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы. Вынікам стаў нейкі незразумелы «антыкрызісны план», які падпісалі прэм’еры Беларусі і Расіі. Прычым, падпісалі так, што далі гэтаму плану яшчэ паўгады на адшліфоўку. А яшчэ Аляксандр Рыгоравіч атрымаў з рук кіраўніка Расіі ордэн Аляксандра Неўскага. Уганараваны ім ён быў яшчэ з нагоды свайго 60-годдзя ў мінулым годзе, але «ўзнагарода знайшла героя» чамусьці толькі зараз. І, між іншым, гэты ордэн не дае амаль ніякіх прывілеяў тым, хто ім узнагароджаны, апроч улічэння факту ардэнаноснасці судом пры прызначэнні пакарання і амністыі.

Зараз Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаюцца ў чарговы раз — у Астане, у межах «тройкі» Мытнага саюза, разам з Нурсултанам Назарбаевым. Гэтае пасяджэнне планавалася правесці ў пятніцу, 13 сакавіка. Аднак дзень, як па прыкмеце, выйшаў няўдалы — захварэў Пуцін, і сустрэчу перанеслі на тыдзень, на 20-е. Бакі павінны абмеркаваць пытанні «паглыблення ўзаемнага гандлю і эканамічнага ўзаемадзеяння трох краін, развіццё тэндэнцый у сусветнай эканоміцы, а таксама сітуацыю ва Украіне». На гэтае абмеркаванне дэманстратыўна не запрасілі яшчэ аднаго з нядаўняга часу сябра Еўразійскага Эканамічнага саюза — Арменію і праігнаравалі кандыдата на ўступленне ў ЕАЭС — Кыргызстан. Маўляў, дарослыя дзядзі спачатку самі разбяруцца, што рабіць, а ўжо потым можна паслухаць і іншых.

Што тычыцца Беларусі, то наша патрэба даўно агучаная і зразумелая — $2,5 мільярда мінімум, а калі магчыма, то і больш. Таму што перад прэзідэнцкімі выбарамі восенню 2015 года неабходна хаця б «стабілізаваць сітуацыю», а па-максімуму так падкарміць электарат, каб з упэўненасцю ў вачах у чарговы раз заявіць, што «крызіс мы пераадолелі».

Але вось незадача. Падкормкі патрабуе не толькі наш электарат. Назарбаеў прыслухаўся да голасу Асамблеі народу Казахстана і тых, хто, па яго словах, «штодня яму піша сотні лістоў» з прапановай застацца на пасадзе, і ўсё ж такі прызначыў у Казахстане датэрміновыя пазачарговыя прэзідэнцкія выбары.

Эканамічная сітуацыя ў Казахстане падобная да беларускай. Дэвальвацыя тэнге там прайшла ў мінулым годзе, але не напрыканцы, як у нас, а напачатку. Казахскія эканамісты кажуць, што новая дэвальвацыя патрэбная Казахстану вось ужо зараз. Знешнія пазыкі Казахстана, па дадзеных на 30 верасня 2014 года (больш свежых дадзеных на сайце Нацбанка Казахстана папросту няма) склалі $155,2 мільярда. Эканоміка Казахстана вельмі залежыць ад коштаў на нафту, і менавіта таму Назарбаеў прызначыў датэрміновыя прэзідэнцкія выбары: ён баіцца, што да 2016 года нафта патаннее настолькі, што «казахскі эканамічны цуд» не вытрымае.

Такім чынам, Расіі, мажліва, прыйдзецца фінансаваць не адну прэзідэнцкую кампанію ў гэтым годзе, а дзве — і ў Казахстане, і ў Беларусі. Прычым, у Казахстане давядзецца яе фінансаваць больш і хутчэй, таму што выбары Нурсултана Абішавіча прызначаныя на 26 красавіка. Яму грошы патрэбныя першаму. Бо калі дэвальвацыя ў Казахстане сапраўды адбудзецца зараз, як кажуць тамтэйшыя эксперты, то ні пра якія выбары гаворка не ідзе, а яны ўжо прызначаныя.

Між тым, не вельмі спрыяльная для сяброўскіх крэдытаў сітуацыя і ў самой Расіі. У яе менавіта на суседнія выбары — на першы квартал года, і на апошні, — прыпадаюць пікі плацяжоў па ўласных знешніх пазыках. Выплаты ў кошт пагашэння знешняга доўгу РФ у нацыянальнай і замежнай валюце ў першым квартале 2015 года, як чакаецца, складуць каля $43,1 мільярда і яшчэ $67,2 мільярда — выплаты ў 4-м квартале.

Канешне, сума беларускага крэдыту ў $2,5 мільярда для Расіі не такая ўжо і вялікая. Але справа ў тым, што Мінск просіць гэты крэдыт у вельмі нязручны для Масквы час. Маскве спачатку трэба разруліць сітуацыю з уласнымі выплатамі, потым разабрацца з нечакана ўзніклай праблемай у Казахстане, а ўжо потым можна будзе звяртаць увагу на Беларусь.

Таму Аляксандр Рыгоравіч на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў абмен на пацалункі атрымаў ордэн, а не грошы. І ўвогуле, як паведаміў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў, пытанне прадастаўлення крэдыту Мінску на гэтым пасяджэнні не абмяркоўвалася.

Ці выцягне Расія, абцяжараная і сваімі праблемамі, партнёраў па ЕАЭС? Не надарвецца?