Замежныя СМІ пра Беларусь: 24–31 кастрычніка

У траўні гэтага года на бішкекскі саміт СНД не прыляцеў Лукашэнка. Таму некаторыя палітолагі пазітыўна ўспрынялі тое, што Атамбаеў не выправіўся на саміт. Беларусь адмахваецца, калі гаворка заходзіць аб экстрадыцыі Бакіева. Лукашэнка адкрыта выступае ў падтрымку Бакіева. Таму наш прэзідэнт мае рацыю: з якой нагоды яму ляцець туды? Іх прэзідэнт таксама адсутнічаў у ходзе Бішкекскага саміту. Мы таксама павінны навучыцца дэманстраваць сваю пазіцыю на знешнепалітычнай арэне.  «Gezitter» (Кыргызстан)



smi4.jpg

Лукашэнка працягвае і развівае надзвычай зневажальны для Расіі калійны скандал. Нягледзячы на капітуляцыю Масквы, нягледзячы на яе згоду адправіць гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера пад варту, абы закладніка вярнулі з Мінска ў Расію, кіраўнік сяброўскай дзяржавы ўсё роўна яго не аддае, патрабуючы яшчэ і пару мільярдаў долараў у якасці пакрыцця сваіх «стратаў». Мала таго, днямі распаўсюдзіліся чуткі, быццам беларускія спецслужбы спрабавалі выкрасці ў Маскве аднаго з топ-менеджараў «Беларуськалія», які ўцёк у Расію. Такі рэальны побыт Мытнага саюза. Дык каго вінаваціць? Тых, хто з вялікай выгадай для сябе эксплуатуе крамлёўскі міф пра новы Савецкі Саюз? Ці ўсё ж тых, хто за гэты аджылы міф працягвае чапляцца?
«Росбалт» (Расія)
На думку шэрагу беларускіх экспертаў, крызіс у Беларусі ўжо наступіў, пра што сведчыць не толькі скарачэнне экспарту прадукцыі прамысловасці, але таксама тэмпы інфляцыі, адток капіталу і кваліфікаванай рабочай сілы, а таксама мноства іншых фактараў. Шэраг расійскіх экспертаў мяркуе, што Аляксандр Лукашэнка дарэмна спрабуе ўскласці адказнасць за падзенне курсу беларускага рубля на насельніцтва, а за падзенне коштаў на калійныя ўгнаенні — на новую стратэгію «Уралкалія», якая абумоўлена тэндэнцыямі на сусветным рынку. 
REGNUM (Расія)
Украінскі патэрналізм у дадзены момант заслугоўвае асаблівай увагі: ён цікавы сваёй дынамікай і зменамі. Ён адрозніваецца ад беларускага патэрналізму крайнім сцвярджэннем сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Тое, што можа сабе дазволіць Украіна, не можа сабе дазволіць Беларусь, беларусы і Лукашэнка. Беларускі патэрналізм абапіраецца і ўпіраецца ў штучны рэжым, залежыць ад яго ў аднабаковым парадку, што вымушана стварае прыцягненне беларусаў да Расіі, знішчае этнічны код, які мае векавую еўрапейскую культуру. Гэтыя падзеі — агідныя. Беларусь стала палянай для танцаў маргінальных неаінтэгратараў, якія высеклі дрэвы маладой нацыі, кінуўшы іх у полымя сваіх геапалітычных фантазій. Ці спыталі гэтыя неаінтэгратары ў народа наконт стварэння новай прыступкі еўразійскай інтэграцыі. Рэферэндум цяпер не патрэбны? Ці ён патрэбны, толькі каб спытацца, ці можна Лукашэнка ў чарговы раз зрабіць сябе прэзідэнтам? Хто стварае новую адзіную геапалітычную і эканамічную прастору, і як у гэтым стварэнні ўдзельнічае народ, народы, грамадства і чалавек? Ці 20-я гады мінулага стагоддзя так нічому і не навучылі сучасную ўладу?
«Главком» (Украіна)
Саміт у Мінску паказаў, што ў Мытным саюзе існуе мноства ўнутраных супярэчнасцяў і без пытання ўступлення новых краін у дадзенае эканамічнае аб’яднанне. Падобна на тое, што кіраўнікі Беларусі і Казахстана больш чым дбайна ставяцца да лідзіруючай ролі Расіі ў гэтым саюзе. Сёння ў рамках МС разгарнулася сапраўдная вайна амбіцый. Заява Лукашэнкі пра інтарэсы Азербайджана, прапанова Назарбаева па Турцыі сведчаць аб тым, што ўжо сёння, на стадыі станаўлення, у МС бушуе канфлікт інтарэсаў і сур’ёзнае супрацьстаянне паміж яго чальцамі. Гэта ставіць пад сумнеў будучыню Мытнага саюза.
«Голос Армении» (Арменія)